Арганізацыя Беларускіх Нацыяналістаў (АБН), створана ў 1940 годзе ў Варшаве, як нелегальная арганізацыя. Летам 1941-га перанесла сваю дзейнасьць у Беларусь. Па некаторых зьвестках, у 1942 г. АБН налічвала 500 чалавек. На яе чале стаяў Цэнтральны Камітэт. Старшыня ЦК АБН - Янка Станкевіч. АБН вяла перамовы з польскай падпольнай Арміяй Краёвай аб супрацоўніцтве, «польска-беларускай федэрацыі» й нават аб стварэньні беларуска-польскіх партызанскіх аддзелаў. Аднак кантакты з польскім супрацівам не далі ніякага выніку. У 1943 годзе АБН увайшла ў падпольнае Беларускае Нацыянальна-Дэмакратычнае Аб'яднаньне (БНДА) ды была ў ім галоўнай сілай. На жаль, пакуль невядома, чым займаліся АБН і БНДА, акрамя кантактаў з палякамі. Пасьля гібелі ў сьнежні 1943 года ў Менску Вацлава Іваноўскага і выезду ў Чэхію Янкі Станкевіча, АБН-БНДА фактычна спыніла сваё існаваньне. Многія сябры арганізацыі, якія працавалі ў грамадзянскай адміністрацыі й школьніцтве, летам 1944 г. падаліся на Захад. Тыя нешматлікія, што засталіся на Бацькаўшчыне, маглі далучыцца да Руху Супраціўленьня, які арганізоўвала Беларуская Незалежніцкая Партыя.