Беларуская Нацыянал-Сацыялістычная Партыя (БНСП), арганізацыя нацыяналістаў, якая дзейнічала ў Заходняй Беларусі ў 1930-х гадах. Арыентавалася на Нямеччыну. Утворана ў 1933 годзе. У яе кіраўнічае ядро ўваходзілі: Фабіян Акінчыц (старшыня), Уладзіслаў Казлоўскі (рэдактар і выдавец партыйнага воргану газэты «Новы шлях»), Альбін Стэповіч, Павал Арцішэўскі, Лявон Дубейкаўскі, Канстанты Юхневіч, Алёйзы Пецюкевіч і Антон Сапко. Кіраўніцтва БНСП распрацоўвала ідэялёгію, імкнулася пашырыць сетку партыйных арганізацый (моцныя пазыцыі ў БНСП былі на Стаўпеччыне). У 1937 годзе БНСП была забароненая польскімі ўладамі. Частка сяброў на чале з Ф.Акінчыцам у 1938 г. выехалі ў Нямеччыну. У 1940 г. БНСП на чале з Ул.Казлоўскім нелегальна дзейнічала пад летувіскай уладай у Вільні. У ліпені 1941-га Казлоўскі аднавіў дзейнасьць БНСП, але немцы яе забаранілі. Са сьмерцю Ф.Акінчыца і Ўл.Казлоўскага ў 1943 г., а таксама з уступленьнем М.Ганько ў Беларускую Незалежніцкую Партыю, БНСП спыніла сваё існаваньне.

Паведаміць пра недакладнасьць