Вітушка Міхал (1907 - ?), беларускі палітычны й вайсковы дзеяч, генэрал, кіраўнік Беларускага Рэзыстансу ў другой палове 1940-х - 50-х гг. Скончыў Клецкую й Віленскую гімназыі (1930). Вучыўся ў Пражскім унівэрсытэце й у Варшаўскім політэхнічным інстытуце. Уваходзіў у кіраўніцтва Аб'яднаньня Беларускіх Студэнцкіх Арганізацый і Асьветнага Таварыства Беларусаў у Варшаве. У 1939-40 гг. быў начальнікам міліцыі ў Нясьвіжы. У жніўні 1941 года Вітушка - адзін з камандзіраў аддзелаў Беларускай самаабароны на заходнебеларускім Палесьсі, якая праводзіла сумесную з Палескай Сеччу УПА антыбальшавіцкую вайсковую апэрацыю. Арганізатар беларускай паліцыі ў Менску, да восені 1941 г. быў намесьнікам каменданта паліцыі Дз.Касмовіча. Арганізоўваў аддзелы Беларускае самааховы на Браншчыне, Смаленшчыне й Магілеўшчыне (1942-43). На Смаленшчыне аддзелы Вітушкі і Касмовіча зьдзейсьнілі сапраўднае цуда, ачысьціўшы многія раёны ад савецкіх партызанаў. Вітушка ўваходзіў у Цэнтральны камітэт Беларускай Незалежніцкай Партыі, а таксама ў кіраўніцтва Беларускай Народнай Самапомачы. Напрыканцы чэрвеня 1944 г. ён удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе, быў сярод арганізатараў плянаванага антынямецкага паўстаньня, мэтай якога было абвяшчэньне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.
Зь лета 1944 г. Вітушка - афіцэр дэсантнага батальёна «Дальвіц», маёр Беларускай Краёвай Абароны. Па адных зьвестках, 17 лістапада 1944 г. ён дэсантаваўся на Віленшчыне на чале атрада парашуцістаў. Аднак ужо 7 студзеня 1945 г. нібыта быў забіты ў баю з аддзелам Чырвонай Арміі. Па іншых зьвестках, у лістападзе 1944 г. пад прозьвішчам Вітушкі дэсантаваўся іншы афіцэр. Сам жа Міхал Вітушка ў Беларусі зьявіўся пазьней. Найбольш актыўную дзейнасьць у Беларусі генэрал (гэтую рангу ён атрымаў ад ЦК БНП у 1944 г.) Вітушка распачаў у 1946 г. Ён здолеў арганізаваць беларускі партызанскі рух у цэнтральнай і заходняй Беларусі ў Беларускую Вызвольную Армію (найбольш пашыраная назва - «Чорны Кот»). Вітушка кіраваў і БНП на Бацькаўшчыне, рэдагаваў часапіс «За волю». Пасьля спыненьня партызанскае барацьбы, працягваў дзейнічаць у Беларусі й Летуве, кіраваў збройным падпольлем. Пазьней перабраўся на Захад.