Гелда Іван (1897-1946), беларускі вайсковы дзеяч, камандзір дэсантнага батальёна «Дальвіц». Паходзіў з Беласточчыны. У 1919-20 гг. ваяваў супраць бальшавікоў у складзе арміі генэрала Ст.Булак-Балаховіча. У міжваенны час жыў у Польшчы, на Беласточчыне, прымаў удзел у беларускім нацыянальна-вызвольным руху. Быў актыўным сябрам Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Арыштоўваўся польскімі ўладамі. На пачатку 1939 г. Гелда ўдзельнічаў у нелегальнай канфэрэнцыі грамадоўцаў у Баранавічах. Ратуючыся ад НКВД, увосень 1939 г. перабіраецца на тэрыторыю Польшчы, акупаваную немцамі. У ліпені 1941 г. вярнуўся ў Беласток. Працаваў рэферэнтам мясцовага Беларускага камітэта. У 1943 г. Іван Гелда арганізоўвае беларускія вайсковыя аддзелы для абароны насельніцтва ад савецкіх і польскіх партызанаў. Сябра БНП, удзельнік канфэрэнцый нелегальнай Грамады. У траўні 1944 г. з групай вайскоўцаў Беластоцкага беларускага батальёну Гелда быў арыштаваны гестапа за прыналежнасьць да падпольнай БНП. Вызвалены напрыканцы чэрвеня 1944 г. Аддаў загад сваім жаўнерам і афіцэрам ісьці ў Белавежскую пушчу з мэтай арганізацыі антысавецкай партызанкі. Частка вайскоўцаў Беластоцкага батальёна загад Гелды выканала.

З ліпеня 1944 г. Гелда - камандзір дэсантнага батальёна «Дальвіц», які ва Ўсходняй Прусіі рыхтаваўся да партызанскае дзейнасьці на Бацькаўшчыне. У 1945 г. быў уведзены ў склад Беларускай Цэнтральнай Рады. Удзельнічаў у нелегальнай канфэрэнцыі БНП у красавіку 1945 г. у Бэрліне. На прапанову грамадоўцаў перабрацца на Захад, Гелда адказаў: «Я хачу прысьвяціць усё сваё жыцьцё збройнай барацьбе за вызваленьне Беларусі». У траўні 1945 г., калі батальён «Дальвіц» быў абкружаны чэскімі партызанамі, маёр Гелда аддаў загад беларускім вайскоўцам скласьці зброю. У чэрвені 1945 г. ён быў арыштаваны чэкістамі. Праходзіў па справе кіраўніцтва БНП. Па прысуду бальшавіцкага суда быў павешаны ў Беластоку (?).

Паведаміць пра недакладнасьць