Грынкевіч Станіслаў (старшы, 02.02.1902-25.07.1945), беларускі палітычны дзеяч, актыўны дзеяч Нацыянальнага Рэзыстансу пад час Другой сусьветнай вайны. Паходзіў з в. Новы Двор Сакольскага пав. Гарадзенскай губ. Скончыў медыцынскі факультэт Пазнанскага ўнівэрсытэту, мэдык-псыхіатар. У 1931-36 гг. - віцэ-старшыня ЦК Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі. Арыштоўваўся польскімі, савецкімі (у 1941 г. уцёк з транспарту) і нямецкімі ўладамі. Пад час нямецкай акупацыі быў сябрам Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Вільні, падтрымоўваў сувязь з польскім падпольлем. Адзін з кіраўнікоў і ідэолагаў Беларускага Супраціўленьня, імкнуўся ўзьняць нацыянальны партызанскі рух. Па адных зьвестках, разам з а. Гадлеўскім заснаваў Беларускую Незалежніцкую Партыю, па-іншых, меў кантакты з Арганізацыяй Беларускіх Нацыяналістаў. Летам 1944 г. застаўся ў Беларусі, быў арыштаваны НКВД. 18 траўня 1945 г. ваенным трыбуналам Беларуска-Літоўскай ваеннай акругі Грынкевіч быў прыгавораны да расстрэлу і ў ліпені таго ж году расстраляны ў Магілеве. Ёсьць зьвесткі, што Ст.Грынкевіч памёр у турме ў Менску.