У першыя пасьляваенныя гады Рада БНР дзейнічала нелегальна. У сакавіку 1946 г. у Рэгензбургу (Зах. Нямеччына) М.Абрамчык правёў сход беларускіх дзеячоў, на якім прад'явіў свае паўнамоцтвы. Рада была папоўнена новымі сябрамі й быў выбраны ўрад БНР на чале з Абрамчыкам. 28 сьнежня 1947 г. на 2-й сэсыі Рады БНР у Остэргофэне было афіцыйна абвешчана пра яе аднаўленьне. Быў адзінагалосна прыняты статут Рады, у якім яе асноўнай палітычнай задачай абвяшчалася «адбудова незалежнай беларускай дзяржаўнасьці на ўсіх землях, якія ў 1917-1918 гадах належалі да беларускага этнаграфічнага абшару». Рада БНР была аб'яўлена адзіным законным прадстаўніцтвам беларускага народу. Абавязкі старшыні Рады выконваў прэзыдэнт БНР.
Ці не першым выступам Рады БНР на міжнароднай арэне ў пасьляваенны час быў мэмарандум, накіраваны ад імя Рады ў 1946 г. на мірную канфэрэнцыю ў Парыжы. Ён быў падпісаны й «упаўнаважаным прадстаўніцтвам ураду БНР», якое нібыта ў той час нелегальна дзейнічала ў Беларусі й кіравала «змаганьнем беларускага народу супраць расейска-бальшавіцкай акупацыі». Ёсьць зьвесткі, што трэцяя частка сябраў Рады БНР жыла ў БССР. Аднак наколькі рэальным было «прадстаўніцтва Рады БНР» і ці мела яно ўплыў на партызанскі рух - невядома.
У 1951-52 гг. амэрыканскімі сьпецслужбамі былі перакінутыя ў Беларусь шэраг сябраў Рады БНР, якія, аднак, былі арыштаваныя дзяржбясьпекай. Актыўныя захады па падтрыманьню сувязі з антысавецкім Супрацівам у БССР Рада БНР рабіла да сярэдзіны 1950-х гг. У апошнія гады Раду БНР, якая папоўнілася маладымі палітыкамі, ачольвае Івонка Сурвілла. З 1997 г. дзейнічае Эўрапейскі сэктар Рады БНР.