Сенька Ўладзімір (21.07.1918-02.02.1997), беларускі вайсковы дзеяч. Нарадзіўся ў м. Новы Сьвержань. Скончыў Стаўпецкую гімназыю й Віленскі ўнівэрсытэт, быў сябрам Беларускага Студэнцкага Саюзу. Выпускнік польскай школы афіцэрскага рэзерва ў Замброве (Польшча). У 1940-41 гг. працаваў настаўнікам у Заходняй Беларусі. Пад час нямецкай акупацыі Сенька быў начальнікам паліцыі Нясьвіжскага павету, сябра Беларускай Незалежніцкай Партыі. З 1944 г. - на эміграцыі. Пасьля вайны працаваў у разьведцы нямецкага бундэсвэра, меў рангу маёра. Рэдагаваў па нямецку бюлетэні-штоквартальнікі пра становішча ў Беларусі для нямецкага навукова-дасьледчага інстытута, а па-беларуску - газэту «Жыве Беларусь!». Сябра Беларускага Вызвольнага Руху, Замежнага Сэктара БНП, а пасьля - Беларускага Вызвольнага Фронту. Магчыма, удзельнічаў у падтрыманьні нелегальных каналаў сувязі з партызанамі на Бацькаўшчыне. У студзені 1963 г. Міністэрства замежных спраў СССР бязпасьпяхова дамагалася ў нямецкага ўраду выдачы Сенькі, як «ваеннага злачынцы». Памёр у Нямеччыне.

Паведаміць пра недакладнасьць