Сікора Віктар (нар. 12.07.1925), камандзір партызанскага атрада на Пастаўшчыне ў 1945 г. Паходзіць з в. Малыя Алашкі на Шаркаўшчыне. Скончыў 6 клясаў польскае школы, а пад час нямецкай акупацыі - шасьцімесячныя курсы, пасьля якіх у 1942 г. паступіў у Пастаўскую настаўніцкую сэмінарыю. Адзін з кіраўнікоў СБМа ў Паставах.

Зь вясны 1944 г. - сябра Беларускай Незалежніцкай Партыі, кіраўнік Пастаўскае філіі БНП. Летам 1944 г. застаўся ў Беларусі для падпольнай працы. Быў прызваны ў Чырвоную Армію. У лістападзе 1944 г. дэзерціраваў, хаваўся ў родных мясьцінах. Вясной 1945 г. пайшоў у лес, арганізаваў партызанскі атрад, які налічваў некалькі дзесяткаў чалавек. У жніўні 1945 г. здаўся савецкім уладам, быў амнісьціраваны. Жыў пад наглядам у роднай вёсцы. Арыштаваны 5 сьнежня 1945 г., утрымліваўся ў Вялейскай турме. Быў асуджаны па арт. 63-І УК БССР да 10 гадоў пазбаўленьня волі з «паражэньнем у правох» на 5 гадоў. Быў на залатых прыісках ў Якуціі, пасьля - у Тайшэцкім «Азерлагу». У Беларусь вярнуўся напрыканцы 1954 г. Жыве ў в. Малыя Алашкі. 22 траўня 1992 г. Прэзідыюм Віцебскага абласнога суда пастанавіў прыгавор ваеннага трыбунала войск МВД Маладэчанскай вобласьці ад 8 траўня 1946 г. і вызначэньне ваеннага трыбунала Беларускай вайсковай акругі ад 7 жніўня 1956 г. «у адносінах Сікоры пакінуць бяз зьменаў».

Паведаміць пра недакладнасьць