Шкялёнак Мікалай (1899-1946?), беларускі палітычны дзеяч. Адзін з кіраўнікоў Беларускага Рэзыстансу ў гады Другой сусьветнай вайны. Закончыў юрыдычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэта (1930). Уваходзіў у кіраўніцтва Беларускага Студэнцкага Саюзу, рэдагаваў часапіс «Студэнцкая думка». Кіраваў спартыўным аддзелам Аб'яднаньня Беларускіх Студэнцкіх Арганізацый у Вільні. У другой палове 1930-х гг. уваходзіў у незалежніцкую групу а. Гадлеўскага, быў сябрам рэдкалегіі газэты «Беларускі Фронт». Аўтар дасьледаваньняў па гісторыі Беларусі. Уваходзіў у кіраўніцтва Беларускай Незалежніцкай Партыі. З 1940 г. працуе ў Бэрліне, рэдагуе газэту «Раніца». Удзельнік заснаваньня Беларускага Нацыянальнага Цэнтру (Бэрлін, чэрвень 1941 г.).
З пачатку 1943 г. - у Менску. Першы віцэ-прэзыдэнт Беларускае Цэнтральнае Рады. Кіраваў аддзелам прапаганды і прэсы Рады. Адзін з арганізатараў Другога Ўсебеларускага кангрэсу напрыканцы чэрвеня 1944 г. у Менску, выступаў на ім з дакладам. У 1944-45 гг. знаходзіўся ў Бэрліне, кіраваў Калегіяй БЦР. Выдаў чацьверты нумар падпольнага «Бюлетэня БНП».
Вясной 1945 г. разам з групай беларускіх патрыётаў перабраўся ў Польшчу, каб адтуль трапіць у Беларусь з мэтай удзелу ў антысавецкім Супраціве. Быў арыштаваны й павешаны ў Менску (?).