Ахоўныя жывёлы, віды дзікіх жывёл, што выміраюць, знікаюць, рэдкія або колькасць якіх скарачаецца. Таму адстрэл, адлоў такіх жывёл або прычыненне ім шкоды непасрэдна ці праз парушэнне месцаў іх пражывання забаронены. Усе жывёлы, якім пагражае знікненне, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Сярод іх 14 відаў млекакормячых: барсук, гіганцкая і малая вячэрніцы, зубр, паўночны кажанок, мядзведзь буры, вялікая, Натэрэра і сажалкавая начніцы, палятуха звычайная, рысь, арэшнікавая і садовая соні, шыракавушка еўрапейская; 75 відаў птушак: аляпка, арлан-белахвост, арол-карлік, аўдотка, беркут, блакітніца белая, вялікі і малы бугаі, бусел чорны, гагара чорнаваллёвая, гогаль, дзербнік, трохпальцы і зялёны дзятлы, журавель шэры, змеяед, зімародак, каршун чырвоны, крахаль вялікі, крачка малая, кулік-сарока, кулоны вялікі і сярэдні, курапатка белая, лебедзь-шыпун, мышалоў стэпавы, марадунка, барадатая і даўгахвостая няясыці, малая і шэрашчокая паганкі, падворлік вялікі, прасянка, пугач, пустальга, рэмез, сапсан, саракуш шэры, сіпуха, скапа, сявец залацісты, уюрок, ціркушка стэпавая, малая і серабрыстая чайкі, вялікая белая і рыжая чаплі, шулёнак, паганка чырванашыяя, кваква, казарка чырвонаваллёвая, шылахвостка, белавокі нырэц, крахаль даўгадзюбы, сплюшка, сычык вераб'іны, сіваграк, шчурка залацістая, касманогі і дамавы сычы, варакушка, цвыркун салаўіны, саракуш чарналобы, чарацянка вяртлявая, свіязь, падворлік малы, сокал-каршачок, уліт вялікі, чорнаваллёвік, аўсянка садовая, сава балотная, пагоніч малы, паручайнік, гаршнеп, зуёк вялікі; 2 віды паўзуноў: чарапаха балотная, мядзянка; 1 від амфібій: рапуха чаротная; 5 відаў рыб: вусач, сцерлядзь, сырць, стронга ручаёвая, харыус звычайны; 75 відаў насякомых, у тым ліку 6 відаў чмялёў, 3 мурашак, 3 чырванацелаў, 8 жужаляў, 3 стужкі ордэнскія, 2 стафілін, 2 бронзаўкі, 2 лістаедаў, 3 бражнікаў, 4 мядзведзіц, 2 сенніцы, 2 аксамітніц, 5 блакітніц; 1 від малюскаў: жамчужніца звычайная; 5 відаў ракападобных: бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя, рак шыракапальцы. Да ахоўных жывёл Беларусі належаць таксама тыя паляўніча-прамысловыя жывёлы і каштоўныя віды, здабыча якіх забаронена паляўнічым заканадаўствам краіны: алень высакародны, бабёр, глушэц, ласка, лебедзь-клікун, тарпан, янот-паласкун, усе віды лятучых мышэй, сакаліных, соў, дзятлаў, птушак пеўчых і дзённых драпежных, акрамя ястрабаў цецяроўніка і перапёлачніка, чаротавага мышалова. Для падтрымання і памнажэння колькасці ахоўных жывёл устанаўліваюцца пэўныя ўмовы іх здабычы ў навуковых і іншых мэтах, ствараюцца запаведнікі, заказнікі, запаведна-паляўнічыя гаспадаркі.

Паведаміць пра недакладнасьць