Тарас Ніна, нарадзілася 15.05.1916 г. у вёсцы Заполле Наваградскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучылася ў Наваградскай беларускай гімназіі (1930-1934), затым у Віленскай (скончыла ў 1936). Удзельнічала ў рэвалюцыйным руху. У 1937 г. вярнулася ў родную вёску, у 1938 г. пераехала ў Ліду. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі працавала ў лідскай раённай газеце «Уперад». У 1942-1944 гг. - сувязная лідскай спецгрупы партызанскай брыгады імя С.М.Кірава і партызанскага атрада імя Р.І.Катоўскага брыгады імя Ф.Э.Дзяржынскага Баранавіцкай вобласці. Зноў працавала ў райгазеце «Уперад» (1944-1945), была стыльрэдактарам у Дзяржаўным выдавецтве БССР (1945-1946), літработнікам рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі» (1951-1953), літкансультантам пры рэдакцыі газеты «Звязда» ў Менску. У 1957 г. скончыла Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Жыве ў Менску. Сябра СП СССР з 1940 г.

Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі.

Выступаць у друку пачала з 1936 г. (у віленскіх перыядычных выданнях). Аўтар зборнікаў вершаў «На ўсход ідучы...» (1940), «Суніцы» (1946), «Вершы» (1952), «Кветка шчасця» (выбранае, 1958), «Пад белым яварам» (выбранае, 1966), «У тапаліную замець» (вершы і паэма, 1976), «Праметэю прыйду пакланіцца» (1981), «Праз вятры-завеі» (выбранае, 1986). Напісала кніжкі паэзіі для дзяцей «Казкі пра абавязкі» (1955), «Наш бор» (1968). Паасобныя вершы сталі папулярнымі песнямі («Сонца за хмарамі ўранні...»).

Перакладае з расейскай, украінскай, польскай моў.

Паведаміць пра недакладнасьць