Вадзянік (Вадзяны, Вадзяны дзед, Вірнік, Ціхоня)

З нячысцікаў, якія гаспадараць у вадаёмах, неабходна выдзеліць тых, што жывуць у адкрытай чыстай вадзе, таму што яны бліжэй да чалавека, часам нават апякуюць яго амаль з той жа бескарыслівасцю, што і Дамавікі. Такія нячысцікі звычайна завуцца Вадзянікамі. Сярод іх бываюць Вірнікі і Ціхоні, першыя жывуць у рухомай вадзе, а другія - у стаячай (азёрах і ставах). Але гэтая розніца нязначная, адзін і той жа Вадзянік можа займаць бягучыя і стаячыя вадаёмы, абы яны злучаліся адзін з адным.

Па знешнім выглядзе Вадзянік - глыбокі стары сярэдняга росту, з доўгай лапацістай барадою, з такімі ж доўгімі валасамі на галаве ў форме кліна, з гладкай бліскучай скурай, расплывістым тварам, азызлым пузам і непрапарцыянальна доўгімі нагамі, на якіх між пальцаў перапонкі. Акрамя таго і ўсё цела Вадзяніка пакрыта доўгімі валасамі, якія, пры бліжэйшым разглядзе, аказваюцца ці тонкімі струменьчыкамі вады, ці нечым накшталт водарасцяў, што прыліплі да яго скуры. Менавіта ў такім выглядзе Вадзянік паўстае ў момант выхаду з вады: застаўшыся на сушы столькі часу, колькі трэба, каб сцякла вада з цела і прасохла ціна і водарасці, Вадзянік хутка пачынае губляць абрысы, не можа вярнуцца ў ваду і гіне. Тонкі пласт засохлай ціны і водарасцяў, абцягнуты ледзь прыкметнаю плеўкаю, - вось мізэрныя рэшткі загінуўшага Вадзяніка. Але калі такі пласт, нікім не крануты, будзе падхоплены вадою ці ўкінуты ў ваду чалавекам, Вадзянік аджывае і ў апошнім выпадку застаецца ўдзячным за выратаванне, што зможа даказаць, калі яго выратавальнік пачне тапіцца. Вадзянік не толькі не прыме яго як ахвяру, але нават выштурхне на неглыбокае месца, пасуне бервяно, куст і інш. Ды і пазней Вадзянік будзе выказваць падзяку - напрыклад, заганяючы рыбу ў сетку свайго выратавальніка.

Падзяка Вадзяніка адчуваецца і ў наступным: ён прымае чалавека, якім апякуецца, спаць на сваю пасцель, што знаходзіцца на дне вадаёма, прычым на соннага не ўпадзе нават ні кроплі вады. Пасцель Вадзяніка абавязкова ўступаецца нямногім выбраннікам, яна вельмі мяккая, з чароўнай абстаноўкаю: над тым, хто спіць, тонкая, як павуцінне, засень, скрозь якую ён бачыць жыццё раслін і водных жывёл, пераліванне вады, гульні русалак; калі ж чалавек ткне пальцам у гэтае покрыва - вада адразу прасочыцца ў дзірку і залье неасцярожнага...

Вадзянік можа і жартам і па злосці пужаць рыбу каля сетак рыбакоў, раз'язджаючы на сваім любімым кані (соме), рве і выварочвае сеткі і іншыя прылады, раскрывае плаціны на млынах, псуе і зрывае млыны; уважліва пільнуе тых, хто купаецца, падхопліваючы ахвяры між іх, рыбакоў і людзей, якія ўпалі ў ваду па неасцярожнасці, прычым не робіць літасці і скаціне: сеўшы на жывёлу, якая плыве ці валтузіцца ў вадзе, Вадзянік едзе на ёй і сваёй вагою прыціскае яе да дна. Калі ж ён толькі жартуе, дурэе і забаўляецца, то відаць будзе, як у тым ці іншым месцы нечакана заклубіцца вада, усплывуць на паверхню бурбалкі, пачнуць разыходзіцца кругі, а ўночы, пры ціхім надвор'і, пляскае далонямі па паверхні вады ці раве нібы карова, кракае быццам качка, вішчыць і бляе, падобна да вадзяных птушак. У сваю чаргу ў раптоўным разліве невялікай рэчкі і ручая, у напоры іх вады, у каламучанні чыстых дагэтуль водаў даводзіцца бачыць то жарты Вадзяніка, то яго вяселле: пры апошнім не вытрымлівае самая моцная плаціна, млын, і заўсёды тут павінна быць чалавечая ахвяра.

Вадзянікоў параўнальна няшмат - па адным на кожны вадаём: возера, стаў, раку, лужыну, якая не высыхае, калодзеж - і толькі ля млына іх бывае столькі, колькі паставоў, ці вадзяных колаў, на вяршыні якіх Вадзянікі трымаюцца, калі тыя круцяцца. На працягу дня яны звычайна ляжаць, распластаўшыся на дне, і толькі пасля захаду сонца пачынаюць сваю дзейнасць, але ў тыдзень перад Іллёю Вадзянікі дзейнічаюць і ўдзень - іх незразумелае для людзей узбуджэнне асабліва небяспечна ў гэты час.

Як і Дамавікі, Вадзянікі не сыходзяцца адзін з адным як з-за варожасці, так і з-за немагчымасці перамяшчэння па сушы. Таму часта здараецца, што два Вадзянікі - рачны і калодзежны, што жывуць у двух-трох сажнях, ведаюць адзін аднаго завочна, па голасе і плёску вады, размаўляюць, але ніколі не бачацца. Зрэшты, калі б і магчыма было перамяшчэнне Вадзянікоў у чужую вотчыну, яны не маглі б вытрымаць уласцівасцей новай вады. Людзі карыстаюцца гэтым для вываду Вадзянікоў і, злучыўшы канаваю ці каналам два вадаёмы, адначасова знішчаюць двух Вадзянікоў. Акрамя гэтага, Вадзянікоў можна выжываць свістам, якога, як і Лесуны, яны не пераносяць. Не пераносяць і попелу, які сыплюць раніцай у ваду: Вадзянік атручваецца ад попелу, шалёна рвецца ад свісту і заканчвае тым, што разбіваецца аб падводныя завалы. Шаленства Вадзяніка вельмі небяспечна для таго, хто праходзіць па беразе: Вадзянік хапае яго за крысо, пераварочвае лодку з чалавекам і цягне на глыбіню. Калі такі чалавек здолее ўцячы ад Вадзяніка, ён не пазбегне няшчасця на сушы: сухапутны нячысцік адпомсціць за Вадзяніка, асабліва калі пры свісце і насыпанні ў ваду попелу было згадана імя Вадзяніка.

Якім бы чынам ні замучыў Вадзянік сваю ахвяру, ён доўга цешыцца з яе адчайных парыванняў вызваліцца з вады: то падыме на паверхню, дасць удыхнуць паветра, то зноў яшчэ глыбей апусціць уніз, да таго часу, пакуль канчаткова знясіленая ахвяра не ўпадзе на дно. Але і тут Вадзянік працягвае мучыць ахвяру спадзяваннямі магчымага выратавання. Канчаткова забіўшы сваю ахвяру, Вадзянік зганяе да трупа п'явак, ракаў, жукоў, каб тыя здзекаваліся над целам, якое ён кідае, калі дастане душу - яна ідзе на службу да Вадзяніка. Пасінелы труп тапельца сведчыць пра тое, што ахвяра была вельмі цьмянага, нават сатанінскага паходжання. Вадзянік абыякавы да такіх тапельцаў і аддае перавагу ахвяры з чыстаю хрысціянскаю душою. Труп такой ахвяры часта назаўсёды ўтрымліваецца Вадзяніком у ламаччы, у каранях надбярэжных дрэў, між камянёў і інш.

Вадзянік - стары халасцяк, і ў гэтым асаблівае няшчасце жанчын наогул і дзяўчат асабліва: пры сваёй старэчай несамавітасці ён любіць маладосць і прыгажосць. Калі ў яго ўладаннях ужо было некалькі тапельніц, Вадзянік прытрымлівае толькі самазабойцаў, адпускаючы астатніх выпадковых тапельніц. Але і першых ён воляй-няволяй вымушаны бывае адпусціць (труп іх) - гэта суправаджаецца хваляваннем і бушаваннем вады: так хвалюецца Вадзянік. Што ж тычыцца душы самагубцы, яна робіцца Русалкаю, якая трапляе пад суровую ўладу Вадзяніка, з якім вымушана бывае трываць ненавісную сувязь. Вынікам гэтай сувязі бываюць шматлікія нячысцікі, якія, аднак, больш за свайго бацьку шукаюць сувязей з жывымі жанчынамі: гэтым апошнім і ўсяму іх роду яны дапамагаюць у рыбалоўстве. «Вадзяняты» знікаюць, як толькі дасягнуць паўналецця; іншыя гінуць на сушы, калі спадзе разводдзе; пры праследаванні жывых жанчын яны знішчаюцца сапраўднымі Вадзянікамі ці ўдушваюцца сваімі азлобленымі мацяркамі.

Ёсць Вадзянікі, якім не суджана было сумесна жыць разам з Русалкамі таму, што ў іх уладаннях дагэтуль не было ніводнай самагубцы. Такія Вадзянікі злосныя да крайнасці і не прапускаюць ніводнай ахвяры, спадзеючыся сустрэць у ёй жанчыну.

У сувязі з тым, што стасункі не настолькі прыбытковыя, як з іншымі нячысцікамі, а ўмовы цяжкія (пасля ўтаплення аддавай душу, а зараз - кінь у ваду нацельны крыж ды адцурайся радні!), з ім уступаюць у саюз нямногія адчайныя людзі, якім, бадай, няма чаго губляць, няма чаго выракацца. (Никифоровский II, с. 75-79.)

Вадзяніка просты народ уяўляе ці старым дзедам, у якога барада па калена, ці паўчалавекам, ці паўрыбаю... Вадзянік можа ператварыцца хоць у якую рыбіну. Пад вадою ў Вадзяніка ёсць цудоўны палац, з якога ён у пэўны час дня і ночы выходзіць на дно рэк і азёраў і тут у якім-небудзь віры альбо завадзі чакае здабычы. Ратаваць тапельца, г.зн. адбіраць здабычу ў Вадзяніка, баяцца, каб не ўгнявіць дзядулю Вадзяніка. Купальшчыка Вадзянік часта хапае за ногі і стараецца яго заліць. Асабліва небяспечна купацца і лавіць рыбу, на думку сялян, апоўдні і апоўначы. Тапельніц Вадзянік ператварае ў Русалак. Часам Вадзянік жыве пад млыном; калі ён захоча, можа перашкодзіць будаўніцтву млына... У багністых мясцінах, на думку народа, Вадзянік мае выгляд гарбатага і барадатага старога з нагамі і хвастом як у каровы; небяспечна гуляць па лясным балоце ва ўладаннях гэтага Вадзяніка. Гэты Вадзянік паказваецца людзям то ў вадзе, то паблізу вады, то ў выглядзе шэрай пачвары на карачках.

Вадзянікі далёка ад свайго месца жыхарства не адыходзяць, людзей палохаюць гучным рогатам і моцным плясканнем у далоні; з таго, хто заблудзіць, яны смяюцца. (Добровольский II, с. 74-75. Варыянт: Живая старина. 1908. Вып. 1, с. 11-12.)

Пра Вадзянікоў расказваюць, што яны любяць жыць ля млыноў, пад шлюзамі і ў завадзях рэк; што бяруць да сябе, г.зн. топяць людзей, якія ім спадабаліся... Мужчыны становяцца такімі ж Вадзянікамі, а жанчыны - Русалкамі. Пра апошніх кажуць, што вельмі часта гэта бываюць праклятыя бацькамі дзяўчаты, якія не заслужылі пры жыцці даравання. Абавязкова, верыць народ, павінны ўтапіцца тыя, якія купаюцца ў свята, калі вада павінна адпачываць, ці пасля захаду сонца. Кажуць, нібыта Вадзянікі заводзяць сем'і - жонкі іх - Русалкі, яны маюць дзяцей, такіх жа нечысцей, як самі. Менавіта напярэдадні свята Вадохрышча сяляне пераварочваюць вазкі і сані, таму што ў гэты час за імі прыходзяць Вадзянікі, каб на ўвесь наступны дзень, пакуль асвячоную ваду не знясе плынь, вывезці сваіх дзяцей, якія могуць загінуць ад апускання крыжа ў ваду. Перавернутыя сані Вадзянік чамусьці ўзяць не асмельваецца. (Ляцкий I, с. 37.)

У ноч на Івана Купалу выплываюць з глыбіняў Вадзянікі і накіроўваюцца да млыноў, дурэюць там, круцяць колы, адкрываюць шлюзы. Перамолатая ў гэту ноч мука мае глыбокае і таямнічае значэнне для беларуса: хлеб з гэтай мукі, асвечаны ў царкве, на працягу года захоўвае тую сілу, і той, хто з'есць кавалак яго, не можа ўтапіцца. Паводле агульнапрынятай думкі, млынары сябруюць з Вадзянікамі і карыстаюцца іх паслугамі для паспяховага вядзення сваёй справы і ў тых выпадках, калі неабходна дапамога звышнатуральнай сілы... Падзьме млынар на ваду, пашэпча яму аднаму вядомыя словы - і справа зроблена, жаданне выканана. Зносіны ж з нячыстым адбіраюць у млынара магчымасць загінуць ад вады: менавіта млынары ніколі не тонуць. Многія рыбакі таксама заклікаюць яго, каб добра лавілася. Словам, ён поўны гаспадар вадзянога царства. (Ляцкий I, с. 37-38.)

Што датычыцца Вадзяніка, то гэта безумоўна шкодны дух. Галоўны яго занятак - тапіць людзей. Але ён не супраць пасадзіць баржу на мель, абарваць вуды ў рыбака, які іх накідаў у яго вір; не супраць пацягнуць за ногі качку ў ваду. Знешнасць яго ў народным уяўленні дваіцца: адны - надрэчныя жыхары - уяўляюць яго старым вялікага росту з зялёнымі валасамі і барадою з водарасцей. Ён нярэдка апоўдні выскоквае з вады да пояса і крычыць: «Рот ёсць, ды няма каго есці!» Іншыя ўяўляюць яго сабе чалавекападобнай істотай, але чорнай, аброслай валасамі, з рагамі на галаве, з хвастом, які заканчваецца стрэлкаю, і з кіпцюрастымі лапамі замест рук і ног. Яны злыя і не толькі топяць людзей, але і мучаюць тапельцаў. Іх шмат. Яны жэняцца на дзяўчатах, праклятых мацяркамі, і на тапельніцах. На рэчках жывуць пераважна ў вірах, дзе вечныя вадаверці, а на азёрах - у такіх глыбокіх і «закаложаных» месцах, якія зусім недаступныя. Каля такіх мясцін плаваюць з вялікім страхам, асабліва ўночы, - як на зямлі са страхам праходзяць паўз балоты. (Романов, с. 289-290.)

Механік, які будуе вадзяныя млыны, а затым і млынар абавязаны знацца з Вадзяніком і ўсяляк з ім ладзіць. У адваротным выпадку Вадзянік не раз сарве млын пры пабудове і ў будучым будзе яго псаваць і ламаць. Звычайна Вадзяніку даюць залог: засыпаюць у плаціну жывую курыцу, хаця патрабуецца хрысціянская душа. У этнаграфічных запісах Гарадзенскай губерні ёсць сведчанні, што ў мінулыя грубыя часы ў аналагічных выпадках закопвалі жывых сірот. Пчаляры таксама прадаюць сваю душу Вадзяніку, каб мець шмат пчол, мёду і воску. Пра такіх пчаляроў кажуць, што «ў іх у носі нешта ёсь!» (Романов, с. 290.)

Вадзянік, ці Вадзяны, жыве ў «жывой» вадзе, г.зн. якая толькі што прабілася з-пад зямлі. Кожны вір мае свайго Вадзяніка; яны ж жывуць у бяздонных крыніцах, у глыбіні рэк і азёр, наогул у такіх месцах, якія зімою не замярзаюць; гэта - як тлумачыць народ - лёд растае ад подыху Вадзяніка. Захавалася дагэтуль перакананне, што Вадзянік патрабуе чалавечай ахвяры, і міжвольныя тапельцы лічацца ахвярамі яго драпежнасці: ён цягне іх да сябе на дно. У Беларусі паказваюць шмат мясцін, на якіх, згодна з паданнямі, былі некалі азёры, і ў іх жылі вельмі прагныя Вадзянікі. Яны вельмі часта цягалі людзей у вір. Тады навакольныя жыхары звярталіся да якой-небудзь знахаркі, і яна, адшукаўшы вір, смела нырала на дно, затыкала жэрла - галоўны выток возера - «гарохвінамі» і закладвала зверху каменнем. Вада ў возеры мала-памалу знікала, і Вадзянік перасяляўся куды-небудзь у іншае месца. (Богданович, с. 76-77.)

Вопытны млынар з вадзянога млына пры першых замаразках, калі вада пакрываецца тонкай коркаю ільда, апускае Вадзяному пад кола кавалак сала, «каб калёсы не скрыпелі», як растлумачыў гэта стары млынар Рыгор Парэцкі (Халопенічы Барысаўскага павета), а калі забіваюць свінню, то кідаюць і цэлае сцягно. Зрэшты, непераборлівы Вадзяны здавольваецца і часткаю свіных кішак, пакрытых кішэчным тлушчам. Не прынясі млынар гэтай ахвяры Вадзяному, то не набярэшся змазкі для колаў: Вадзяны будзе вылізваць яе з буксаў і злізваць з восяў і, акрамя таго, можа шмат нашкодзіць. (Богданович, с. 135-136.)

Вадзяны дзед - душа тапельца - быў увасабленнем брыдоты. Стары з вялікімі вылупястымі вачыма, доўгаю зялёнаю барадою ды такімі ж валасамі. На руках даўжэзныя пазуры. Выплывае ён пасля захаду сонца ды ўцягвае ў рачную тонь усіх тых, хто ў гэтую пару купаецца. Асабліва страшылі ім дзяцей. (Шаховіч, с. 134.)

У вадзе сядзіць чорт у выглядзе чорнага сабакі, які заваблівае да сябе людзей. Часам выходзіць ён на бераг у выглядзе чалавека. Каб прывабіць да сябе купальшчыкаў, вядзе іх на глыбіні, зацягвае на дно, выпівае з іх дух, цела кідае, і яно выплывае на паверхню, але як бяздушны труп.

Плывучы на лодцы, хрысцяць сябе і ваду, каб не ўбачыць таго чорнага сабаку. Хто яго ўбачыць, той павінен плюнуць на чатыры бакі свету і павярнуць галаву са словамі: «І чэрці ад Бога моц узялі». Узірацца ў яго - гэта значыць добраахвотна аддаць яму сябе на здабычу. Ён усюды знойдзе і ўтопіць калі-небудзь, хай сабе і ў малой вадзе, у рове ці багне. (Kibort, s. 395-396.)

Паведаміць пра недакладнасьць