Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Лясун (Лесавік, Лешы, Лясны дзед)

Паходжанне Лешых такое ж, як і ўсюды. Яны родныя з Дамавікамі, Вадзянікамі, з Русалкамі, з паветранымі д'ябламі (віхурамі) - словам, з усім, што вядома ў Беларусі пад агульнай назваю «чарцё, чартоўе, чартоўня»... Лешыя - гэта тыя духі, якія ўпалі ў лясы. Яны пасяліліся ў лясных гушчарах. У іншых месцах яны з надыходам маразоў хаваюцца ў пекле і толькі з вясною паяўляюцца на паверхні. Беларускія Лешыя, прынамсі большасць іх, не баяцца маразоў і застаюцца на ўсю зіму. Наадварот, у моцную сцюжу яны больш чым калі палохаюць і наводзяць жах на людзей. Некаторыя нават ператвараюцца ў дэманаў зімовых завірух. Лешы ростам роўны з самымі высокімі дубамі і іншымі дрэвамі, але калі паявіцца на паляне, ён роўны з травою. Беларусы сцвярджаюць, што рост яго менавіта і залежыць ад вышыні тых дрэў, паблізу якіх ён стаіць ці праходзіць. Беларускія Лешыя часам прымаюць аблічча лясных цмокаў, г.зн. змей, якія высмоктваюць у кароў малако. Лешы - цар лясоў. У кожнага ёсць свой участак, яны пільнуюць, аглядаюць іх, і не абыходзіцца без таго, каб не адбывалася спрэчак і боек між суседнімі ўладальнікамі ўчасткаў. Лешы, як і Русалка, любіць гойдацца на галінах дрэў, і ў яго, як і ў Русалкі, валасы зялёныя. Ён заўсёды кульгавы і лысы, а таму часта завецца гэтым імем, таксама як і «ліхім», «нялёгкаю», «нячыстым» і г.д. Іх шмат парод: ёсць калдыга, кляскун, дабрахот і інш. У кожнага свой характар, свае ўладанні і свае абавязкі. Так, напрыклад, жывуць: клецьнік і падклецьнік, падкольнік і падпечнік і т.д. У час абходу сваіх уладанняў Лешы робіць дзікія гукі, якія прыводзяць чалавека ў жах і трапятанне: ён то свішча, то рагоча, то пляскае ў далоні. Парою іржэ, як конь, мычыць, як карова, брэша, як сабака, мяўкае, як кошка. Гэтыя дзікія гукі, смех, свіст, плясканне, шалёныя крыкі чуваць на дзесяткі вёрстаў. Калі Лешы зловіць чалавека, ён гэтаксама, як Русалкі, заказыча яго да смерці. Але не заўсёды бывае такім жорсткім Лешы. Часцей ён любіць забаўляцца, палохаючы чалавека, асабліва ўночы. У таго, хто едзе ці йдзе ў начной летняй цемры, ёсць звычайна свае прыкметы, дарожныя знакі, каб не заблукаць. Лешы пацяшаецца, калі перастаўляе гэтыя знакі з аднаго месца на другое. Дзе-небудзь на перакрыжаванні дарог стаяў магутны дуб, там праезджы раптам бачыць невялікі куст; вось тут была палянка, бач, а тут ужо невялікае возера і дарогі няма. Гэтымі штукамі ён збівае з дарогі, прымушае блукаць, давядзе да роспачы і тады рагоча, як шалёны. А то раптам прытворыцца добрым знаёмым падарожніка, завядзе з ім размову і просіць трошкі падвезці. Той згаджаецца. Праехалі крыху, раптам сані пераварочваюцца ў раўчук, а спадарожнік знікае і толькі дзесьці ўдалечыні чуваць яго свіст і плясканне. Здараецца і так, што праезджы чуе збоку енк, які разрывае душу, ці плач дзіцяці, ці бачыць перад сабою раку. Вопытны беларус ведае, што гэта азначае, яго не разжаляць гэтыя стогны і плач, не спалохаецца ён і ракі - ідзе ён ці едзе, не прыпыняючыся і не паварочваючы ўбок. Але гора таму, хто паверыць і прыме за сапраўднасць хітрыкі Лешага. Яму не пазбегнуць смерці, альбо ён трапіць у такую багну, што толькі ўдзень, пры дапамозе людзей вызваліцца з яе. (Киркор, с. 271.)

Абсяг дзейнасці Лешага - уся лясная плошча ад узлеску да ўзлеску, з усімі ўзгоркамі, нізінамі, ярамі і палянамі, за выключэннем вадаёмаў, дзе маецца асобны нячысцік - Вадзянік. У глыбіні гэтай тэрыторыі знаходзіцца дом Лешага, дзе жывуць яго жонкі і дзеці. Сам жа ён дома не сядзіць - больш вандруе, адпачывае і начуе ў выпадковых мясцінах: на вершалінах высокіх дрэў, у дуплах, густых зарасніках, у ламаччы, бураломах, у лагчынах і прадоннях. Хаця Лешы здольны прымаць розныя воблікі, ператварацца ў любыя прадметы свайго абсягу, але часцей за ўсё паўстае ў вобразе старога з белым, як бяроста ці як воск, ніколі не загарэлым тварам, з вялізнымі цьмянымі вачыма свінцова-сіняга колеру, якія нерухомыя і ніколі не закрываюцца. Адны кажуць, што Лешы мае сплюшчаны, рабром наперад, доўгі твар, доўгую - клінам - бараду, адно вока і адну нагу пятою наперад. Калі ж ён ператвараецца ў звычайнага чалавека, то... пазнаць яго можна толькі па тым, што левае крысо адзення ў яго будзе пакрываць правае, г.зн. зусім іначай, чым у хрышчоных людзей, а правае вока будзе нерухомае і заўсёды большае, чым левае.

Лешы здольны перадаваць галасы ўсіх жыхароў свайго краю - ад мядзведжага рыку да піску камара ўключна; калі ж ён падае свой уласны голас, голас нябачнай істоты, то ці глушыць чалавека, ці лашчыць пяшчотным шэптам, каб выканаць мэты свайго каварства. Але якім бы ні быў гэты голас, вопытны слых разбярэ ў ім дзікія пералівы, злоснае павіскванне нячысціка...

Лешы - дзікі, няўмольны нячысцік, якога можна падмануць, калі назавеш пры ўваходзе ў лес няправільны кірунак мяркуемага шляху ці апрануць на ўзлеску адзенне навыварат. Калі гэта не зроблена - Лешы адразу падступаецца да ахвяры і зласліва цешыцца з яе пакут, збіўшы з належнага накірунку. Ён прымушае чалавека кружыць па лесе некалькі гадзін, праходзіць па адным і тым жа месцы некалькі разоў, заводзіць у глыбіню лесу, у самы гушчар; калі ж ахвяра страціць усякую развагу і даходзіць да адчаю, Лешы злосна рагоча, і яго рогат чуваць за вёрст сорак па акрузе. Часам па пяпярэдняй дамоўленасці з Вадзяніком ці Балотнікам ён прыводзіць сваю ахвяру да іх, у іх уладанні, нягледзячы, што іншым разам Лешыя і Вадзянікі - непрымірымыя ворагі, прычым Вадзянік заўсёды першы напаскудзіць Лешаму.

Акрамя гэтай сатанінскай забавы над чалавекам, у Лешых ёсць і свае, сярод якіх вылучаюцца вяселлі Лешых. На іх, як і на кумаванні, нячысцікі любяць пагуляць, разгарнуцца на ўсю чартоўскую шырыню. Дзе відаць паласа паваленага лесу, ляжыць ламачча, там несумненна праімчаўся вясельны поезд Лешых, але той самы поезд любіць лясныя дарожкі і сцежкі і абавязкова спыняецца для бясчынстваў на лясных скрыжаваннях. Лешаму ў гэтым вясельным руху папярэднічае вецер, па якім можна дазнацца, куды накіроўваецца Лешы, адзін ён ці ў кампаніі, але той самы вецер і віхор замятае сляды Лешага. Па гэтай прычыне асцярожны лясны падарожнік не ходзіць па такіх дарогах і сцежках, не садзіцца на іх, як і на скрыжаваннях, для адпачынку, бо рызыкуе быць знішчаным ці зганьбаваным...

Ад Лешага і Ляшухі нараджаецца пачварная істота, вельмі мала падобная да сваіх бацькоў. Для апошніх такое ненажэрнае дзіця з'яўляецца цяжарам, і яны імкнуцца падмяніць яго неахрышчаным хрысціянскім дзіцем, якога адразу ператвараюць у Лешага. Сапраўднае Лешаня застаецца ва ўяўных бацькоў гадоў да 11 і потым хаваецца ў лесе, адкуль нябачна для выхавацеляў плаціць ім рэчыўнай падзякаю, прыносіць нават грошы. Дакрананне грамавой стралы да такога паўлешука ператварае яго, як і кожнага Лешага, у раз'юшанага лютага драпежніка - мядзведзя, ваўка, рысь, арла, якія да канца свайго жыцця шукаюць магчымасці загубіць чалавека.

Здараецца часам, што Лешы ўступае ў сумеснае жыццё з жанчынаю, якую ён трымае ў лясных сховішчах, не паказваючы сваім надзвычай раўнівым Лешым. Вынікам такога сумеснага жыцця з'яўляецца дабрадзейнае Лешаня, бескарыслівы слуга людзей, чаго, аднак, сам бацька і іншыя не дапускаюць, а пры яўнай упартасці Лешаняці губяць яго.

Дзеля згубнай нажыўной мэты Лешы можа быць прыцягнуты чалавекам на службу. Робіцца гэта асаблівым заклікам у купальскую ноч: той, хто выклікае, становіцца на асінавы пень, тварам на поўнач і кліча прыблізна так: «Акажыся не ваўком-зверам, не воранам-птушкаю, не дрэвам іглістым, а такім, як я сам!» Лешы адразу паўстане ў чалавечай постаці і, згаджаючыся на здзелку, патрабуе за будучую працу адну толькі душу таго, хто выклікае пасля непазбежнай яго смерці ў лесе...

Лешы помсціць, калі часта і без патрэбы згадваюць яго імя; калі Лешаму не ўдаецца помста ў адносінах да чалавека асабіста, ён адпомсціць яму пагібеллю той ці іншай хатняй жывёлы, якая трапіць у лес.

Лешы надзейна і няспынна служыць таму, хто яго паклікаў: гоніць яму дзічыну, паказвае дарогу да борцей, ягадных і грыбных мясцін, падказвае месцазнаходжанне скарбаў і ўсяляк адводзіць шкоду сапернікаў, якіх прымушае блукаць падманнымі шляхамі, пужае лютымі звярамі... Акрамя прамой службы, Лешы дапамагае і ўскосна: да такога чалавека стануць звяртацца пры пошуках скаціны, што заблудзіла ў лесе, прасіць назваць прыбытковыя мясціны там жа і інш... Да свойскай жывёлы Лешы не мае варожасці, ён добра ставіцца да сабак, якім ахвотна дазваляе бегаць па лесе ў любы час. Калі ж ён заманьвае ў лес і губіць там якую-небудзь хатнюю жывёлу, то робіць гэта толькі таму, што ловіць выпадак, каб адпомсціць гаспадару ці даць узбагаціцца свайму апекуну...

Колькі існуе на зямлі Лешых, няцяжка вылічыць па наяўных лясных плошчах, таму што для кожнай з іх прызначаецца адзін Лешы. Калі ж лясная плошча вялікая, то і тут можна вызначыць уладанне Лешага, якое ахоплівае не больш, як сем квадратных вёрст. (Никифоровский II, с. 68-72.)

Лесавікі ў Парэцкім павеце, паводле ўяўленняў мясцовых сялян, маюць выгляд людзей здаровых і мужных. Ростам Лесавікі бываюць з лес, а сілу маюць незвычайную. Начальнік Лесавікоў... Лясны цар росту велізарнага, на цэлую галаву вышэй за лес, над якім ён валадарнічае, на руках і нагах у яго закручаныя кіпцюры, падобныя на сабачыя; барада ў яго доўгая, сівая, носіць ён яе ў руках.

Некаторыя бачылі Ляснога цара з белай, доўгай барадой, як сядзіць ён спакойна ў лесе і моцна свішча, іншы раз ён пры месячным святле пляце лапці. Ён магутны і страшны, волю яго слепа выконваюць Лесавікі, начальнікі асобных частак лесу. І цар лясны, і падначаленыя яму Лесавікі, аднак, не маюць улады за межамі свайго лесу.

Лічаць таксама, што Лесавік мае выгляд чалавека з белымі лупатымі вачыма; выраз твару ў Лесавіка такі, які бывае ў моцна напалоханага чалавека... А яшчэ Лесавік з'яўляецца людзям у выглядзе звычайнага сівенькага дзядка, у белым адзенні; яго можна пазнаць па тым, як ён хутка расце, аддаляючыся ад чалавека, і робіцца веліканам...

Лесавік - пярэварацень. Істотная яго рыса - што ён мяняецца ў росце і прымае разнастайнае аблічча: у лесе Лесавік ідзе - ён з лесам роўны, па лузе ці полі - ён з травой і былінкай роўны. А часам ён хаваецца пад былінку, кветку ці лісток дрэва; у лесе Лесавік хаваецца ў дупло і пад каранямі выварачаных бураю дрэў; наогул Лесавік прынароўліваецца да навакольнага асяроддзя. З'яўляецца Лесавік і дзядулем, і красой-дзеўчынай, і прыгожым мужчынам, і зверам, і птушкаю і заманьвае спадарожнікаў за сабою ў непралазны гушчар лесу, адкуль цяжка выбрацца.

Ён рагоча, крычыць дзікім голасам, сцябае пугаю; парою, не паказваючыся з гушчару, кліча падарожніка па імені знаёмым голасам; падарожнік збочвае з дарогі і ідзе на голас, аддаляючыся ўсё далей і далей у глыбіню лесу...

Што трэба рабіць, калі заблукаеш, калі абыдзе цябе Лесавік, або сам пападзеш на яго логава, ці наогул адурманіць нячыстая сіла?

Пераапрані што-небудзь з адзення навыварат, разуй левую нагу і абуй правую, выверні шапку наадварот ці павярні яе брылём назад; прачытай, калі ведаеш, нядзельную малітву тры разы; прыгадай, што напярэдадні Новага года вараць свіную галаву - гэтымі сродкамі ты не дасі пажартаваць з сябе Лесавіку, які водзіць чалавека па самай ускраіне лесу і не дае яму пазнаць, да якога месца ён выйшаў ля паселішча. А злуецца на цябе прыдзірлівы Лесавік за тое, што выпадкова ты перайшоў яго любімую сцяжынку. Зрэшты, іншы раз Лесавікі збіваюць са шляху тых, хто выпраўляецца ў лес без блаславення, г.зн. не памаліўшыся Богу; яны таксама заводзяць дзяцей, якія зняважылі маці і праклятыя ёю апоўдні. Лесавікі зносяць пераважна хлопчыкаў, Лесавіхі - дзяўчынак. Жанчын Лесавікі заводзяць больш свавольных, якія кепска жывуць з гаспадарамі...

Добры Лесавік корміць палонных абаранкамі, арэхамі, пернікамі, толькі дае ў меру, надта не балуе... Што гаспадар забудзе ці пакладзе абы-як, то Лесавік сцягне...

На думку Лесавіка, пасля вячэры трэба маліцца, кладучыся спаць трэба перахрысціцца, і дзяцей на ноч трэба перахрысціць; трэба быць акуратным і ахайным і гаспадыні і гаспадару. Муку для хлеба трэба прасейваць, з хлебам рэкамендуецца абыходзіцца беражліва і з асаблівай пачцівасцю: расчыняючы хлеб, не лішне працадзіць ваду; хлеб трэба класці на стале, але не на лаўцы. Рэкамендуецца ў засеках накрываць зерне накрыўкаю, каб яно не запылілася. Калі страва згатавана смачна і ахайна, Лесавік, бадай, пакаштуе яе, ад кепскай стравы ён адвернецца, скрывіць морду - і пойдзе...

Лесавік часам прымае блізкі і непасрэдны ўдзел у смутках чалавека - ён закалыхвае хворае дзіця, каб супакоіць схіленую над ім маці і даць ёй адпачыць. Лесавік прадбачыць будучыню, і яму наперад вядомы лёс чалавека; іншы раз ён з'яўляецца ў ролі прадказальніка...

Вяртанню ўкрадзеных Лесавікамі людзей садзейнічаюць ахвяры. Яны кладуцца на скрыжаваннях дарог, дзе збіраюцца Лесавікі. Ахвяраю можа служыць кавалак сала, гаршчок з кашай, хлеб з соллю, а то бабы напякуць бліноў ці пірагоў, загорнуць з соллю ў чыстую анучку, перавяжуць чырвонай нітачкай, занясуць усё гэта ў лес і пакладуць на скрыжаванні лясных дарог...

Знесеныя Лесавікамі дзеці пасля вяртання з цяжкасцю прывыкаюць гаварыць і дзічацца людзей. Лесавікі самі выносяць іх і кідаюць на тое месца, адкуль узялі... Многія, пачуўшы ад Лесавіка ўсялякай прамудрасці, робяцца знахарамі і знахаркамі і падтрымліваюць сувязь з Лесавікамі, Дамавікамі і рознай нячыстай сілай...

Звышнатуральныя веды і багацце атрымліваюць ад Лесавіка тыя, хто зробіць якую-небудзь паслугу яго дзецям, пакрые іх, калі знойдзе ў лесе голых. Усім уласціва павер'е, што ў Лесавікоў ёсць дзеці, а некаторыя нават бачылі іх: ляжаць яны, голыя, у люльках, падвешаных да галін елкі ці хвоі. Калі ўбачыш такое дзіця, трэба што-небудзь з сябе зняць, накрыць дзіця і несці. З'явіцца жанчына, якая будзе ўбівацца, упрошваць аддаць ёй дзіця, абяцаць за яго выкананне любога, але аднаго жадання. І вам раскажуць прыклад, што сапраўды, такі чалавек разбагацеў, дзякуючы знойдзенаму ў лесе дзіцяці, а такі - атрымаў чарадзейныя веды і зрабіўся знахарам...

Хто ўбачыць Лесавіху ў час родаў, той павінен што-небудзь накінуць, не хрысцячыся і не чытаючы малітвы, на ёю народжанае дзіця і адразу ж пайсці. Лесавіха пойдзе за гэтым чалавекам і ўсё будзе пытацца, што яму трэба: грошай ці добрага жыцця. Хто папросіць у яе грошай, то яна адразу ж насыпле яму цэлы прыпол грошай, якія пры выхадзе з лесу ператвараюцца ў вуголле. Але хто будзе гаварыць, што яму нічога не трэба, той усё жыццё будзе карыстацца поспехам ва ўсіх сваіх справах. Таму народ кажа пра таго, хто жыве ў багацці, што, напэўна, ён бачыў Лесавіху ў час родаў. Толькі шчаслівы чалавек можа бачыць Лесавіка і Лесавіху, апранутымі ў добрае адзенне; калі хто ўбачыць Лесавіка ў кепскім адзенні, не будзе шчасця. Мужчыны, калі ўбачаць Лесавіху і пачуюць яе голас, пачынаюць сумаваць і худнеюць.

Да Лесавіка звяртаюцца з просьбаю вярнуць жывёлу, што заблудзілася ў лесе. Гаспадар згубленай жывёлы кладзе на скрыжаванні дзесятак яек, кавалак сала, бохан хлеба і становіцца да ахвяраванага задам; знахар абводзіць яго і заклінае духаў рознымі галасамі, пасля чаго гаспадар, не паварочваючы галавы, вяртаецца назад дадому. (Живая старина, 1908. Вып. 1, с. 3-8.)

Лесавік такі ж вялікі, як самыя высокія дрэвы; ён падобны на чалавека, але можа крычаць, як птушка, выць, як звяры і плакаць, як дзіця... Але гэта толькі ў лесе: як толькі ён выходзіць з лесу, усе гэтыя бачныя грозныя атрыбуты знікаюць, і пра яго прысутнасць можна меркаваць толькі па вялізным цені... У Лесавікоў ёсць жонкі. Яны выглядаюць як звычайныя жанчыны з распушчанымі валасамі, у якія ўплецены зялёныя галіны. Гэта - душы загубленых Лесавіком дзяўчат, якія праклятыя былі бацькамі ці паднялі на іх руку. Па начах яны «хітаюцца», г.зн. гойдаюцца на галінах дрэў, а на дзень разам з Лесавіхамі ідуць пад зямлю, дзе жывуць у палацы. Часта Лесавікі заманьваюць неасцярожнага паляўнічага ў лясны гушчар, падрабляючыся пад птушыны крык, палохаюць яго там, перашкаджаюць яму страляць па дзічыне, адводзяць стрэл у другі бок і, нярэдка здараецца, губяць паляўнічага ў багне пакутлівай і маруднай смерцю. (Ляцкий I, с. 36.)

Лесавік уяўляецца чалавекам вялізнага росту - «з дрэва», у лапцях і з доўгаю пугаю ў руках. Ён звярыны пастух і вечна варагуе з паляўнічымі, усяляк адводзіць іх убок ад дзічыны і дапамагае заблудзіцца. У гэтым яму дапамагаюць і чэрці, адгукаючыся рэхам на воклічы тых, хто заблудзіў. Рэха - гэта галасы чарцей. Калі заблудзішся, трэба сесці і разуцца, левы лапаць абуць на правую нагу, а правы на левую. Тады знойдзеш дарогу. Але да выпадковых наведвальнікаў лесу ён ставіцца лагодна, выводзіць іх на дарогу і нават дзеліцца хлебам. Жыхары лясных мясцовасцей бачаць яго даволі часта, але яшчэ часцей чуваць, як ляскае яго пуга і як ён крычыць на звяроў: го-го-го-го-го! (Романов, с. 289.)

«Чарты лесавыя заўсёды анно ўночы лятаюць па лесе і людзям шкоду робяць. Не раз чутно, як яны сярод ночы гучаць і смяюцца. Каторы бартнік з імі пазнаецца, то яны яму памагаюць: усё яму ручыцца, і дзе анно борць заложыць, так зараз пчолы прыляцяць. Каторы жа з імі не пазнаецца, то яму мёд выдзіраюць і так робяць, каб раі ўцякалі». (Federowski, s. 17.)

Існуюць розныя віды чарцей. Лясныя чэрці лётаюць па дрэвах, абломваюць галіны, атрасаюць жоўтае лісце, а часам і зялёнае, валяць дрэвы, сеўшы на адно якое цэлым гуртам. Людзей яны заманьваюць словамі: «Хадзі, хадзі!» Каму жыццё дарагое, голасу гэтага не слухае, а толькі ўцякае ад яго, каб не завёў сілаю ў якія-небудзь багны без выйсця. (Kibort, s. 395.)

Над лясамі і ўсім, што ў іх, валадарыць Лешы... Ростам ён роўны з дрэвамі таго лесу, у якім разгульвае. Ён можа павялічвацца і памяншацца, прыстасоўваючыся да велічыні дрэў. Ён надзвычай дужы: калі разгуляецца ў лесе ў час буры, то з коранем вырывае магутныя дубы, на кавалкі ламае векавыя сосны, валіць на зямлю мноства дрэў, высцілаючы свой шлях у лесе, каб ніякая сіла не магла дабрацца па яго слядах да яго логава. А жыве ён у так званым «матачніку» - сярэдзіне пушчы, недаступнай для звычайнага смяротнага.

Матачнік абкружаны непраходным лесам, завалены ламаччам, акрамя таго, вакол яго багністыя балоты, якія не замярзаюць і ў самыя суровыя зімы. Там і жыве Лешы са сваімі звярамі і птушкамі. Усе буйныя звяры туды ідуць паміраць: яны толькі ведаюць патаемныя сцежкі, па якіх можна дабрацца да матачніка...

Калі Лешы разгульвае па сваіх уладаннях, яго суправаджаюць зграі звяроў і чароды птушак, асабліва совы, пугачы, вароны і сарокі. Галава яго пакрыта доўгімі кучарамі і нагадвае вершаліну хвоі; вялізнае тулава апранута ў звярыныя скуры - воўчыя і мядзведжыя - поўсцю навыварат; рукі і ногі тоўстыя і моцныя, як ствалы дубоў, вочы гараць, як у ваўка ці савы. Ён «ржэць», рагоча, калі вясёлы; ваўком вые, калі сумны; рыкае, як мядзведзь, калі злосны, а часам дзіка павісквае. Ён пляскае ў далоні, і ад гэтага трэск ідзе па лесе. У руках ён, здараецца, трымае вялізную дубіну, якой стукае па дрэвах, таму, маўляў, і чуецца ў лесе грукат. Паводле другой версіі - у руках у яго доўгі бізун, якім ён стукае, падганяючы сваіх спадарожнікаў.

Такі Лешы водзіцца толькі ў вялікіх лясах і пушчах; з ім надта ўжо небяспечна сустракацца. А ў малых лясах і Лешы бывае меншы. Зрэшты, і яму пальца ў рот не кладзі: можа парадкам напалохаць чалавека і ваўкоў нацкаваць. (Богданович, с. 77-79.)

У лесе жыве Лясны дзед. Хаваецца ён у глыбокіх і непадступных багнах і прываблівае да сябе жывёлу, што заблудзілася, так што часта бедная карова хоць і ведае дарогу ў вёску і чуе, што трэба туды паварочваць, але ўсё далей у лес заходзіць і, нарэшце, робіцца ахвяраю ваўкоў, гіне. (Jeleńska, s. 503.)

Міфы Бацькаўшчыны   Міфы Бацькаўшчыны
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2018