Чорт, паводле народных уяўленняў, мае цялесны вобраз; ён з выгляду чорны, калматы, на галаве ў яго двое невялікіх рагоў, ззаду хвост, на нагах і руках шмат вострых кіпцюроў. У Чарцей мужчынскага полу ёсць нават барада, але барада гэтая рэдзенькая, казліная. Чорт можа прымаць на сябе розныя абліччы: ён можа з'яўляцца ў вобразе жывёл і нават чалавека. Пераўвасабляючыся ў чалавека, ён з'яўляецца пераважна ў выглядзе пана. Але як бы Чорт ні стараўся падрабіцца пад чалавека, яго ўсё ж лёгка пазнаць па рагах на галаве, кіпцюрах на канечнасцях і па хвасце, таму што гэтыя прыкметы не могуць быць ні скінуты, ні зменены. Таму ён стараецца па магчымасці закрыць гэтыя свае характэрныя прыкметы адзеннем, і заўсёды з'яўляецца ў капелюшы і пальчатках на руках. (Демидович, гл. I, с. 98.)
На галаве рогі, казліная барада, двухкапытныя ці аднакапытныя ногі, каровін хвост, на руках доўгія кіпцюры, цела пакрыта поўсцю. Хто з Чарцей найважнейшы, той у дадатак яшчэ кульгавы і гарбаты. Чорт таксама часта прымае аблічча казла. У гэтым выглядзе ён любіць жартаваць над прастадушнымі людзьмі. Калі пачнецца навальніца ці дождж, Чорт прыкінецца козлікам і пачынае жаласліва бляяць. Спагадлівы чалавек возьме яго ў крысо і нясе дадому, каб адагрэць. А Чорту толькі гэта і трэба: з хрышчонай душой яму бяспечней ад грымот, а таксама прыемна прымусіць чалавека паднесці сябе. Чым далей ідзе чалавек, тым козлік робіцца цяжэйшы. Чалавек, знемагаючы ад цяжару, ледзьве дыхае, а козліка шкада кінуць - так ён жаласліва бляе. Але вось ужо і дом. Тут козлік, выскачыўшы з крыса, рассмяецца дзікім голасам, зробіць непрыстойнасць - і толькі яго бачылі. Чорт любіць збіваць падарожнікаў са шляху, скідваць колы з восяў у час язды, заводзіць п'яных у балоты ці ў палонкі. (Богданович, с. 128-129.)
Прымаючы чалавекападобны воблік, нячысцік носіць адзенне нямецкага крою - цесную куртачку, вузкія панталоны, чаравікі з высокімі абцасамі і абавязкова - капялюш, які можа хаваць воблік нячысціка. Калі тое трэба, ён апранаецца ў звычайную сялянскую ці мяшчанскую адзежу, але, за выключэннем увасаблення ў жанчыну, нячысцік ніколі не апранаецца ў жаночыя адзежы; як не любіць сатаніць і саму жанчыну. Можна сцвярджаць, што з любой сямейнай пары нячысцік стане выводзіць мужа, следам за якім жонка сама па сабе прыйдзе да наканаванай пагібелі. (Никифоровский II, с. 19.)
Чорт - агідная істота з хвастом, казлінымі рагамі і нагамі, а часам у выглядзе пана ў фраку і капелюшы, ці, хутчэй за ўсё, у цыліндры. Казліныя ногі з капытамі прымушаюць Чорта, па магчымасці, хаваць ніжнюю палову свайго тулава. Яго, зрэшты, можна зрэдку бачыць у час моцнага віхру ў паднятым пыле, калі плюнуць тры разы і сказаць: «Чорт, Чорт, пакажы хвост!» Тады можна заўважыць «нячысціка» ў воблаку пылу, які круціцца і ўтварае віхор, толькі і тут доўга глядзець на яго нельга, «бо ён прычэпіцца да цябе і можа схапіць, штоб занесці дзецям на забаву». (Ляцкий I, с. 26-27.)
Чэрці падобныя да чалавека, але толькі пакрытыя доўгімі калматымі чорнымі валасамі і жывуць у розных месцах і хатах, лясах, водах, ёўнях, лазнях і завуцца Лесавікамі, Дамавікамі, Лазеннікамі, Авіннікамі. У летні час, а дванаццатай гадзіне дня, усе Чэрці сыходзяцца разам на берагі рэк, азёр; таму народ у згаданы час дня баіцца купацца на рэках і мыцца ў лазнях, асцерагаючыся, каб не загінуць ад Чарцей. (Добровольский I, с. 361.)
Людзей, якія бачылі Чорта, вельмі шмат. Асабліва часта бачаць яго жанчыны: адна выцягне яго вядром з калодзежа ў выглядзе чорнага ката; у другой ён у тым жа выглядзе вылез з-пад падлогі; трэція лавілі рыбу брэднікам і выцягнулі Чорта ў выглядзе вялікага сома і г.д. Усе гэтыя Чэрці з рогатам беглі ад жанчын. У 1890 гадах у м. Ветка хадзіла гаворка, што Чорт вылез з Сожа ў выглядзе карліка з паўаршына ростам, у круглай шапачцы і ездзіў на палачцы, як гэта робяць дзеці. Пазней бачылі, як ён плавае на маленечкай лодцы. Пасля гэтага прывіду ў Ветцы былі тапельцы. Мужчыны бачаць Чорта звычайна паблізу шынкоў у выглядзе высокага чорнага чалавека, аброслага валасамі, і з хвастом. (Романов, с. 288.)
Чорт у сваім звычайным вобліку рэдка паказваецца... Можа праціснуцца цераз самую маленькую шчылінку, прасачыцца цераз дрэва, камень, шкло і г.д., але пры сутыкненні з чалавекам без перамены чортавага выгляду траціць гэту здольнасць...
Чорт часта ператвараецца ў жывёл і нежывыя прадметы. Да абраных жывёл належаць: чорны казёл, баран і кот; з птушак: певень, сава і няясыць; радзей ператвараецца ў іншую істоту. Абарочваецца таксама капой сена, вязкаю гарошын, абгарэлым пнём і г.д., і ўсё гэта вырастае ў адзін момант і знікае, прасоўваецца наперад перад тым, хто едзе ці ідзе пешшу. Часам коціцца, як бочка, незапрэжаны воз ці кола («чортава калясо»). Парою Чорт ператвараецца ў зайца, у селяніна ці элегантна апранутага маладога чалавека. (Pietkiewicz II, s. 188, 197.)
Чорт ва ўяўленні палешука мае постаць, падобную да чалавечай... Ён худы, тонкі, на казліных нагах, калі жыве ў балоце, ці індычых, калі жыве сярод лясоў, палёў і ў дамах. Мае казліныя рогі, а пад старасць у яго вырастае казліная барада; рукі вельмі доўгія, з вострымі кіпцюрамі замест пальцаў, таўшчынёй з апошнія, але значна даўжэйшыя за іх; звычайна бывае іх па 5, а часам і па 6. Увесь, не выключаючы і твар, аброслы бараняй воўнай, у маладосці рыжай, а потым чорнай, насуперак прыказцы «Усе чэрці аднае шэрсці». На гэтым фоне злавесна блішчаць белыя зубы. Як блісне сваімі чартоўскімі зубамі, ды яшчэ заскрыгоча, то аж сумна робіцца, аж мурашкі па спіне пойдуць...
Язык Чорт мае вельмі доўгі, спружыністы; карыстаецца ім, быццам якой прыладай. «Уночы як высалапіць язык, да як лясне сам сабе па мордзе, то здаецца, што нехта пачаў паліць з біча, як робяць панскія хурманы, пад'язджаючы к пакоям, або як пастух ляпае пугаю. Падчас ходзіць кругом начэльнікаў з коньмі да й дражніцца: тут лясне, там лясне, а хлопцы думаюць, што ета з іх каторы адбіўся да й кепкуе. Абгукаюцца, да як даведаюцца, што ўсе тут, дак тады як стануць хрысціцца, то сатана зараз у ногі. А чы мала то раз ён падманіў стральца: як зачне ляпаць языком па асіне, бы нача глушэц спявае, то як добра ўдае яго песню, што найстарэйшага стральца ў блуд увядзе...
Чорт мае вельмі порсткі кашлаты хвост, што адным махам патушыць усе свечкі ў жыдоўскай школе ў судную ноч, як яму трэба ўхапіць жыда». (Pietkiewicz II, s. 188.)
Усімі Чарцямі кіруе самы старшы Чорт - Анцыпар, «Нічыпар». Ён «прабывае пастаянна ў пеклі, за дванаццаццю дзвярыма, на дванаццаці ланцугах». Пекла знаходзіцца пад зямлёю, у балоце. (Демидович, с. 99.)
Галава чартоўскай сілы, верхавод злосных дзеянняў у свеце - Люцыпыр (ён жа - «Анчыпыр», «Сатон д'ябальскі») - першы анёл, які адпаў і быў аддалены ад Святла Праўды і... скінуты з першазданнай вышыні... Па знешнім выглядзе Люцыпыр - сатанінскі гігант з буйнымі формамі і выразнасцю, якой баяцца нават падуладныя яму Чэрці; важыць столькі, колькі ўсе нячысцікі, узятыя разам. Як і трэба чакаць, Люцыпыр мае бачныя адзнакі сваёй годнасці - жалезную карону, прыбітую да чэрапа цвікамі, што праходзяць яго наскрозь, і штосьці накшталт жалезных вілаў у правай, з магутнымі кіпцюрамі лапе... Пры кожным выдыху Люцыпыр выпускае з ноздраў і пашчы доўгія пукі вогненных промняў, якія на далёкай адлегласці паляць сустрэчныя прадметы.
З часу свайго падзення Люцыпыр вольна жыў на свеце, і тады шмат цярпеў чалавек ад яго і служак яго. Але вось ужо некалькі стагоддзяў гэты першы чалавеканенавіснік запёрты ў змрочным пекле за дванаццаццю дзвярыма, за дванаццаццю замкамі, прыкаваны дванаццаццю жалезнымі ланцугамі... Ад яго шалёных кіданняў і парыванняў штомесяц разбураюцца адны дзверы, разрываецца адзін замок і ланцуг; яшчэ крыху - і Люцыпыр гатовы знішчыць апошнія перашкоды, сарвацца з месца і апынуцца на вольным свеце... Але ў гэты менавіта момант чуецца паўночны велікодны звон - і разбураныя дзверы, замкі і ланцугі зноў набываюць цэлы выгляд, змрочнае пекла робіцца яшчэ больш змрочным. Тады ў знямозе ад бяссільнай злабы горды ўладар зла падае ніц і застаецца нерухомым да Ўшэсця, пасля чаго ён зноў бярэцца за сваю векавую работу - грызе, кідаецца, енчыць...
Пры ўсім тым без волі і ўказання Люцыпыра не творыцца ніводная чартоўская справа... Перад канцом свету Люцыпыр, аднак, вырвецца на ранейшую, хоць і кароткатэрміновую волю, наробіць шмат зла людзям, што будуць жыць на той час, але хутка загіне з усім мноствам падначаленых Чарцей... Як хутка збудзецца ўсё гэта - нікому са створаных істот не дадзена ведаць... (Никифоровский II, с. 33-35.)
«Адзін старшы ангел, збунтаваўшыся, хацеў пабратацца з Богам, а Бог яго так піхануў, дак ён і паляцеў сторч галавою проста ў пекла, да там зрабіўся чортам Лапцыхвірам (Люцыфер). Патом яшчэ доўга ўслед за ім чорнаю хмараю сыпаліся Чэрці з яго дружыны, аж цёмна стала на свеце.
Як Чорту ў пеклі стала надта горача, ведама, яшчэ не прывыкшаму, то ён не выцерпеў, да й пабег шукаць вады, штоб пакупацца. Бяжыць ён да бяжыць, аж бачыць возера да велічэзнае, што і берагоў не відаць. Зірнуў у воду да й вельмі спужаўся, пабачыўшы там сваю паганую морду чортаву. Тады давай каламуціць ваду; каламуціў-каламуціў, пакуль з возера не зрабілася балота. Тут зараз напаўзло гадзюк, вужоў, яшчарыц, жаб да ўсякае іншае нечысці, бо й акурат пад той час у бусла паўцякалі з мяшка ўсе гады». (Pietkiewicz II, s. 186-187.)
«Трон боскі зроблены высока, а Люцыпер хацеў быць роўным з Богам і казаў сабе зрабіць такі самы трон, як у Бога. Так Бог яго за тае скінуў з яго анёламі да пекла і парабіліся чартамі...» (Federowski, s. 14.)
«Пекла - бо гэта аграмніста гара на канцы свету. Падыходзячы да яго, здалёк ужо чутно, як людзі енчаць, і відно, як дым з яго валіць, а на ўсіх дарогах грэшнікі да яго на вазох ковалы смалы саматугам валочаць. Каб хто ўвайшоў у сярэдзіну, то ўгледзеў бы б пасерад пекла да слупа дванаццацьма ланцугамі прыкутага Люцыпара. Навакол яго стаяць катлы з душамі, а рэшта то так і без катлоў валяюцца. З падыспаду пячэ іх агонь, а зверху смала распалена льецца. У гэтых катлох самы кролі, паны, ксяндзы: ім было на гэтым свеце добра, то затое на том свеце кепска. Навакол пекла мужыкі з сакерамі ўвіхаюцца: рубаюць, смалу возяць да пекла і кладуць пад катлы.
Пекла ёсць у найніжшым небе, у ём двое жалезных вароцяў: адны надта шырокія, а другія надта цесныя. Праз шырокія душы да пекла ідуць, а праз цесныя з пекла да неба, калі катора выпакутуецца... У пекле незмярона моц чарцей і кацёл вялізны са смалою, дзе грэшныя душы кіпяць і сам найстаршы чорт Люцыпар сядзіць, на ланцугу жалезным прыкаваны і пілнуе, каб увесь час агонь клалі пад кацёл, каб нігдачкі душы не пераставалі кіпець у смале.
Чорт худы, страшны, чорны, з рагамі і з хвастом. Ён можа зрабіцца катом, сабакаю, канём, чалавекам і чым толькі захоча.
Нячысты ходзіць заўсёды ў кароткім адзетку і ў чырвоным капялюшыку». (Federowski, s. 15-16.)
«Між палескіх Чарцей асобнае месца займае смаляны Чорт, а пры ім, нібы напалову Чорт - наглядчык смалярні, атаман. Бадай, на ўсім абшары Беларусі нідзе так выразна, як на Палессі, не вызначаецца роля гэтага Чорта, які жыве ў першабытнай смалакурні (майдан альбо печ), у лейкападобных ямах рознай велічыні, якія нагадваюць малыя гарадзішчы. Жыве ён у падземным калідоры (прыгрэбіца), які вядзе да лейкі, з якой выбіраецца смала, у чыстай ці смаляной бочцы, у будане рабочых у час іх адсутнасці, у дуплах, што застаюцца пасля дзятлаў, і часам на сасне, якая павінна быць звалена на смалякі.
Калі мужык падкопуе хвою на лучыну, то Чорт, седзячы на ёй, жджэ, пакуль ён дакапаецца да старчавіка да стане клесці, а тагды ўхопіцца за шчык, завісне да й паваліць да долу. Так стараецца, штоб больш было смалы ў пекле.
Смаляны Чорт заўсёды ў добрых адносінах з атаманам. Дапамагае яму не толькі ў смалярні пры вырабе смалы, але і за яе сценамі апякуецца ім.
Чорт за атамана вельмі журыцца, бо ён толькі спераду быццам то чалавек, а ззаду такі самы каўтунаваты Чорт смаляны. Яго Чорт любіць і вучыць знахарству за тое, што ён гоніць смалу, штоб было ў чэм варыць грэшнікаў у пеклі. Атаманы пераймаюць ад Чорта ўсякае знацце і ўхваткі - кожны нешта знае.
З работнікамі ён не так запанібрата, як з атаманам, але ім таксама дапамагае ў рабоце - і тым, што робяць у смалярні, і тым, хто дастаўляе смалякі; часам толькі ладзяць дробныя гарэзы.
Як хто хваліцца да хвастае, што без Чорта абыйдзецца ў рабоце каля смалы, то ён яму зараз і адпора якуюсь чартоўскую штучку. Знай, маўляў, што без мяне нічога не зробіш...
Смаляны Чорт назірае за смалою, якая перавозіцца ў бочках да прыстані над Прыпяццю, і плыве з ёю на плытах Дняпром аж да Краменчуга - і нічога дзіўнага, бо смала, як лічыць палескі люд, - гэта яго ўласнасць. (Паляшук ведае для чаго служыць такая вялікая колькасць смалы, і тым не менш верыць, што ідзе яна ў пекла.)
Як вязуць бочкі з смалою да берагу ў Юравічы або ў Ламачы, то і Чорт едзе вечарам за падводамі. Ён не пад'язджае блізка да прыастаецца ззаду... сколькі раз азірнешся, то пабачыш, што на каню сядзіць нешта чорнае, да тут было, а тут і шчэзла. Калі ў дарозе прыйдзецца начаваць, то ўночы чорны казёл ходзіць паміж бочак да нюхае тую смалу, што падчас цячэ з бочак.
Лоцманы кажуць, што чорны казёл бывае і на плытах, да не такі рахманы, як у нас; уночы выскачыць з вады, прабяжыць на плыту да й боўць у воду, а ўдзень то толькі выткне морду з рагамі, да й нырне.
Смаляны Чорт адрозніваецца ад сваіх пабрацімаў толькі шэрсцю, заўсёды ўскудлачанай, у выніку доўгага ацірання аб смаляны посуд... Уночы ён ператвараецца чорным казлом, а ўдзень набывае воблік селяніна ці пана.
Як Чорт смаляны пабратаўся з панамі да з немцамі, то па заводу казлом чорным ходзіць толькі ўночы, а ўдзень надзявае панскі храк з хвастом, чырвоны капялюш да панчохі доўгія, як у жыда. Чаравічкі скрыпяць, як цвыркуны, а як ідзе чы то па пяску, чы па балоце, то адзінакава курава падымаецца. Ведама, прыгледзеўся к немцам, як ставілі завод, да й сам у немца ўклепаўся. Цяпер ужэ мужыцкую люльку пакінуў, да смокча панскага цыгана (цыгару), уваткнуўшы ў таўстую чараціну, да носіць дзыгарак, а на нос чапляе акуляры. З атаманамі стаў строгі - дзяржы вуха! А як каторы чуць што прашкапіць, то ад яго смолу адбярэ, да занясе ў завод, а то яшчэ і дурнем зробіць. Тады пан таго атамана па шыі, да «пашоў вон, дурню, з маго майдану, бо ты нічога не знаеш»...
У Прушыне кішыць ад Чарцей, а махайнік, лысы пан, той, што смалу гоніць, не то штоб быў з імі ў хаўрузі, да бы нача за прыганятага над імі настаўляны. Уночы каўтунаватыя смалявікі пруць яму цэбрамі смалу адусюль: то ад атамана, правініўшагася, то з пекла, а ён сядзіць сабе ў пакоях да й люльку курыць. Пад той час чорны казёл па катлах скача да й скача, а далей як стане балбатаць, дак пан зараз і прыбяжыць у завод; паходзіць, нешта пашэпча, тады балбатня сціхне, змяя зашыпіць, а Чорт давай жорыць у два малаткі: лап! лап! лап! лап! Аж пакуль пеўні заспяваюць. Настане божы дзень, дак пракляты немчык збыту не дае: куды ні зірні, то ён тут - пакажацца, да й скрозь зямлю пойдзе, то перабяжыць да й шчэзне». (Pietkiewicz II, s. 204, 206-208.)
Згодна з перакананнем людзей, жыве ён у пекле, якое памяшчаецца недзе ў глыбіні зямлі. На зямлю выходзіць толькі дзеля спакушэння чалавека і авалодання яго душою ды з дапамогаю ведзьмарам і чарадзеям... Чорт - гэта постаць, пакрытая цёмнай поўсцю, сваім выглядам ён нагадвае крыху чалавека. Так, як і той, ходзіць на дзвюх нагах, але закончаных капытамі. Неразлучнай рысай яго знешнасці з'яўляюцца хвост і рогі, якія нагадваюць рогі маладога козліка. Вушы заўсёды адтапыраныя і даволі вялікія.
Другі воблік Чорта ўзалежнены абставінамі, у якіх ён знойдзецца на зямлі. Часта прыходзіць ён туды, выкліканы шматлікімі варожбамі маладой дзяўчыны, якая хоча ўбачыць свайго будучага мужа. І тады набывае постаць прыстойнага элегантнага мужчыны ў капелюшы. З твару смуглы і пацяглы, з арліным носам ды рэдкай спічастай бародкаю. Але ёсць і пэўныя пастаянныя рысы. Заўсёды застаюцца пад капелюшом рогі... гавораць, што застаецца таксама і хвост. Таму чалавечая фантазія апранае Чорта ў доўгі чорны плашч... На нагах у яго замест чаравікаў - капыты..., бачылі яго і на курыных лапах. Здараецца і такое, што абуваюць яго ў чорныя бліскучыя боты...
Чорт-жартаўнік прыходзіць найчасцей у выглядзе багата апранутага мужчыны, які сустракаецца на дарозе чалавеку і завязвае з ім гандлёвыя адносіны... Чалавек застаецца ашуканым і абсмяяным.
Чорт-спакушальнік, высланы з пекла па душы людзей, або які прыйшоў з намерам звесці чалавека з добрай дарогі..., набывае розныя постаці. Неаднаразова сам ён знаходзіўся ў гумарыстычным святле, быў ашуканы чалавекам, які атрымаў ад яго багацце або нейкую дапамогу ўзамен за сваю душу...
Супрацоўніцтва з Чортам, паводле народнага веравання, давала карысць чалавеку толькі пры жыцці. Потым поўнасцю Чорт авалодваў яго душою і спіхваў яе ў пекла на вечныя пакуты. Паслядоўнасцю гэтага супрацоўніцтва было дакучанне сям'і памёршага. Чорт пасяляўся ў яго хаце і муціў яе спакой - біў пасудзіну, ламаў мэблю, перарываў начны сон. (Шаховіч, с. 127-130.)
Чорт ператварае людзей у звяроў. Беларускі народ перакананы, што д'ябал можа ператварыць чалавека ў хоць якое стварэнне...
Чорт, як толькі захоча, можа вокамгненна зрабіцца чалавекам. Бывалі выпадкі, што д'ябал у вобразе валацугі здабываў сэрцы найпрыгажэйшых дзяўчат і нават ездзіў на спаборніцтва да самой каралеўны...
Злы дух, каб ашукаць чалавека, не толькі можа прыняць яго аблічча, але робіцца такім падобным да таго, чыім двайніком хоча стаць, што нават жонка не ў стане адрозніць яго ад свайго ўласнага мужа...
«Часам бывае, што Чорт сам увойдзе ў чалавека, калі чалавек надыдзе або над'едзе на віхар, як пясок круціць, а часам вядзьмар увашле або праз злосць якую, або як яму прыйдзе тая пара, што ён мусіць каму ўваслаць, то і ўвашле або ветрам, або дасць у чом з'есці ці выпіці. Чорт заўсёды губаю ўходзіць у чалавека, асабліва, калі, рана ўстаўшы, не перажагнаешся, але ўпярод Чорта спамяне. Як нячысты ўходзіць ветрам у чалавека, то дмухне яму ў твар халодны вецер, што аж ён зжахнецца і ўжо ўвайшоў».
«Чалавек, у которум Чорт пражывае не з яго волі, але праз ліхія людзі, карысці ад Чорта жаднае не мае. Наадварот, ён яшчэ яго мучыць, вядзе яго ў крыніцы, у балота, адбірае яму розум, пад'юрувае яго з людзьмі біцца, або сварыцца, а калі прывядуць такога чалавека да ксяндза... то не раз людзі чуюць, як Чорт просіцца: «Што я вінен! Не наракайце на мяне, я ўвасланы, а я слухаць мушу сваіх старшых. Мяне той і той уваслаў, але пазвольце мне выйсці, кудою я схачу, то я выйду». Але Чорт заўсёды просіцца выйсці то праз ногу, то праз руку, то праз палец мізіны на руццы або на назе, або праз голаў, а ксёндз не можа пазволіць, бо ён бы адарваў гэту часць цела. Ксёндз гаворыць, свенцячы: «Выходзь тудою, кудою ўвайшоў». Калі выскачыць Чорт праз горла, то чалавек з гадзіну або і больш ляжыць сіні, без жыцця, покі яго ксёндз то тым, то сім, то камуняю святою агуціць, але то рэдка здарываецца, бо і ксяндзоў мала такіх шчаслівых, каторыя Чартоў могуць выганяць».
Народ верыць, што вельмі часта да жанчыны ці дзеўкі, якая сярод ночы не пакідае думаць пра мёртвага мужа ці каханка, прыходзіць д'ябал у вобразе любага ці таксама ў яго целе. (Federowski, s. 20-22.)
«Няможна думаці ніколі ўночы ані аб умерлым, ані аб каханку дзеўцы, ані хлопцу аб дзяўчыне, каторую любіць, бо ўночы Чорт у тае асобы постаці будзе прыходзіць». (Federowski, s. 250.)
«Як святы Міхайла, надзеўшы на шыю Лапцыхвіру ланцуг, да яго самога ў пекле прыкаваў к жалезнаму стаўпу, а Бог Чарцей перунамі разагнаў на ўсе стораны, то яны паўцякалі, куды каторы глядзеў: той у балота, той у лозу, той у лес, а то і па хатах пахаваліся, да яшчэ дзе можна».
«З гэтай легендай звязаны некаторыя назвы, нададзеныя Чорту: Чорт, Чорт з балота, Чорт лазаты, альбо Чорт лесавы, Чорт смаляны, Чорт кашлаты, Чорт рагаты, Чорт кульгавы альбо храмы, Чорт з лапамі. Іншыя назвы: Кадук, Бес, Сатана, Нячыстая сіла, Нячысты (Нялёгкая сіла, Нялёгкі), Ліха, Штось, Нешта, Яно, Дамавік, Дамавы альбо Хлоплік (Хохлік)». (Pietkiewicz II, s. 187-188.)
Не ўсе, аднак, Чэрці сядзяць у пекле: жаданне шкодзіць, наколькі магчыма, людзям цягне іх на паверхню зямлі. З гэтай мэтаю Чорт падшуквае сабе жытло бліжэй да чалавека і туліцца ў тых месцах, дзе вельмі часта даводзіцца бываць чалавеку. Але як бы там ні было, Чорт больш за ўсё выказвае сімпатыі да вады і балота; вада і балота - яго стыхія і паблізу іх ён стараецца выбраць галоўнае сваё жытло. (Демидович, гл. I, с. 99.)
Не па ўсіх месцах Чорту можна блукаць па зямлі, напрыклад, яму нельга залятаць туды, дзе раслі лён, каноплі, пшаніца, таму што з іх вырабляюцца алей і прасфоры, якія пастаянна ўжываюцца ў царкве; Чорту нельга таксама знаходзіцца ў вадзе ад Вадохрышча да Раства Іаана Прадцечы (Купалля), садзіцца на вярбу з Вербнай нядзелі да Вадохрышча і на ўсе наогул травы ад Раства Іаана Прадцечы да зімы. Беларус кажа, што Чорт ад Вадохрышча да Вербнай нядзелі сядзіць на вярбе, з Вербнай нядзелі да Раства Прадцечы - на травах, а з Раства Прадцечы да Вадохрышча - у вадзе. (Демидович, гл. I, с. 99-100. Варыянт: Никифоровский II, с. 12.)
Вербніца. У гэты дзень «вярбу свецяць і з вярбы выганяюць нячыстага духа». Няма куды падзецца нячысцікам. Бягуць яны з гэтага дня ў траву. Настане Іванаў дзень, і іх з травы святой вадой выганяюць. Тады яны кідаюцца ў ваду і жывуць там да Хрышчэння. У гэты дзень іх пераганяюць зноў у лазу, калі апускаюць крыж на «Ірдані». Так і ганяюць іх, як сабак, цэлы год. (Пщелко, 161, с. 2.)
«Па жытнім полі, таксама, як і ўсюды, Чорт можа хадзіці, а Русалкі ўвесь час у жыце жывуць, покі жыта перарасце».
«Да пшаніцы Чорт прыступу не мае таму, што з яе пякуць аплаткі і камунію (для прыгосця)...»
«На пшаніцы і пшонніку чалавеку найбяспечней, бо там Пярун не ўдарыць і ліхі вецер не падвее».
«Да пшаніцы, да льну, мёду і воску ніколі нічога злога не прычэпіцца».
«Да льну, паводле пераканання мясцовага народа, таксама ніводная нячыстая сіла не прыступіцца: «Бо з лёну робяцца кноты да свецаў касцельных і лямпаў». (Federowski, s. 170-171.)
Галоўным месцазнаходжаннем Чарцей лічацца балоты, асабліва бурыя, тарфяныя... Другім любімым месцам знаходжання Чарцей лічацца лазні. У вольны час Чэрці гоняць смалу, у якой гараць у пекле грэшнікі. (Романов, с. 286.)
Улюбёнымі месцамі чортавых зборышчаў, як і паасобных блуканняў, трэба лічыць пусткі, пакінутыя сялібы, старыя і напаўразбураныя пабудовы, млыны, пераважна ветраныя, месцы самазабойстваў, яры і наогул мясціны, куды рэдка ступае нага чалавека і куды даўно не заносіўся асвечаны прадмет, а з бойкіх мясцін - вядомыя «ростынькі». Шмат іх туліцца ў розных вадаёмах, адкуль, аднак, яны імгненна выскокваюць пры кожным асвячэнні тут вады, садзяцца на бліжэйшыя прадметы - дрэвы, камяні, узгоркі - і горка плачуць па пакінутым месцы. Тут зімою яны падпільноўваюць баб, што прыходзяць праць бялізну, а летам - першых купальшчыкаў: як толькі пачуюцца першыя ўдары праніка аб лёд ці купальшчык ступіць у ваду - туды ж радасна ўскокваюць і нячысцікі. Калі ні адно ні другое не здарыцца на працягу года - нячысцікі так і праседзяць на навакольных прадметах цэлы год, пакуль не выберуць новыя месцы. (Никифоровский II, с. 25.)
У збожжы часам у адным месцы вырастаюць прыгожыя каласы, высокія, нібы цёмны буйны астравок, які адрозніваецца ад цэлага поля. Менавіта там сядзіць д'ябал у выглядзе вужа, ад подыху якога там буяе збожжа. Ён вельмі доўгі, не мае ног. Аднак падскоквае, нібы мае ногі, і высока падымае галаву. Уночы ён выпаўзае са збожжа на пашу, каб укусіць каня ці вала. Укушаная жывёла гіне без ніякай відавочнай прычыны, таму што той не пакідае след ад укусу. (Kibort, s. 397.)
Каб убачыць д'ябла, трэба апоўначы пайсці ў лес ці ў балота, паклікаць тройчы сваім іменем, і ён прыйдзе. (Szukiewicz, z. 4, s. 436.)
«Чорт касцельны. У кожным касцёлі пры імшы канешне мусіць быць Чорт, каторы сядзіць у бабіньцы з валоваю скураю. Яго людзі не бачаць, але ён усіх нават і праз сцену бачыць і як хто аглянецца ці засмяецца, не моліцца альбо так зграшыць, так ён зараз і запісувае на валовай скуры. Уночы Чорт лятае наўкол касцёла і бароніць уваход у яго. Нават ксёндз як адзін, то вайсці ўвойдзе, а выйсці не дасць рады». (Federowski, s. 18.)
«У каторум дому не жывуць людзі, то там ужэ Чэрці жывуць; яны там свішчуць, скачуць».
«Калі чорт улюбіць сабе які пусты будынак, а чалавек улезе яму ў дарогу, то тады кідае ўсім, гракаціць датуль, пакуль чалавек не ўступіць». (Federowski, s. 40.)
«Людзі кажуць, што Чорт любіць сядзець у сухой дуплястай вярбе». (Federowski, s. 173.)
«Чорт вельмі настырнёны ў самую глубасць (смелы апоўначы), а як толькі першыя пеўні запяюць, то ён уцякае або дабрэе і не лезе сляпіцаю ў вочы. Уночы Чорт прыходзіць у хату праз комін. Калі Чорт лезе ў хату чэраз комін, то ўюшкі брашчаць, бо ён іх рагамі падымае; бывае, да ўюшак не датыркаецца, да пхне засланачку, да й вылезе на печ, а то за тым, што гаспадыня, кідаючы ў печ дровы пасля хлеба, укіне так, што падчас два палена пакладуцца наўхрэст.
Чорт праз трубу ад лучыны ў хату не ўваходзіць, таму што пад ёю прымацоўваюць лучыну, сплеценую з прутоў, а гэта яму нагадвае крыж. Пазбягае таксама і акна, бо рама таксама перакрыжаваная; гэту апошнюю дарогу выбірае толькі ў выпадку крайняй неабходнасці, пра што нават прыказка гаворыць: «Зачыні Чорту дзверы, то ён у вакно». (Pietkiewicz II, s. 202.)
Калі віхор падымае слупы пылу на полі, кажуць, што Д'ябал са сваёй маткай жэніцца. (Szukiewicz, z. 4, s. 436.)
Чэрці жэняцца, маюць дзяцей і жывуць сем'ямі. Калі падымаецца віхор, то беларус перакананы, што гэта едзе «чортава вяселле». Калі ў гэты час кінуць у віхор якую-небудзь вострую прыладу, то на ёй можна заўважыць кроў; гэта азначае, што кінутая прылада трапіла ў Чорта. (Демидович, гл. I, с. 101.)
Сам Чорт, аднак, можа быць добрым мужам і сем'янінам. Існуе перакананне, што жэніцца ён на адной з Ведзьмаў пасля свята Вадохрышча і ў час яго вяселля бывае вялікая завіруха... Жонка яго жыве на высокай гары, куды людзі не могуць узабрацца і Чорт носіць ёй у выглядзе ласунка воўчыя ягады, а напярэдадні Івана Купалы прыносіць папараць-кветку, сарваўшы якую, Чорт пакідае на кусце знак сваёй рукі - сіні агеньчык, які не гасне ўсю гэту ноч. Гэты агеньчык і ёсць верная прыкмета скарба, закапанага паблізу нячысцікам у знак узнагароды зямлі за папараць-кветку.
Віхор уяўляе чортава вяселле, у якім удзельнічаюць і Ведзьмы. Калі кінуць у сярэдзіну слупа ад віхра нож, то ён упадзе на зямлю скрываўлены...
Чэрці не паміраюць, і іх можа забіць толькі гром. Грому яны вельмі баяцца. Гэта відаць з таго, што вяселлі свае яны гуляюць толькі ў вельмі добрае надвор'е, калі нельга чакаць навальніцы. У час навальніцы яны хаваюцца нават у ваду і ператвараюцца ў рыб. Вопытныя рыбаловы нізавошта не стануць есці злоўленай у час навальніцы рыбы, у якой чырвоныя вочы. Гэта, несумненна, Чэрці. Чэрці крадуць у жанчын неахрышчаных дзяцей ці падменьваюць сваімі. Калі такое Чарцяня панясуць хрысціць, яно зробіцца чорным катом ці казлянём, а таксама бараном ці сабакам (абавязкова чорнымі) і пабяжыць з рогатам. Тады Чэрці вяртаюць парадзісе ўкрадзенае дзіця. (Романов, с. 286.)
Паводле некаторых апавяданняў, у Чорта ёсць дзеці, якім строга адведзены сферы іх дзеянняў, - гэта Дамавікі, Лесавікі, Вадзянікі і Русалкі (Купалкі, Вадзяніцы). Таму, народжаныя ад шлюбу з Ведзьмаю, жыхаркаю зямлі, чортавы дзеці жывуць выключна на зямлі і не заглядваюць у пекла. Кожны дом, згодна з народным павер'ем, мае свайго Дамавіка, кожнае больш-менш значнае возера ці рака мае свайго Вадзяніка і Русалак; вялікі гай, густы дрымучы лес служыць жытлом свайго асобнага Лесуна. Чым гусцей і шырэй лес, тым страшней яго Лясун. Чым глыбей возера ці шырэй балота, тым больш грозны Вадзянік, які ў ім жыве і наадварот... Паводле другіх крыніц, Дамавікі, Лесуны і інш. паходзяць ад людзей, якія зрабілі цяжкае злачынства ці загінулі без надзеі на Бога - без крыжа на шыі і г.д.
(Дамавікі, Лесуны і інш.) раней былі «яжгалы», г.зн. анёлы, але на чале са старшым сваім захацелі пазбавіць Бога нябеснага ўладарання, за што Бог паразіў іх грамамі, перунамі, і яны паляцелі на зямлю. Адны трапілі ў балота і засталіся там, іншыя запыніліся ў лясах, трэція ўпалі ля чалавечага жытла. (Ляцкий I, с. 29-30.)
Кожны асілак мае ў сабе «чортава рабро», якое даецца яму наступным чынам. У адзін час і ў адным доме з асілкам нарадзілася Чарцяня, якое, як вядома, не п'е матчына малако. Пакуль хрысціянскае дзіця не атрымала хрышчэння, карыстаючыся матчыным і бабчыным недаглядам, Чорт прыносіць дзіця сваёй жонцы, каб здаіць малако, прычым апяразвае яго чортавым поясам між грудзьмі і жыватом. Пояс упіваецца ў цела, а ў час хрышчэння зацвердзявае і ўтварае новую пару рабрын. (Никифоровский I, с. 82-83.)
Беларусы ўяўляюць, што на дне непадступнай дрыгвы сядзіць старшы Чорт і адтуль рассылае падуладных яму Чарцей для спакусы людзей, слухае справаздачы пра іх дзейнасць, падае ім парады, як дасягнуць больш паспяховых вынікаў, і карае гультаяватых. Між імі існуе даволі доўгая іерархія, але сумленнасці ў іх асяроддзі няма і паміну; наадварот, падначаленыя ўсяляк імкнуцца падмануць начальнікаў, ухіліцца ад зададзенай работы, асабліва калі яна цяжкая і непрыемная, і пазбегнуць кары... Мяркуецца, што яны маюць палавыя і ўзроставыя адрозненні: ёсць Чэрці, Чартоўкі і Чарцяняты. Аднак Чорт не супраць уступіць у палавую сувязь і са звычайнай смяротнай. Ад такога кантакту нараджаюцца пачвары і вырадкі, якія не маюць ніякага падабенства з чалавекам. Адразу ж пасля нараджэння яны знікаюць з віскам і рогатам. (Богданович, с. 130-131.)
Нячыстая сіла даволі шматлікая. Сярод яе вылучаюць Д'ябла, Чорта, Сатану, Беса, Нячыстага духа, Анціпку бяспятага, Кадука, Паралюша. Сатана і Д'ябал старшыя, а ўсе астатнія - радавыя нячысцікі. Самым старшым лічыцца дзядуля Люцыпер, які развёў Чарцей. Чэрці жэняцца на Чарціхах і маюць дзяцей. Але акрамя Чарціх Чэрці знаюцца і з жанчынамі-ведзьмамі. Ад такой сувязі нараджаюцца пачвары з рагамі ці калматыя, са свіным лычом, ці без рук і ног. Чэрці жэняцца яшчэ на самазабойцах-жанчынах, а Чарціхі выходзяць замуж за самазабойцаў-мужчын... Чэрці лятаюць да сваіх жонак-ведзьмаў у выглядзе вогненных змеяў, праз комін. Чырвоныя змеі носяць ведзьмам грошы, жоўтыя - жыта, хлеб, белыя - воўну, а таксама муку. (Романов, с. 285-286.)
Нават самае малое дакрананне Чорта да Чартоўкі адразу ж дае Чарцяня; калі ж чортава пара ўвайшла ў ваду, у балота ды ўзялася за рукі - паміж рук пачынаюць плёскацца Чарцяняты, якіх за чвэрць гадзіны можа з'явіцца добрая сотня. Атрымліваюцца чыстакроўныя вольныя нячысцікі, адразу гатовыя да чартоўскай дзейнасці; для разводу іх толькі патрэбна Чартоўка. (Никифоровский II, с. 22-23.)
Нячысцікаў шмат размнажаецца толькі ўвосень, менш - зімою і зусім мала - увесну, да першага грому - магутнага знішчальніка іх на працягу ўсяго лета. Нямала гіне Чарцянят пры самым іх нараджэнні. Напрыклад, калі момант нараджэння Чарцяняці супаў з паўдзённым ці паўночным крыкам пеўня, які нябачна знаходзіўся паблізу, нованароджаны гіне ад «разрэзу», г.зн. ад уздзеяння пеўневага голасу: ён рассякаецца папалам, прычым раз'яднаныя часткі ўжо не могуць з'яднацца зноў. (Никифоровский II, с. 28.)
Асцерагаючыся добрай сілы як праціўніка сатанінскай, нячысцікі асабліва баяцца верхаводцаў граманоснай сілы - святых Юр'я і Іллі, з якіх першы кіруе грамамі вясною, а апошні - у астатні час, да самай глыбокай восені. Людзям ніколі не пералічыць, колькі тут гіне Чарцей: дакладна вядома, што кожны ўдар грому абавязкова трапляе ў нячысціка, а калі маланка бліснула накрыж і запаліла прадмет, за якім ці ў якім несумненна схаваўся нячысцік, - апошні загінуў. (Никифоровский II, с. 28-29.)
Пярун - гэта ні што іншае, як стрэл, якім святы Юрай забівае Чарцей. Пачуўшы першы ўдар, астатнія Чэрці пачынаюць хавацца за розныя прадметы, жывёл і людзей, якія маюць мала «хрышчонага», прычым накіраваны ў Чорта ўдар часам трапляе не ў яго, а ў прадмет, які засланяў яго. Таму, калі пачынаюцца грымоты, трэба перахрысціцца і перахрысціць месца вакол сябе, каб не падступіўся Чорт. (Никифоровский I, с. 212.)
Асабліва любіць Чорт жартаваць з п'янага. Пойдзе п'яны чалавек дадому, Чорт абавязкова прычэпіцца да яго па дарозе і выцягае яго ўсюды, дзе толькі сам пажадае. Загнюсіцца, замочыцца чалавек за гэты час - проста страх! І галоўнае, пакуль чалавек не падазрае, што з ім робіцца, то можа хадзіць па самых багністых балотах і азярынах, як па гладкай дарозе, хоць і бачыць будзе, што ідзе па непраходных месцах. Але як толькі прасветліць чалавека здагадка пра сапраўднае становішча спраў, то Чорт пакідае яго на тым самым месцы, чалавек губляе сваю чароўную здольнасць. (Демидович, гл. I, с. 113.)
Чорт рухавы, дасціпны і зласлівы, часта пляце людзям розныя штукі, парою шкодзіць. Уночы, напрыклад, водзіць ён па балотах п'яных людзей ці падарожнікаў, здараецца, некалі так зрок затуманіць, што чалавеку штосьці зусім іншае ўявіцца, чым тое, на што глядзяць яго вочы. Адным словам, ён невычэрпны ў сваіх штуках. (Federowski, s. 23.)
Людзям чэрці з'яўляюцца апоўдні і апоўначы і пераважна «на ростаньках» - перакрыжаваннях. І такія «бесы палудзённыя» вельмі небяспечныя, асабліва летам. У гэты час і здараецца ад іх больш за ўсё небяспекі: тыя, хто купаюцца ці ловяць рыбу, топяцца, жнеі рэжуць рукі, падарожнікі, паляўнічыя і леснікі блудзяць і г.д. Стараюцца таму поўдзень перачакаць. Асабліва любяць Чэрці п'яных. Напускаюць на іх туман, ваду і заводзяць у балота. Тут садзяць іх на купіну і, калі п'яны - музыкант, прымушаюць іграць, а самі скачуць. Ці пераконваюць п'яных, што яны знаходзяцца ў лазні. Тыя распранаюцца і лезуць у багну, а зімою ў гурбы, дзе і замярзаюць.
Калі на ноч не накрыць пасудзіну з вадою ці гарэлкаю, ці гладыша з малаком, то Чорт абавязкова апаганіць іх. І калі чалавек вып'е такой вады, гарэлкі ці малака не перахрысціўшыся, то Чорт і яго апаганіць. Гэтым тлумачаць шаленства тых п'яных, якія п'юць з раніцы. Відаць, з гарэлкаю яны выпілі бесавы спражненні. Ва ўсякім выпадку тыя, што пілі, апаганяцца і прахварэюць. Гэтаксама трэба хрысціць рот, калі пазяхаеш, інакш Чорт і там нагнюсіць. (Романов, с. 286-287.)
На зямлі дзейнічае Злы, які ўмее прымаць разнастайныя абліччы, шкодзіць людзям, спакушае іх на благія ўчынкі, падгаворвае на п'янства і крадзеж, гарэзнічае, напрыклад, на роўнай дарозе пераварочвае цяжка напоўненыя вазы, у зімовую пару засылае снежныя віхуры, указвае падманныя дарогі і г.д. (Jeleńska, s. 502.)
У некаторых мясцінах Чорт запальвае агеньчык побач з зямлёю і гэтым святлом гэтак затуманьвае вочы, што кожны мусіць заблудзіць, нават калі ішоў па ўласнай ніве. (Kibort, s. 397.)
Не трэба, ідучы праз лес, пераступаць цераз нявысахлыя галіны, што ляжаць каля дрэў, бо калі яны адламаліся без дапамогі ветру, то значыць - дзякуючы Д'яблу. Такім чынам можна заблудзіцца і не выбрацца, пакуль хто-небудзь не пакажа дарогу. (Pietkiewicz II, s. 37.)
Пыл слупам і віхор звычайна падымае Чорт, які хаваецца ад людзей ці ад святога Юр'я і нясецца ў віхурным вузле. Заўважыўшы апошні, кожны чалавек павінен саступіць убок, іначай Чорт як стукне неасцярожнага, то назаўсёды пашкодзіць ці ўсё цела, ці адзін член, ці зробіць яго слабым на розум. (Никифоровский I, с. 214.)
Калі здараецца летняй парою, віхор падніме слуп пылу, кажуць, што Д'ябал па полі гарцуе. Трэба ў такі слуп пырнуць нажом, і тады, калі трапіш у Д'ябла, на канцы ляза з'явіцца кропля крыві. Тыя кроплі трэба захаваць, і Д'ябал любое жаданне выканае. (Szukiewicz, z. 3, s. 272.)
Ён [Чорт] абавязкова прысутнічае на кожным вяселлі... і імкнецца ўсімі сіламі перашкаджаць выезду жаніха і нявесты ў царкву: нябачна трымае каня, які ўздрыгвае, пераступае з нагі на нагу, часта «абмірае» - словам, не дае паязджанам рушыць да тых пор, пакуль не ахрысцяць прастору перад канём і не перавядуць лейцы з аднаго боку хамута на другі. Гэтым не заканчваюцца свавольствы нячыстага. Па дарозе ў царкву ён можа перабегчы дарогу чорным зайцам, ваўком, і гэта заўсёды прадказвае няшчасце. Пасля вяртання маладых з царквы любімай забаваю «нячысціка» служыць сварка і бойка мужыкоў паміж сабою... Наогул, кажуць мужыкі: «Чорт бывае ўсюды, дзе толькі ёсць гарэлка: на гульнях, ігрышчах, на васэллі, на рынка�