Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Багдановіч Максім, нарадзіўся 9 снежня 1891 года ў Менску.

Бацька, Адам (1862-1940), вядомы этнограф, фалькларыст, мовазнавец, скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю і працаваў у Менску (1885-1892) загадчыкам 1-ай гарадской пачатковай навучальні.

Маці, Марыя (1869-1896), настаўніца па адукацыі, вучылася ў Земскай настаўніцкай школе ў Пецярбурзе.

Летам 1892 года сям'я Багдановічаў пераязджае ў Гародню. Тут побач з маці і братамі Вадзімам і Лёвам прайшлі самыя шчаслівыя гады дзяцінства Максіма. У 1896 годзе ва ўзросце 27 гадоў памірае маці, бацьку пераводзяць у Ніжні Ноўгарад, дзе ў 1902 годзе Максім паступае ў першы клас Ніжагародскай мужчынскай гімназіі.

Матэрыялы газет «Наша Ніва», «Наша доля», з якімі ён знаёміцца падчас вучобы ў гімназіі, значна паўплывалі на фарміраванне яго светапогляду. Ён вывучае беларускую мову і літаратуру. Ідэя нацыянальнага адраджэння Бацькаўшчыны становіцца мэтай і сэнсам яго жыцця.

Творчая дзейнасць Максіма Багдановіча пачалася з публікацыі алегарычнага апавядання «Музыка» (Наша Ніва. 1907. № 24. 6 ліп.). У 1908 годзе былі напісаны і апублікаваны першыя вершы «Прыйдзе вясна», «Над магілай», у якіх аўтар пазначыў месца напісання: Ніжні Ноўгарад.

У чэрвені 1908 года сям'я Багдановічаў пераязджае на пастаяннае месца жыхарства ў Яраслаўль. Максіма пераводзяць у шосты клас яраслаўскай гімназіі. Вясной 1909 года юнак захварэў на сухоты. Нягледзячы на хваробу, гады вучобы ў гімназіі былі плённымі ў творчасці. Газета «Наша Ніва» перыядычна друкуе вершы, у газеце «Голос» публікуюцца нататкі, рэцэнзіі, фельетоны, крытычныя артыкулы.

У 1909 годзе Адам Багдановіч адвозіць сына на лячэнне ў Крым. Захапленне паўднёвым краем, новае кола знаёмых, закаханасць - усё гэта паўплывала на рамантычны настрой юнака. Здароўе яго паляпшаецца.

З творамі М.Багдановіча ў 1909 годзе знаёміцца С.Палуян, супрацоўнік газеты «Наша Ніва». Вядомы публіцыст, крытык адыграў значную ролю ў творчым лёсе маладога паэта. Члены рэдкалегіі газеты «Наша Ніва» лічылі вершы М.Багдановіча «дэкадэнскімі», і яны захоўваліся ў архіве рэдакцыі. С.Палуян настаяў на іх публікацыі пасля пэўнага рэдагавання.

У 1911 годзе М.Багдановіч заканчвае гімназію і наведвае Вільню. Ён знаёміцца з братамі І. і А.Луцкевічамі, В.Ластоўскім, Б.І.Эпімах-Шыпілам. Па прапанове Луцкевічаў паэт жыве ў фальварку Ракуцёўшчына (непадалёк ад Маладэчна, дзе цяпер працуе філіял музея), што належаў іх роднаму дзядзьку В.Лычкоўскаму. Тут ён працуе над цыкламі вершаў «Старая Беларусь», «Места», піша вершы, якія складуць цыклы «Згукі Бацькаўшчыны», «Старая спадчына», а таксама стварае вершаваныя апавяданні «У вёсцы», «Вераніка».

У Вільні ў 1914 годзе ў друкарні Марціна Кухты выходзіць зборнік «Вянок» (на тытуле пазначаны 1913 год) з прысвячэннем: «Вянок на магілу С.А.Палуяну († 8 красавіка 1910 г.)».

У лісце да беларускай пісьменніцы В.Лявіцкай паэт пісаў: «Недахватаў рожных - гібель, ды кніжка гэта зусім маладая: вершы яе пісаліся з паловы 1909 да паловы 1912 гг., калі мне было 17-20 год. Але ў ёй усё ж такі ёсць і творчасць, і натхненне, і сур'ёзная праца» (Багдановіч М. Поўны зб. тв.: У 3 т. Мн., 1995. Т. 3. С. 258).

Паводле лістоў у газету «Наша Ніва» М.Багдановіч меў намер уключыць у зборнік раздзелы «Каханне і смерць» і «З чужой глебы» (пераклады). На жаль, гэтыя раздзелы не ўвайшлі ў «Вянок» і былі апублікаваны пасля смерці паэта.

М.Багдановіч здолеў падняць сапраўдныя «глыбы» ў даследаванні гісторыі беларускага пісьменства і закласці «трывалыя асновы нацыянальнага літаратуразнаўства і крытыкі» (М.Мушынскі). Першыя артыкулы «Глыбы і слаі» [1911], «За тры гады» [1913] даследчыкі лічаць пачаткам беларускай прафесійнай крытыкі.

М.Багдановіч стварае «навукова абгрунтаваную канцэпцыю развіцця беларускай літаратуры ад старажытнасці да пачатку ХХ ст.» («Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да ХVІ сталецця» [1911], «За сто лет» [1911], «Новый период в истории белорусской литературы» [1912], «Белорусское возрождение» [1914]).

У беларускім і расейскім друку перыядычна з'яўляюцца публіцыстычныя артыкулы, у якіх разглядаюцца пытанні гісторыі літаратуры, нацыянальныя і грамадска-палітычныя праблемы («Новая интеллигенция» [1914], «О гуманизме и неосмотрительности» [1914], «Белорусы» [1915]).

У 1914 годзе М.Багдановіча прымаюць у правадзейныя члены «Всероссийского общества деятелей периодической печати и литературы».

У 1915 годзе М.Багдановіч зноў едзе на лячэнне ў Крым.

Цяжкая хвароба ўсё часцей прыпыняла творчую працу. Пераадольваючы яе жорсткія праявы, паэт піша паэму «Максім і Магдалена», цыкл «На ціхім Дунаі» (вершы беларускага складу) і іншыя творы.

У верасні 1916 года М.Багдановіч заканчвае Яраслаўскі юрыдычны ліцэй. Ён марыць аб выданні новых паэтычных зборнікаў: «Маладзік» або «Красавік», «Пярсцёнак», «Шыпшына», «Полынь-трава». Але здзейсніць свае творчыя планы М.Багдановіч, на жаль, не паспеў.

Восенню 1916 года ён пераязджае ў Менск і пачынае працаваць сакратаром у харчовым камітэце менскай губернскай управы. Жыве на кватэры З.Бядулі, дзе сустракаецца з А.Смолічам, З.Верас, Ядвігіным Ш., А.Паўловічам, У.Галубком... Асяроддзе аднадумцаў натхняе паэта на творчасць і актыўную грамадскую дзейнасць. У гэты перыяд ён піша вершы «Страцім-лебедзь», «Пагоня».

У канцы лютага 1917 года М.Багдановіч назаўсёды пакідае Менск. 25 траўня 1917 года ў Ялце ў творчым росквіце абарвалася жыццё таленавітага мастака, які за кароткі час «здолеў здзейсніць свой найвялікшы творчы подзвіг - стаць побач з Янкам Купалам і Якубам Коласам першай зоркай на небасхіле нацыянальнай паэзіі, аказацца ў цэнтры літаратурна-грамадскага руху Беларусі пачатку ХХ ст., быць лепшым крытыкам і гісторыкам роднай літаратуры, яе класікам, выдатным перакладчыкам і празаікам» (А.Лойка).

Спадчына Максіма Багдановіча ўвайшла ў залаты фонд беларускай культуры.

Крыніца: Максім Багдановіч. Маладыя гады: Выбранае. Менск, Мастацкая літаратура, 2001.

Рознае   Рознае
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2018