Панчанка Пімен (1917-1995), нарадзіўся ў сям'і рабочага. Бацька, Емяльян, і маці, Дар'я, - бедныя сяляне, якія ў пошуках заробку выехалі ў Прыбалтыку з роднай вёскі Гедэйкі Ашмянскага пав. Віленскай губерні. Пасля рэвалюцыі вярнуліся ў Беларусь. Бацька працаваў у Бягомлі, Кіраўску, Талачыне аб'ездчыкам, прарабам, лесаводам. У 1932 г. Пімен Панчанка скончыў Бягомльскую сямігодку, падрыхтоўчыя курсы для паступлення ў ВНУ (г. Горкі Магілеўскай вобл.). Са студзеня па жнівень 1933 г. быў рабочым дрэваапрацоўчага камбіната ў Бабруйску. Пасля сканчэння гадавых педагагічных курсаў (1933-1934) працаваў загадчыкам Алянскай пачатковай школы Бабруйскага раёна (1934-1935). У 1935-1938 гг. - настаўнік Казуліцкай НСШ Кіраўскага раёна, у 1938-1939 гг. - выкладчык мовы і літаратуры Кіраўскай СШ. Адначасова завочна вучыўся на філалагічным факультэце Менскага настаўніцкага інстытута. З верасня 1939 г. да 1946 г. знаходзіўся ў Чырвонай Арміі. Прымаў удзел у вызваленні Заходняй Беларусі (1939). У гады Вялікай Айчыннай - вайны спецыяльны карэспандэнт у армейскіх і франтавых газетах. Вершы, фельетоны, прыпеўкі Пімена Панчанкі змяшчаліся ў раздзеле «Па карку недавярку» (газета «За свабодную Беларусь», Калінінскі фронт), у сатырычных выданнях «Партызанская дубінка», «Раздавім фашысцкую гадзіну» і інш. Быў на Бранскім, Заходнім, Калінінскім, Паўночна-Заходнім франтах. У 1944-1945 гг. з часцямі Чырвонай Арміі знаходзіўся ў Іране. З 1946 г. - загадчык аддзела рэдакцыі часопіса «Вожык», з 1948 г. - загадчык аддзела, потым намеснік галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва». У 1953-1958 гг. - галоўны рэдактар альманаха «Советская Отчизна», у 1958-1966 гг. - часопіса «Маладосць». З 1966 г. - сакратар праўлення СП Беларусі. З 1972 г. на творчай рабоце. У 1958 г. як член дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XІІІ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1959-1967 гг., 1971-1990 гг. Быў старшынёй Рэспубліканскага камітэта абароны міру. Член Рады СП Беларусі (з 1990 г.). Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны 2-й ступені, Кастрычніцкай рэвалюцыі, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума - «Знак Пашаны», медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

Першыя вершы П.Панчанкі «Ураджайнае» і «Моладзі» надрукаваны ў альманаху «Ударнікі» (1934. № 3). Асноўныя матывы яго даваеннай творчасці - услаўленне паслярэвалюцыйнай рэчаіснасці, працоўных будняў краіны, выяўленне патрыятычных пачуццяў (зборнікі вершаў «Упэўненасць», «Вераснёвыя сцягі»). У гады Вялікай Айчыннай вайны яго патрыятычная, часам трагічная або сатырычная паэзія падтрымлівала веру людзей у перамогу над ворагам. Падрыхтаваны да друку трэці зборнік вершаў П.Панчанкі «Трывожныя зарніцы» ў час вайны згарэў. Аўтар паэтычных зборнікаў «Табе, Беларусь», «Дарога вайны», «Далёкія станцыі». Свае ўражанні аб знаходжанні ў Іране (1944-1945) Пімен Панчанка адлюстраваў у цыкле «Іранскі дзённік» (1944-1947). Суровай памяццю аб вайне, імкненнем да сацыяльнай дзейнасці паэзіі, тэмай мірнай працы прасякнуты зборнікі «Гарачыя вятры», «Прысяга», «За шчасце, за мір!», «Шырокі свет». Вынікам паездак за мяжу з'явіліся «Кніга вандраванняў і любові», «Нью-Йоркскія малюнкі», «Тысяча небасхілаў», «Чатыры кантыненты». У зборніках «Снежань», «Крык сойкі», «Вячэрні цягнік», «Маўклівая малітва», «Лясныя воблакі», «І вера, і вернасць, і вечнасць» у поўную меру выявіліся лепшыя рысы таленту паэта, прыйшла сапраўдная пара творчай сталасці. Паэт яскрава выражанага грамадзянска-публіцыстычнага тэмпераменту, глыбока ўражлівы, заўсёды па-маладому няўрымслівы, ён вядзе непрымірымы бой за маральна-этычную вартасць чалавечай асобы, за яе грамадзянскую існасць, за нацыянальную свядомасць і культуру беларускага народа. Глыбокі лірызм, роздум спалучаюцца ў паэта з публіцыстычнай адкрытасцю, трыбуннасцю і сатырычным пафасам. Вядомы П.Панчанка і як крытык. Ён пераклаў на беларускую мову асобныя творы Т.Масэнкі, А.Міцкевіча, М.Нагнібеды, Я.Райніса, А.Суркова, Б.Чалага, Ф.Шылера і інш. Песні на вершы П.Панчанкі напісалі Ў.Алоўнікаў, А.Багатыроў, І.Лучанок, Д.Смольскі і інш.

Член СП Беларусі з 1938 г. Народны паэт Беларусі (1973). Ганаровы акадэмік АН Беларусі (1994). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1981 г., за кнігу вершаў «Где ночует жаворонок?»), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я.Купалы (1968 г., за зборнік вершаў «Пры святле маланак»), Літаратурнай прэміі імя Я.Купалы (1959 г., за паэму «Патрыятычная песня»).

Крыніца: Пімен Панчанка. Жытнёвы звон. Менск, Мастацкая літаратура, 2002.

Паведаміць пра недакладнасьць