варона
вісець як варона на калку. Пруж. Насмешл. Пра нязручнае сядзенне каго-н. на чым-н. ФА.
гарланіць як варона. Няўхв. Пра моцны крыклівы голас чалавека. Янк., 11.
глядзець як варона. Ваўк. п. Няўхв. Пра насуплены, але зацікаўлены позірк каго-н. Шпилевский, 178; Tyszkiewicz, 426; Federowski, 109.
глядзець як варона на косць. Маст. Няўхв. Пра злосны, прагны позірк. Даніловіч, 215.
грагаць як варона. Шчуч. Няўхв. СПЗБ 3, 26. Тое, што гарланіць як варона.
гракаць як варона. Ваўк. п. Няўхв. Federowski, 97; ФА; СЦБ, 100. Тое, што гарланіць як варона.
Дурань як варона, а хіцёр як чорт. Прык. Пра чалавека, які прыкідваецца прастаком, але такім не з'яўляецца. Federowski, 85.
дурны (глуп) як варона. Сак. п., Шчуч. Няўхв. Пра вельмі дурнога чалавека. Federowski, 86; Сцяшковіч, 613. ≺ Варона - фальклорны сімвал дурноты.
жыць як варона на колічку. Раг. Няўхв. Пра немаёмаснага чалавека, бедняка. СПЗБ 2, 171.
збірацца куды як варона ў вырай. Капыл. Няўхв. Пра марудлівыя зборы куды-н. ДА.
змокнуць як варона. Карэл. Насмешл. Пра жанчыну, што патрапіла пад дождж. Высл. 329.
зяваць як варона. Хоц. Іран. Пра незадачлівую спявачку. ЛЦ, 71.
каркаць як варона. Сміл. Насмешл. Пра гаворку, расказ некага не вельмі шанаванага. Шатэрнік, 131.
каркаць як варона гервяцкая. Астр. Насмешл. ФА. Тое, што каркаць як варона.
кошкацца як варона. Няўхв. Пра нейчую бесталковую работу. СПЗБ 2, 511.
крычаць як варона на дождж. Маладз. Насмешл. Пра няўцямна крыклівую асобу. Высл., 329.
маўчаць як варона. Сміл. Іран. Пра звяглівую, крыклівую, балбатлівую асобу. Шатэрнік, 156; Высл., 345.
Мужык глядзіць як варона, a хіцёр як чорт. Прык. Гаворыцца як ацэнка хітрасці і праніклівасці мужыка, селяніна. Ляцкий, 21; Czeczot, 111; Federowski, 192; Kolberg, 472.
Мужык дурны як варона, а хітры як чорт. Аксамітаў, 203. Тое ж.
нарабіць як варона на хвасце панясе. Гродз. Пагардл. Пра малыя вынікі чыёй-н. працы. Federowski, 198.
разявіць горла як варона. Ваўк. п. Няўхв. Пра крыклівую асобу. Federowski, 112.
расхадзіцца як варона на дождж. Астр. Насмешл. Пра шумныя, узбуджаныя паводзіны кагосьці. Арх. Гр.
расшугакацца як загумённая варона. Мсцісл. Насмешл. Юрчанка, 313. Тое, што расхадзіцца як варона на дождж.
спяваць як варона (на галіне). Мін. Насмешл. ЛЦ, 123. Тое, што зяваць як варона.
трапіць як варона ў кісель. Астр. Насмешл. Пра недарэчнае траплянне ў якую-н. прыкрую сітуацыю. Даніловіч, 215.
тырчаць (сядзець, круціцца) як варона на палцы (калу). 1. Уздз., Слон. Няўхв. Пра нейкага не вельмі ўдалага чалавека. Высл. 402. 2. Леп. ЗВалодзінай. Тое, што вісець як варона на калку.
углядацца як варона ў шпік. Астр. Няўхв. Пра пільны, прагны позірк на што-, каго-н. Даніловіч, 215.
хітра сказаць як варона. Чэрв. Іран. Пра жанчыну, што нешта не дарэчы сказала. Высл., 409.
Хітры наш брат як чорт, але і дурны як варона. Гл. чорт.
ціліпацца як варона на калку. Лаг. Насмешл. Пра таго, хто дрэмле седзячы. Варлыга 1966, 91.
чорны як варона. Лаг. Пра некага чорнага. Мін.-Мал., 1974, 47.
як мокрая варона. Няўхв. Пра неахайную, непрывабную, засмучаную жанчыну. БПФС, 39.
як вароне на хвасце панесці чаго. Пра нязначную колькасць чаго-н. Санько, 208.
глядзець на каго як на варону. Ваўк. п. Пра пагардлівы, недружалюбны позірк. Federowski, 109.
як чорт варону пагнаў. Гл. чорт.
галдзяць, як вароны, бабы сабраўшыся. Віл. Няўхв. Пра шумлівую бесталковую гаворку натоўпу жанчын. СПЗБ 1, 410.
злятацца як вароны на здыхляціну. Мін., Чэрык. Пагардл. Пра збор людзей, зацікаўленых у нечым карыслівым. ЛЦ, 53.
сядзець як загуменныя вароны. Астр., Люб. Насмешл. Пра ціхае, мала заўважнае жыццё, сядзенне нейкіх людзей. ФА.
У мяне як у вароны - няма абароны. Бераст. Прык. Пра безабароннае жыццё каго-н. Янкоўскі, 7; Даніловіч 1997, 139. ≺ У народнай традыцыі варона - вобраз не шанаваны і ганьбаваны.
бу ворона зехаць. Жытк. Няўхв. Пра непрызваітае пазяханне чалавека. ТС 2, 152.
бы ворона розявіць рот да роззіраць. Стол. Насмешл. Пра чалавека, які так захапіўся разглядваннем чаго-н., што раскрыў рот. ТС 4, 303.

Паведаміць пра недакладнасьць