гаршчок
пазбыткавацца як кацёл з гаршка. Гл. кацёл.
памалу як з гаршкамі на торг. Ваўк. п. Пра павольную, асцярожную язду. Federowski, 215.
ехаць як з гаршкамі. Ваўк. п., Зэльв. Federowski, 128; Даніловіч, 226. Тое, што памалу як з гаршкамі на торг.
сядзець як гаршкі. Гом. Жарт. Пра дзяўчат, што доўга не ідуць замуж. ЗВалодзінай.
як таўкач кала гаршкоў. Гл. таўкач.
бы ў гаршку кіпіць. Слуцк. 1. Пра мноства людзей, што знаходзяцца ў пастаянным хваляванні, узбуджэнні. 2. Пра набліжэнне навальніцы, імклівае перамяшчэнне хмарак, грымоты. Сержпутоўскі 1998, 35.
варыць як у гаршку. Зэльв. Пра душнае, парнае надвор'е. Сцяцко 2005, 22.
вісець як у гаршку. Бар. Пра хмурнае надвор'е. АВНЛ.
вяшчуешся як рак у гаршку. Гл. рак.
кіпець як вада ў гаршку. Гл. вада.
круціцца як вьюн у гаршку. Гл. уюн.
парыць як у гаршку. Шчуч. Пра вялікую парнасць перад дажджом. Нар. слов., 45.
прайшоў век як у гаршку пракіпеў. Пра бязладна, у цяжкасцях пражытае жыццё. Ройзензон, 76.
як у гаршку. Шчуч. Пра ціхае, бязветранае надвор'е. СПЗБ 3, 228.
закопчаны як стары гаршчок. Слон. Насмешл. Пра бруднага, счарнелага чалавека. Высл., 323.
сядзець рукі злажыўшы як апошняе ў гаршчок палажыўшы. Гл. апошняе.
мозгоўня бы горшок стоўбуноваты. Драг. Няўхв. Пра не надта разумную, цяжкую да думак галаву. Лучыц-Федарэц, 222.
стары чоловек ек горшчок разбіты. Жытк. Пра нядужасць старых людзей. ТС 4, 297.

Паведаміць пра недакладнасьць