Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
Элемэнтарная матэматыка (БНТ) (898 артыкулаў)
 
а  б  в  г  д  е/ё  з  и  к  л  м  н  о  п  р  с  т  у  ф  х  ц  ч  ш  э  


 

Створана на падставе:

Элемэнтарная матэматыка (Арытмэтыка, Альгэбра, Геомэтрыя, Трыгономэтрыя, Асновы Аналітычнай Геомэтрыі і Вышэйшага Аналізу). Менск: Інбелкульт, 1922.

Прадмова

Выходзячая ў сьвет «Беларуская тэрмінолёгія элемэнтарнай матэматыкі» зьяўляецца вынікам працы Матэматычнай Сэкцыі Беларускай Навукова-Тэрмінолёгічнай Камісіі, утворанай у лютым 1921 году, і Прыродазнаўчага Аддзелу Інстытуту Беларускае Культуры (з пачатку 1922 году).

Праца гэтая вялася ў наступным парадку: кожны з членаў Матэм. Сэкцыі браў на сябе апрацаваньне ў чатырох мовах (расейскай, польскай, украінскай і беларускай) тэрмінолёгіі пэўнай галіны матэматыкі і свой проект падаваў на разгляд Матэм. Сэкцыі. Прынятая Сэкцыяй тэрмінолёгія канчаткова зацьверджвалася агульным сходам Нав.-Тэрм. Камісіі, а ў Інстытуце Беларускай Культуры - агульным сходам Прыродазнаўчага Аддзелу.

У аснову матэматычнай тэрмінолёгіі паложаны словы, істнуючыя ў жывой народнай мове, як астача, бок, велічыня, вышыня, вылічыць, даўжыня, дуга, кірунак, лік і г.д. Але, дзякуючы абстрактнасьці матэматычных разуменьняў, такіх чыстых тэрмінаў народная мова мае надта мала. Дзеля гэтага прыходзілася або ўтвараць нэолёгізмы, або браць чужаземныя тэрміны. Нэолёгізмы ўтвараліся выключна на аснове істнуючых у жывой мове слоў, згодна з унутраным сэнсам данага тэрміну і з законамі беларускае мовы. Такім чынам, зьявіліся тэрміны: прастора, ступень, уяўны, дасьледаваньне, адмоўны, простакутнік і г.д.

У тых выпадках, калі ў народнай мове ня было адпаведных слоў, або калі ўтвораныя нэолёгізмы былі вельмі штучныя, або, урэшце, калі даныя тэрміны прынялі ўжо інтэрнацыянальную ахварбоўку, - прыймаліся чужаземныя тэрміны, як, напрыклад: гомотэтыя, інтэрполяцыя, дыфэрэнцыял, інтэграл, факторыял, модуль і г.д.

У некаторых выпадках (як компроміс пры асабліва спрэчных тэрмінах) прыймаліся па два тэрміны: чужаземны і беларускі (нэолёгізм). Такім чынам зьявіліся: аксіома і пэўнік, дырэктрысы і кіраўніцы, дыскрымінант і адрозьнік, сымэтрыя і суразьмернасьць і г.д.

Часам у слоўніку сустрачаюцца па два беларускія тэрміны на адзін расейскі. Гэта бывае тады, калі расейскі тэрмін можа ўжывацца ў двох розных сэнсах (напрыклад, расейскае «заключение» можна разумець у сэнсе «заключэньня», як трэцяй часткі ўсяго разважаньня, і ў сэнсе «вываду», як выніку з разважаньня).

Па ўсіх галінах матэматыкі (арытмэтыка, альгэбра, геомэтрыя, трыгономэтрыя, аналітычная геомэтрыя і вышэйшы аналіз) аўтарамі было запрапанована больш за 2 тысячы тэрмінаў; посьле падвойнага фільтру (сэкцыі і агульнага сходу) было прынята да 1200 тэрмінаў.

Пры тэхнічнай апрацоўцы данага слоўніка гэты лік быў скарочаны да 900.

Апрацаваньне тэрмінолёгіі паасобных галін матэматыкі належыць:

  • па арытмэтыцы - Л.Більдзюкевічу і Ф.Бураку,
  • па геомэтрыі і трыгономэтрыі - Ф.Бураку,
  • па альгэбры, аналітычнай геомэтрыі і вышэйшаму аналізу - А.Круталевічу.

Сэкрэтар Прыродазнаўчага Аддзелу Інстытуту Беларускай Культуры А.Круталевіч.

Менск, сьнежань, 1922.

 
Элемэнтарная матэматыка (БНТ)   Элемэнтарная матэматыка (БНТ)
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2022