Слоўнік матэматычнае тэрмінолёгіі (проект) (БНТ)

(3555 артыкулаў)

Слоўнік матэматычнае тэрмінолёгіі (проект) (БНТ)

Створана на падставе:

Слоўнік матэматычнае тэрмінолёгіі (проект). Менск: Інбелкульт, 1927.

Ад Галоўнае Тэрмінолёгічнае Камісіі

Апрацоўка матэматычнае тэрмінолёгіі была распачата яшчэ ў 1921 г. Матэматычнаю Сэкцыяю Беларускае Навукова-Тэрмінолёгічнае Камісіі. Вынікам гэтае работы зьявіўся проект тэрмінолёгіі элемэнтарнае матэматыкі, які быў надрукованы ў канцы 1922 году.

Непаўната гэтага проекту, няўдаласьць і штучнасьць некаторых нэолёгізмаў, філёлёгічныя няправільнасьці іншых тэрмінаў, а таксама аддаленасьць апошніх ад інтэрнацыянальнае матэматычнае мовы − выклікалі адпаведную крытыку (на Фіз.-Матэматычнай Конфэрэнцыі ў 1926 г., на Настаўніцкім зьезьдзе ў тым-жа годзе, а таксама ў друку). Гэта прымусіла Галоўную Тэрмінолёгічную Камісію злажыць у 1926 г. спэцыяльную Матэматычную Камісію для перагляду старой тэрмінолёгіі і для апрацоўкі тэрмінолёгіі вышэйшае матэматыкі. У склад гэтае Камісіі Прыродазнаўчаю Сэкцыяю ІБК былі запрошаны: проф. А. Міхайлоўскі, Я. Пятосін, Ул. Дыдырка, К. Гадыцкі-Цьвірка, Ант. Лёсік, Ад. Міцкевіч і А. Круталевіч (апошні ў якасьці старшыні і ўкладчыка пачатковага проекту тэрмінолёгіі).

Зложаны гэтаю Камісіяю проект тэрмінолёгіі ў ліку 3.551 тэрмінаў быў разгледжаны вясною 1927 г. Галоўнаю Тэрмінолёгічнаю Камісіяю (у складзе старшыні Камісіі Яз. Лёсіка, яе членаў − Ів. Луцэвіча (Янка Купала), Кан. Міцкевіча (Якуб Колас), Л. Цьвяткова і сэкратара А. Гурла) і зацьверджаны з некаторымі зьменамі і папраўкамі для друку ў форме слоўніку матэматычнае тэрмінолёгіі ў дзьвюх мовах − расійскай і беларускай.

Слоўнік гэты, як і папярэднія тэрмінолёгіі, выходзіць у сьвет, як проект, які ў далейшым можа зьмяняцца, калі запатрабуе таго навуковы досьлед ці пэдагогічная практыка.

Выпускаючы ў сьвет кожную тэрмінолёгію, Г.-Тэрмінолёгічная Камісія і далей зьбірае тэрмінолёгічны матар’ял − народны і літаратурны, − каб у наступных выданьнях пашыраць і выпраўляць тое, што, на падставе новага матар’ялу, будзе вымагаць належных выправак і дадаткаў.

Даць дакладную тэрмінолёгію тае ці іншае галіны навукі, якая-б у поўнай меры адпавядала навуковасьці і здавальняла-б пэдагогічную і штодзённую практыку, − справа нялёгкая, і Камісія лічыць, што ўдасканаліць сваю работу яна зможа толькі ў тым выпадку, калі на помач ёй прыдзе актыўная работа ўсіх зацікаўленых асоб і ўстаноў. Вось чаму Камісія зварачаецца да іх з просьбаю дапамагчы ёй у цяжкай справе распрацаваньня беларускае навуковае тэрмінолёгіі.

Сабраны тэрмінолёгічны матар‘ял з тае ці іншае галіны веды або ўвагі, папраўкі і дадаткі да тае ці іншае надрукаванае тэрмінолёгіі Камісія просіць надсылаць у Інбелкульт (Менск, Революцыйная вул., 21) на імя Галоўнае Тэрмінолёгічнае Камісіі. Корэспондэнцыя на імя Інбелкульту паштовай аплаце не падлягае.

Галоўная Тэрмінолёгічная Камісія.

Менск, 15/VI−27 г.

Паведаміць пра недакладнасьць