Слоўнік бугальтэрскае тэрмінолёгіі (БНТ)

(1643 артыкулаў)

Слоўнік бугальтэрскае тэрмінолёгіі (БНТ)

Створана на падставе:

Слоўнік бугальтэрскае тэрмінолёгіі (проект). Менск: Інбелкульт, 1928.

Прадмова

У бугальтэрскую тэрмінолёгію ўвайшлі усе тыя тэрміны і паняцьці ўрадовай, гандлёвай і прамысловай гаспадаркі, з якімі кожны бугальтар ці рахункавод спатыкаецца ў сваёй штодзённай працы.

Пераважная частка слоў у гэтай тэрмінолёгіі − інтэрнацыянальная, бо большасьць іх настолькі пашырана цяпер сярод рахункаводаў і ў канцэлярыях, што няма канечнае патрэбы перакладаць іх пабеларуску або тварыць нэолёгізмы.

Пачатковы проект гэтае тэрмінолёгіі апрацаваны быў былым членам старога ІБК А. Паўловічам сумесна з галоўным бугльтарам Наркамзема Д. Крывадубам і Наркамасьветы М. Эвенчыкам. Значныя дадаткі ўнёс у гэты проект дарэктар Віцебскага Гандлёвага Тэхнікуму Г. П. Поляк.

У кастрычніку 1927 году проект перагледжан, выпраўлен і зацьверджан Інстытутам Навуковае Мовы.

Слоўнік бугальтэрскае тэрмінолёгіі, як і ўсе папярэднія тэрмінолёгіі, выходзіць у сьвет як проект і мае дыскусыйны характар. У далейшым ён можа зьмяняцца, калі запатрабуе таго штодзённая практыка, але для рахункаводаў і аўтараў бугальтарскіх падручнікаў гэтая тэрмінолёгія зьяўляецца абявязковаю, покі ня зроблены будуць зьмены, прынятым у Інбелкульце парадкам.

Выпускаючы ў сьвет кожную тэрмінолёгію, Інстытут Навуковае Мовы і далей зьбірае тэрмінолёгічны матар‘ял − народны і літаратурны, каб у наступных выданьнях пашыраць і выпраўляць тое, што на падставе новых даных будзе вымагаць патрэбных дадаткаў і паправак.

Даць дакладную і дасканалую тэрмінолёгію, якая-б у поўнай меры адпавядала навуковасьці і практычнасьці − справа нялёгкая і І. H. М. лічыць, што ўдасканаліць сваю работу ён зможа толькі ў тым выпадку, калі на помач яму прыдзе актыўная праца ўсіх зацікаўленых асоб і ўстаноў. Дзеля гэтага Інстытут Навуковае Мовы зварачаецца да ўсіх з просьбаю надсылаць яму свае ўвагі і папраўкі.

Сабраны матар‘ял з тае ці іншае галіны навукі або ўвагі да тае ці іншае надрукаванае тэрмінолёгіі трэба пасылаць у Інбелкульт (Менск, Рэволюцыйная вул., № 21) на імя Інстытуту Навуковае Мовы. Корэспондэнцыя на імя Інбелкульту паштовай аплаце не падлягае.

Інстытут Навуковае Мовы.

Менск, 10-XI-27 г.

Скарачэньні.

Сл. Н. = Слоўнік Насовіча.

H. T. 10. = Праўная тэрмінолёгія.

Паведаміць пра недакладнасьць