Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
Слоўнік беларускай мовы (113935 артыкулаў)
 
а  б  в  г/ґ  д  е  ё  ж  з  і  й  к  л  м  н  о  п  р  с  т  у  ў  ф  х  ц  ч  ш  э  ю  я  


Створана на падставе:
Слоўнік беларускай мовы. Менск: Беларуская навука, 2012. ISBN 978-985-08-1365-7

Найбольш поўнае акадэмічнае выданне слоўніка падрыхтавана з улікам змен, што адбыліся ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». У аснову рэестра слоўніка, які ўключае каля 150 тыс. слоў, пакладзены рэестр «Слоўніка беларускай мовы» 1987 года выдання, значна дапоўнены лексікай, што ўвайшла ва ўжытак у апошнія дзесяцігоддзі, а таксама лексікай, якая можа вызваць цяжкасці пры напісанні па новых правілах. Разлічаны на мовазнаўцаў, настаўнікаў беларускай мовы, выкладчыкаў і студэнтаў філалагічных факультэтаў, журналістаў, пісьменнікаў, рэдактараў і ўсіх, хто карыстаецца беларускай мовай.

Інтэрнэт-рэдактар: Выстаўлена толькі частка слоўніка - неўзабаве будзе давыкладзена прыкладна 470 словаў. Перапрашаем за нязручнасьці.

Спіс прынятых скарачэнняў

адз. – адзіночны лік
В – вінавальны склон
выбухн. – выбухны (гук)
выкл. – выклічнік
Д – давальны склон
ж. – жаночы род
займ. – займеннік
зак. – закончанае трыванне
злучн. – злучнік
лінгв. – лінгвістыка
ліч. – лічэбнік
м. – мужчынскі род
М – месны склон
мн. – множны лік
Н – назоўны склон
н. – ніякі род
наз. – назоўнік
незак. – незакончанае трыванне
нескл. – нескланяльнае слова
прым. – прыметнік
прыназ. – прыназоўнік
прысл. – прыслоўе
Р – родны склон
Т – творны склон
у інш. знач. – у іншых значэннях
часц. – часціца
чаго-н. – чаго-небудзь
што-н. – што-небудзь



РЭЦЭНЗІІ:
Іван Лепешаў. Слоўнік добры, але не надта...

На пачатку 1999 года быў апублікаваны акадэмічны праект новай рэдакцыі «Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». А ў кастрычніку гэтага ж года «Настаўніцкая газета» змясціла інтэрв'ю з дырэктарам Інстытута мовазнаўства акадэмікам А.Падлужным, пад кіраўніцтвам якога ажыццяўляўся праект новага правапісу. Аляксандр Іосіфавіч выказваў спадзяванне, што да сярэдзіны 2000 года будзе адпаведная ўрадавая пастанова аб увядзенні ў дзеянне абноўленых правілаў, а да канца года плануецца перавыдаць папраўлены і дапоўнены акадэмічны «Слоўнік беларускай мовы». Але толькі праз 10 гадоў, з 1-га верасня 2010 года, уступіў у сілу Закон «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», а памянёны вышэй «Слоўнік» толькі зусім нядаўна, у траўні, паступіў у продаж. Ужо гэты факт такога стаўлення да беларускай мовы на дзяржаўным узроўні пра многае гаворыць сам за сябе.

«Слоўнік беларускай мовы» (2012; 916 с.; 3000 экз.) з'яўляецца нарматыўным даведнікам і разлічаны на ўсіх, хто практычна карыстаецца беларускай пісьмовай мовай. Ён значна адрозніваецца ад свайго папярэдніка, які выйшаў у 1987 г. і змяшчаў 118 тысяч слоў. У новым выданні - каля 150 тысяч лексічных адзінак з неабходнымі звесткамі пра іх напісанне, месца націску, формы скланення і спражэння, напрыклад:

бунтар -ра, -ру, -роў

глядзець незак., -джу, -дзіш, -дзіць, -дзім, гледзіце, глядзяць

У папярэднім слоўніку (1987 г.) падаваліся нормы не толькі арфаграфічныя, акцэнтуацыйныя, словазмяняльныя, але і арфаэпічныя (вымаўленчыя); скажам, для прыметніка гарадскі паказвалася ў квадратных дужках вымаўленне той часткі гэтага слова, якая адрозніваецца ад напісання: [цк]; або: цвет [цьве], мазгі [з выбухным г], вакзал [гз - з выбухным г]. На жаль, у новым выданні (2012 г.) не падаюць інфармацыю аб вымаўленні і матывуюць гэта тым, што «асноўнай задачай слоўніка з'яўляецца захаванне адзінства пісьмовай беларускай мовы».

Новае выданне не толькі папоўнілася больш як 30-цю тысячамі слоў, але ў яго ўнесены і шматлікія змены ў нормы пэўных слоў або спалучэнняў. Напрыклад, трохзначны акалічнасны выраз на дзіва цяпер рэкамендуецца пісаць не як прыслоўе (надзіва), а ў два словы (як у рускай і ўкраінскай мовах). Нормай для назоўніка дыялог у родным склоне адзіночнага ліку цяпер узаконены канчатак (дыялогу). Месца націску ў словах неапраўданы, габляваны замацоўваецца на суфіксе -ан- (замест ранейшых варыянтаў: неапраўданы, неапраўданы, габлёваны, габляваны).

Лічыцца, што назоўнік водар прыйшоў да нас з польскай мовы (odór), куды ён трапіў з лацінскай мовы (odor). Адбыліся і семантычныя змены: у лацінскай мове ён абазначаў проста 'пах', у польскай - 'непрыемны пах, смурод', у беларускай - 'прыемны пах, духмянасць'. Акадэмічны «Беларуска-рускі слоўнік» і «Арфаграфічны слоўнік» М.Лобана і М.Судніка рэкамендавалі пісаць гэты назоўнік і вытворны ад яго прыметнік водарны праз «а» пасля «д». У некаторых іншых сучасных слоўніках дапускаецца дваякае напісанне і вымаўленне: водар і водыр, водарны і водырны. Думаецца, варта вярнуцца да адзінай нормы гэтых слоў, бо ў сучасным друку яны, як правіла, пішуцца праз «а» пасля «д». Улічваючы сучасную маўленчую практыку, трэба было б уніфікаваць і такія дваякія напісанні, як мачаха і мачыха, зарава і зарыва - на карысць першага варыянта ў гэтых парах.

Але ўся бяда ў тым, што складальнікі «Слоўніка беларускай мовы» не мелі пад рукамі абноўленай і папоўненай шматмільённай фундаментальнай картатэкі - як крайне неабходнай матэрыяльнай асновы даведніка. Сорамна і прыкра казаць пра гэта, але мусіш: пачынаючы з сярэдзіны 80-х гадоў, пасля таго як закончылася выданне пяцітомнага «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы», у акадэмічным Інстытуце мовазнаўства перасталі папаўняць картатэку. З таго часу ні франтальнага, ні выбарачнага распісвання сучаснай беларускай літаратуры не робіцца.

Таму даводзіцца здзіўляцца, на якой падставе ў новым «Слоўніку» асобныя словы даюцца неяк інакш, чым было ў выданні 1987 г. Да прыкладу, у СБМ-87 падаваліся як тры варыянты аднаго слова: іржаны і ржаны, часцей аржаны. У СБМ-12 на сваіх алфавітных месцах змешчаны не як варыянты, а як самастойныя словы аржаны, іржаны, а ржаны зусім адсутнічае. Гэтак жа, не як варыянты, а як асобныя лексічныя адзінкі, пададзены, напрыклад, такія словы: загарадка, загарадка; заплеснець, запляснець; завербаваны, завярбованы; заценены, зацянёны; погаласка, пагалоска; мышленне, мысленне. З другога боку, у абодвух слоўніках аднолькава даюцца, скажам, тры варыянты аднаго назоўніка: камфара, камфара, камфара; або: сутарга і сударга.

Значная колькасць новых слоў, якія не адлюстроўваліся ў ранейшых слоўніках і якімі папоўніўся новы СБМ-12, узяты, зразумела, не з картатэкі, а, як сказана ў «Прадмове», з «Граматычнага слоўніка дзеяслова» (2007), «Граматычнага слоўніка назоўніка» (2008), «Граматычнага слоўніка прыметніка, займенніка, лічэбніка, прыслоўя» (2009), «Слоўніка новых слоў беларускай мовы» (2009).

Шмат якія новыя словы, змешчаныя ў даведніку, належаць да спецыяльнай лексікі, г.зн. ужываюцца толькі ў пэўных галінах навукі, тэхнікі, мастацтва. Напрыклад, асноўнай часткай каля 30 слоў выступае інтэрнэт (інтэрнэт-адрас, інтэрнэт-партал, інтэрнэт-сайт і г.д.), больш як 180 слоў пачынаецца прыстаўкай анты- (антывірус, антыдопінг і інш.), больш за 200 слоў - часткай аўта (аўтабан, аўтадызайн і г.д.). Пераважная большасць гэтых і падобных слоў - вузкаспецыяльныя тэрміналагізмы. Няхай сабе і яны будуць у «Слоўніку беларускай мовы». Але шкада, што ў яго не трапілі сотні іншых слоў, якія ўзніклі ў апошнія дзесяцігоддзі, сталі агульнанароднымі, шырокаўжывальнымі і апісваліся ў асобных публікацыях некаторых мовазнаўцаў або нават у тым ці іншым слоўніку апошніх гадоў.

Так, у акадэмічным «Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы» (1996) ёсць словы спадар, спадарыня, спадарства. Пра гэтыя спрадвечнабеларускія словы Р.Барадулін казаў: «Яны абсалютна арганічныя! Сваёй даўніной, паважлівым гучаннем проста цешаць слых»! Па сутнасці, сёння слова спадар - адзіная форма ветлівасці і афіцыйнага звароту ці ўпамінання - пры прозвішчы, імені або званні асобы. Аднак названых трох слоў у СБМ-12 чамусьці няма.

А.Каўрус на старонках часопіса «Роднае слова» ў 1998-2005 гг. пад загалоўкам «Словы без прапіскі: пазаслоўнікавая лексіка беларускай мовы» апісаў каля 3000 слоў, якія «не трапілі ў вялікія акадэмічныя слоўнікі». Яны сабраныя аўтарам на працягу чатырох дзесяцігоддзяў з розных крыніц беларускай літаратурнай мовы. Публікацыя гэтых некадыфікаваных слоў, як пісаў аўтар, можа паспрыяць больш актыўнаму іх увядзенню ў навуковы ўжытак, у штодзённую моўную практыку. Кожнае апісанае слова праілюстравана некалькімі пашпартызаванымі ўжываннямі. Наўрад ці складальнікі СБМ-12 прымалі пад увагу гэтыя словы, бо ў даведніку няма, напрыклад, апісанага А.Каўрусам слова паўсталы ('які паўстаў, узнік, вырас, склаўся'), праілюстраванага шасцю прыкладамі, у тым ліку і з Я.Купалы.

Няма ў СБМ-12 і, скажам, такога шырокаўжывальнага сёння слова, як перадусім, сінанімічнага са словам найперш. У дадатак да ілюстрацый, прыведзеных А.Каўрусам, тут можна было б падаць яшчэ шэраг ужыванняў гэтага слова ў творах У.Дубоўкі, М.Танка, У.Калесніка, М.Мушынскага, Н.Гілевіча.

Прывядзем яшчэ толькі некалькі «слоў без прапіскі», якія так і не трапілі ў СБМ-12: дасканаліць (тое, што і ўдасканальваць), журбаваць ('журыцца, сумаваць'), замежнік ('іншаземец, іншакраінец'), паспаліты ('звычайны, просты'), пошар ('сухі корм жывёле'), смутлівы ('журботны, маркотны'), фазэнда ('дача, лецішча').

На сумежжы двух тысячагоддзяў і я таксама апублікаваў каля 200 новых слоў - у часопісах «Маладосць», «Роднае слова», у кніжках «У слоўнікавую скарбонку», «Чаму мы так гаворым». Абсалютная большасць гэтых слоў не трапіла ў СБМ-12.

Тады ў маёй картатэцы было 14 ужыванняў прыслоўя прылюдна, што значыць 'у прысутнасці людзей' - у творах Н.Гілевіча, Г.Далідовіча, І.Шамякіна, М.Воранава, Л.Галубовіча і інш. А, відаць, самае ранняе ўжыванне належыць В.Ластоўскаму, які ў 1913 г. пісаў: «... я прылюдна на ўвесь свет крычу...» Ёсць слова прылюдна і ва ўкраінскай мове. Як бачым, месца гэтага прыслоўя ў тлумачальных і іншых слоўніках беларускай літаратурнай мовы - неаспрэчнае. Павінен падавацца ў слоўніках і прыметнік прылюдны, утвораны на аснове прыслоўя. Амаль тое самае варта сказаць пра прыслоўе прынародна і прыметнік прынародны.

У СБМ-12 падаюцца толькі два словы, утвораныя ад назоўніка бомж: бамжаваць, бамжатнік. На самай справе іх значна больш: бамжыха, бомжык, бамжатня, бамжоўства, бамжоў (прыметнік), бамжацкі, бамжоўскі, бамжаваты, забамжаваць.

У паэме Я.Купалы «Курган» сустракаем слова пакрыёма: «Толькі модлы раслі небу ў сэрцах людзей і пракляцце расло пакрыёма». Паэт стварыў яго на аснове польскага спалучэння po kryjomu, якое абазначае 'ўпотай, непрыкметна для іншых'. Гэта слова апошнім часам стала актыўна ўжывацца ў літаратурнай мове і варта таго, каб трапіць у нарматыўныя слоўнікі. У адной публікацыі я прыводзіў 9 прыкладаў яго выкарыстання іншымі аўтарамі (Н.Гілевіч, С.Яновіч, У.Арлоў, П.Місько, К.Жук і інш.). Ёсць і прыметнік пакрыёмны.

Няма ў СБМ-12 і назоўніка перакінчык ('той, хто перакінуўся на бок праціўніка, стаў яго прыхільнікам ці хаўруснікам; здраднік'). Часам у друку лічаць гэта слова наватворам Я.Купалы, які выкарыстаў яго ў артыкуле «А ўсё ж такі мы жывём!» (1914). Але гэта не так. Яшчэ раней, у 1911 г., В.Ластоўскі пісаў: «Бадай толькі адны перакінчыкі-беларусы крыва глядзелі на беларушчыну». Неаднойчы ўжылі гэта слова Я.Лёсік, А.Гарун, ужываюць і некаторыя сучасныя аўтары. Несумненна, гэты назоўнік варты ўвагі лексікографаў, тым больш што ён не страціў сваёй актуальнасці. А паходзіць ён з украінскай мовы (перекинчик), дзе фіксуецца ў слоўніках як звычайнае нарматыўнае слова, праўда, з паметай «размоўнае».

У СБМ-12 даюцца словы накшталт і кшталтам. А між тым у друку апошніх дзесяцігоддзяў вельмі актывізавалася слова кшталту, якое выкарыстоўваецца ў трох розных значэннях. Па-першае, са значэннем прыназоўніка накшталт: «Цяперашні саюз пісьменнікаў - нешта кшалту арцелі з малымі правамі і абавязкамі» (Р.Барадулін). Па-другое, як назоўнік у форме роднага склону са значэннем 'тыпу, узору': «Арганізацыя такога кшталту так і не з'явілася» («ЛіМ»). Па-трэцяе, як назоўнік у сэнсе 'ўзроўню': «Паэзія тут самага высокага мастакоўскага кшталту» (А.Марціновіч).

Далей прывядзем толькі некалькі з сотняў нядаўна ўзніклых і сёння шырокаўжывальных слоў, якія па невядомых прычынах не падаюцца ў СБМ-12: аб'ягорыць, адрознасць, атрымоўвацца, атрымоўваць, вальтануты, вальтануцца, велікоднічаць, вертыкальшчык, вялікдзень, выказ, гамон, грабавыя, дземянцееўка (тое самае, што трасянка), дэмакратызатар, дэмбель, дэмбельскі, зацемка, землятрус, майно, манкурцтва, мент, мянтоўскі, накірунак, напрыканцы, нататнік, параза, прыпавесць, прыхватызаваць, савок ('чалавек, выхаваны ва ўмовах савецкага таталітарызму'), саўковы, саўковасць, сексот, сексоцкі, стукацтва, стукач, стукачка, суразмоўца, сярэднявечны, сярэднявечча, тамсама, тамтэйшы, узаеміны, хваласпеў, хваласпеўны, хмарачос, хрушчоўка, хунвэйбін, членавоз ('браніраваны легкавы аўтамабіль, якім карыстаюца найвышэйшыя кіраўнічыя асобы'), шараговы, шараговец.

Часам у СБМ-12 не знойдзеш не толькі якога-небудзь не так даўно ўзніклага слова, але і спрадвечнага. Так, няма слоў шэсцьдзясят, біблеізм. Няма назоўніка воран, хоць гэта слова - агульнаславянскае, ужываецца ва ўсіх славянскіх мовах, апісваецца ў «Гістарычным слоўніку беларускай мовы». Выкарыстанне гэтага слова ў беларускай літаратурнай мове можна пацвердзіць болей як 30 прыкладамі з твораў К.Крапівы, М.Танка, М.Лужаніна, У.Караткевіча, У.Паўлава, Г.Бураўкіна, Р.Барадуліна, А.Вялюгіна, Я.Сіпакова, Л.Геніюш, С.Гаўрусёва і інш. Ёсць гэта слова ў складзе прыказкі Воран ворану вока не выклюе (яе ў такой форме выкарысталі В.Дунін-Марцінкевіч, А.Якімовіч, В.Быкаў, У.Казбярук, С.Александровіч), у складзе фразеалагізма чорны воран (ёсць у творах В.Быкава, І.Новікава, В.Хомчанкі, І.Шамякіна і г.д.).

З другога боку, іншы раз у СБМ-12 змяшчаюцца словы, якіх насамрэч няма ў нашай мове. На с. 900 ёсць слова шутка, якое ў ТСБМ (т. 5, кн. 2, с. 414) растлумачана як 'тое, што і жарт' і праілюстравана прыкладамі з твораў Я.Коласа, М.Танка, Ц.Гартнага. Але, як паказаў А.Каўрус у кнізе «Да свайго слова» (2011, с. 286-288), у цытаце з Я.Коласа слова шуткі ўжыта ў значэнні 'авечкі', а ў арыгіналах цытат з М.Танка і Ц.Гартнага было не шутка, а штука. А.Каўрус піша: «Ніхто не застрахаваны ад памылак. Ды ўсё ж цяжка знайсці апраўданне такім сур'ёзным хібам, якія дапусцілі мовазнаўцы».

Яшчэ прыклад. У СБМ-12 (с. 129) памылкова даецца прыметнік бязлобы, перанесены з ТСБМ (т. 1, с. 439). Пра тое, што такога прыметніка няма ў нашай мове, як і ў іншых мовах, а ў адзінай ілюстрацыі, узятай з апавядання Я.Брыля «Галя», ён на сваім месцы і яго ўжыванне там матываванае, апраўданае, - гл. падрабязна ў маёй кнізе «Лінгвістычны аналіз тэксту» (2009, с. 68).

У СБМ-12 (с. 873) даецца слова хутчэй з паметай «прыслоўе». Такое ўжыванне слова хутчэй (як вышэйшай ступені да слова хутка) можна пацвердзіць прыкладамі: «Хацелася хутчэй падзяліцца з ёй навінамі» (П.Місько); «Дзе ты? Хутчэй адгукніся!» (М.Шабановіч). Але ж у нашай мове ёсць яшчэ адно хутчэй - мадальнае слова, якое ўжываецца толькі ў ролі пабочнага кампанента са значэннем 'найбольш верагодна': «Сітуацыя ўзята для ваенных часоў не выключная, а, хутчэй, будзённа-простая» (Д.Бугаёў). Паміж гэтымі словамі існуюць аманімічныя адносіны. Хутчэй і хутчэй - поўныя лексіка-граматычныя амонімы, г.зн. словы, якія адносяцца да розных часцін мовы і супадаюць ў адзіна мажлівай для іх форме. Хутчэй, як і іншыя пабочныя словы, можа быць у пачатку або ў сярэдзіне сказа і аддзяляецца ці выдзяляецца ў яго структуры пры дапамозе коскі: «Міфы прыемна ўражваюць, але наўрад ці наталяюць. Хутчэй, спустошваюць» (В.Быкаў); «Я выбірала, хутчэй, разважала, дзе жыць» (Н.Маеўская).

Існаванне ў мове гэтых двух амонімаў, несумненна, павінна адлюстроўвацца ў нарматыўных слоўніках.

На с. 849 у СБМ-12 чытаем: усярэдзіне прысл., прыназ. Аналагічныя звесткі знаходзім і ў некаторых іншых беларускіх слоўніках. Выходзіць, што, паводле слоўнікаў, трэба заўсёды пісаць усярэдзіне разам, як адно слова. Але неяк рука не падымаецца напісаць, напрыклад, «усярэдзіне лета», «усярэдзіне сказа», бо тут сярэдзіна выразна ўспрымаецца як назоўнік, гэтак жа, як, скажам, у аналагічных прыкладах: у пачатку лета, у канцы лета, у пачатку сказа, у канцы сказа.

Складальнікі СБМ-12 узаконьваюць напісанне ўсярэдзіне разам, а ў «Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (2008), якія распрацоўваліся супрацоўнікамі гэтага ж акадэмічнага Інстытута мовазнаўства, чытаем і здзіўляемся: у сярэдзіне слова (с. 20), у сярэдзіне запазычаных слоў (с. 21), у пачатку, у сярэдзіне і ў канцы сказа (с. 103), у сярэдзіне або ў канцы сказа (с. 104).

Няма прыназоўніка ўсярэдзіне. Ёсць назоўнік сярэдзіна і прыназоўнік у. ТСБМ падрабязнаму лексікаграфічнаму апісанню гэтага прыназоўніка адводзіць 6 старонак (т. 5, кн. 1, с. 586-591). З яго дапамогай перадаюцца 57 семантычных адносін і яшчэ вялікае мноства адценняў. Адно з яго граматычных значэнняў - гэта выражэнне прасторавых адносін. Ужываючыся з месным склонам, ён указвае на прастору або месца, у межах якіх хто-, што-небудзь знаходзіцца або што-небудзь адбываецца. Менавіта гэтыя семантычныя адносіны і бачым у спалучэнні ў сярэдзіне (лесу, хаты, пакоя, слова, сказа і г.д.).

У часопісе «Роднае слова» (2002, № 11) я апублікаваў артыкул «Усярэдзіне - прыслоўе і прыназоўнік?» Тут больш-менш падрабязна разгледжана гэта пытанне. Гаворыцца і пра тое, адкуль з'явілася ў слоўніках гэтае прыназоўнікавае значэнне. Хутчэй за ўсё, у выніку перакладу рускіх посреди, посредине, якія сапраўды выступаюць то як прыслоўе, то як прыназоўнік. «Руска-беларускі слоўнік» дае такія адпаведнікі згаданых слоў: прыслоўе пасярэдзіне і прыназоўнікі з родным склонам сярод (каго-чаго), пасярод (каго-чаго), пасярэдзіне (каго-чаго). А ў «Беларуска-рускім слоўніку» адпаведнікам рускіх посреди, посредине, внутри ўжо выступае ўсярэдзіне (як прыслоўе і як прыназоўнік з родным склонам). Пасля гэтае нібыта двухзначнае ўсярэдзіне перайшло і ў іншыя акадэмічныя слоўнікі.

Амаль усе мы прывыклі ставіцца з вялікай пашанай да філалагічных слоўнікаў як да нашых сяброў і надзейных памочнікаў. Але, як было паказана вышэй, часам можа надарыцца, што яны не заўсёды садзейнічаюць культуры маўлення.

Крыніца: Наша Слова, № 23 (1070), 06.06.2012



 
Слоўнік беларускай мовы   Слоўнік беларускай мовы
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2017