Кміціч Самуль (?-1692), стражнік Вялікага Княства Літоўскага, палкоўнік. Паходзіў з варшанскай шляхты. Быў сярод афіцэраў, якія ўзбунтаваліся супраць Януша Радзівіла і стварылі вайсковую канфедэрацыю ў Вербалове (1655 г.). Удзельнічаў у вайне са шведамі, дзе вызначыўся асаблівым гераізмам. Увосень 1658 г. прывёў вайсковае злучэнне (12 харугваў) на Віцебшчыну для падтрымкі сялянска-шляхецкага партызанскага руху. Удзельнічаў у бітве пад Палонкай (1660 г.) і пераследзе Хаванскага, у бітве пад Кушлікамі (1661 г.). На чале палка ў 1663 г. хадзіў на Смаленшчыну, у наступным - пад Рослаў і Бранск, а ў 1665 г. граміў Хаванскага пад Полацкам. Напрыканцы вайны стаяў з палком на поўначы Беларусі, блакуючы маскоўскую залогу ў Полацку. Пасля Андрусава стала жыў на Варшаншчыне. Меў маёнткі Невадніцу ў Гарадзенскім, Краснае Сяло ў Менскім, Сідрычын у Варшанскім паветах. Да канца веку браў самы актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны.
Крыніца: Генадзь Сагановіч. Невядомая вайна: 1654-1667. Менск, Навука і тэхніка, 1995.