Арыстоцель (Aristotelēs; 384-322 да н. э.), старажытнагрэчаскі філосаф, вучоны-энцыклапедыст, заснавальнік шэрагу навуковых дысцыплін. Вучань Платона, выхавацель Аляксандра Македонскага. У 335 да н. э. стварыў у Афінах школу (Лікей, адсюль назва навучальнай установы ліцэй). Заняткі Арыстоцель праводзіў, гуляючы па алеях саду, таму яго вучняў сталі называць «перыпатэтыкамі» (тыя, што прагульваюцца). У 323 быў абвінавачаны ў непавазе да рэлігіі і пакінуў Афіны. Арыстоцель сістэматызаваў і развіў практычна ўсе галіны тагачасных ведаў. Ім напісаны сотні кніг («Катэгорыя», «Аналітыкі», «Метафізіка», «Фізіка», «Гісторыя жывёл», «Пра душу», «Палітыка», «Паэтыка»). Арыстоцель лічыў, што людзі пачалі філасофстваваць, каб пазбавіцца ад няведання, і неабходна стварыць асаблівую навуку, якая б даследавала «пачаткі і прычыны». Пазней гэта навука была названа «метафізікай». Арыстоцель крытыкаваў вучэнне Платона пра ідэі як першакрыніцу рэальнага свету. У аснове быцця бачыў 4 пачаткі: форму, матэрыю, крыніцу руху і мэты. Паводле яго вучэння форма (актыўны пачатак) пераўтварае матэрыю (пасіўны пачатак) як магчымасць рэчы ў рэальны, канкрэтны прадмет. Першарухавіком свету і вышэйшай мэтай яго развіцця лічыў Бога. Гэта абумовіла аб'ектыўна-ідэалістычны характар яго філасофіі. Працэс пазнання ён разумеў як рух ад адчуванняў да агульных паняццяў, паколькі «ўсялякія навуковыя веды ёсць веды пра агульнае». У касмалогіі Арыстоцель стаяў на пазіцыях геацэнтрызму (Зямля - цэнтр). Прызнаваў мэтазгоднасць у жывой прыродзе, апісаў шматлікія віды жывёл. Разглядаючы ўзаемаадносіны індывіда і грамадства, прыйшоў да высновы, што чалавек «істота палітычная, ..., грамадская». Таму важную ролю адводзіў дзяржаве. Лепшай формай дзяржаўнага ладу лічыў такую ўладу, пры якой выключаліся б злоўжыванне ўладай, падаўленне свабод грамадзян, прычыненне шкоды дабрабыту і годнасці людзей. Але пры гэтым ён апраўдваў рабаўладальніцкі характар антычнага грамадства і лічыў, што рабства існуе «ад прыроды». У эстэтычных трактатах развіваў тэорыю мастацтва, якое набліжаецца да рэальнасці. Яго вучэнне моцна паўплывала на пазнейшае развіццё філасофскай думкі і амаль 2 тысячы гадоў існавала як плынь арыстоцелізму ў філасофіі і прыродазнаўстве. На ўсходнеславянскія землі ідэі Арыстоцеля пачалі пранікаць у часы Полацкага княства.

У Беларусі ў 14-15 ст. распаўсюджваліся зборнікі, што ўключалі ўрыўкі яго твораў. Цікавасць беларускай грамадскай думкі да ідэй Арыстоцеля ўзрасла ў эпоху Адраджэння. Глыбока ведаў і шанаваў яго Ф.Скарына, які пісаў пра неабходнасць злучэння «Саламонавай і Арыстоцелевай мудрасці». Ва ўмовах рэфармацыйнага руху прадстаўнікі прагрэсіўнай грамадскай думкі Беларусі асаблівае значэнне надавалі сацыяльна-палітычным і эстэтычным дактрынам Арыстоцеля (С.Будны, А.Зізаній, А.Волан і інш.). У 1568 Ян Ліцыній Намыслоўскі выдаў «Дапаможнік для авалодання вучэннем Арыстоцеля». Элементы філасофіі Арыстоцеля вывучаліся ў брацкіх школах. У 17-18 ст. у навучальных установах Беларусі вучэнне Арыстоцеля трактавалася ў духу рэлігійна-каталіцкай артадоксіі; у той жа час значна ўзрасла цікавасць да яго прыродазнаўчых канцэпцый. Эклектыкі імкнуліся злучыць ідэі Арыстоцеля з новай навукай. У канцы 18 ст. адбыўся канчатковы адыход навуковай думкі Беларусі ад схаластызаванага арыстоцелізму.

Паведаміць пра недакладнасьць