Бярдзяеў Мікалай Аляксандравіч (Бердяев; 1874-1948), расейскі філосаф і публіцыст. Вучыўся ў Кіеўскім універсітэце. За ўдзел у «Саюзе барацьбы за вызваленне рабочага класа» выключаны з універсітэта і сасланы ў Валагодскую губерню. Выступаў у зборніках «Вехі», «Праблемы ідэалізму» і інш. Пасля рэвалюцыі 1917 быў прафесарам філасофіі Маскоўскага ўніверсітэта, заснаваў Вольную акадэмію духоўнай культуры (1919). У 1922 высланы з Расеі, жыў у Берліне, Парыжы. Знаходзячыся пад уплывам філасофіі І.Канта, А.Шапенгаўэра, Ф.Ніцшэ, У.Салаўёва, В.Разанава, абараняў ідэі экзістэнцыялізму, прапагандаваў прымат свабоды над быццём і чалавека над светам, адстойваў абсалютную каштоўнасць любой асобы і любой культуры. Распрацаваў канцэпцыю т.зв. «новай рэлігійнай свядомасці», або хрысціянскага персаналізму, паводле якой кожны чалавек павінен вызваліць свой дух з палону ўяўнага быцця і «выйсці з рабства ў свабоду, з варожасці свету ў касмічную любоў». Яго сацыяльна-палітычныя погляды адлюстраваны ў працах «Сэнс гісторыі» (1923), «Новае сярэднявечча» (1924), «Аб рабстве і свабодзе чалавека» (1939), «Вытокі і сэнс расейскага камунізму» (1955) і інш. На яго думку, галоўным у гістарычным працэсе з'яўляецца далучэнне да тайнаў духоўнага жыцця, збавенне ад граху і выратаванне як індывідуальны творча-маральны акт (ахвяры, любові і да т.п.), ажыццяўленне персаналістычнай рэвалюцыі замест сацыяльнай. Бярдзяеў спачуваў «хрысціянскаму сацыялізму», паводле якога брацтва людзей магчыма толькі «ў Хрысце і праз Хрыста», а калектывізм - толькі ў «саборнай свядомасці царквы». Ён лічыў, што масавыя тыпы грамадства, аўтарытарныя рэжымы, у т.л. рэжым І.В.Сталіна ў СССР, нецярпімыя да свабоды асобнага чалавека. Асоба, як сцвярджаў Бярдзяеў, першасней за быццё і мае большую каштоўнасць, чым грамадства і дзяржава, таму яна павінна абараняць сваю духоўную свабоду і ад грамадства, і ад дзяржавы. Ён даказваў непрымальнасць сацыялістычнага шляху пераўтварэння грамадства, выступаў супраць абсалютызацыі дзяржаўнай велічы і сусветнага месіянізму Расеі, разам з тым выступаў як патрыёт, называў расейскую ідэю ідэяй брацтва людзей і народаў. Распрацаваную ім канцэпцыю «камюнатарнасці» (абшчыннасці) лічыў сутнасцю расейскай самабытнасці. Праблемам інтэлектуальнай гісторыі Расеі, расейскай філасофіі прысвечаны яго працы «Душа Расеі» (1915), «Лёс Расеі» (1918), «Светапогляд Дастаеўскага» (1923), «Расейская ідэя» (1946) і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць