Дэмакрыт (Dēmokritos; каля 460-370 да н. э.), старажытнагрэчаскі філосаф-матэрыяліст, адзін са стваральнікаў атамістыкі, вучоны-энцыклапедыст. Шмат вандраваў, вывучаў усе галіны ведаў. Са шматлікіх твораў па філасофіі, медыцыне, тэорыі музыкі і іншых (больш за 70) да нашых дзён дайшлі толькі асобныя фрагменты. Развіваючы ідэі свайго настаўніка Леўкіпа, лічыў, што аснову быцця складаюць непадзельныя, найдрабнейшыя матэрыяльныя часцінкі - «атамы», што рухаюцца ў пустаце. Іх сутыкненне прыводзіць да ўтварэння асобных прадметаў і цэлых светаў, колькасць якіх бесконцая. Чалавечая душа таксама складаецца з атамаў, якія пасля смерці рассейваюцца ў прасторы. Нават Багі маюць атамарную прыроду і пазбаўлены бессмяротнасці. Атамы недасягальныя адчуванню, разумець іх можна толькі думкай. Лічыў, што пачуццевыя вобразы свету недакладныя, бо ўводзяць людзей у зман. Чалавечая мудрасць праяўляецца не толькі ў правільным мысленні, але і ў маральна бездакорных учынках. Годнасць чалавечая вызначаецца не паходжаннем і багаццем, а набытымі ведамі, доблесцю, майстэрствам. Ён папярэджваў, што найгоршае, чаму можа навучыцца моладзь, - легкадумнасць. Бо яна параджае тыя задавальненні, з якіх нараджаюцца недахопы. Грамадзянскі доўг ён лічыў адной з найвышэйшых запаведзей разумнага чалавека. Дзяржава, якой добра кіруюць, - залог шчаслівага жыцця людзей, таму яе інтарэсы трэба ставіць вышэй за асабістыя. Палымяны прыхільнік дэмакратыі, Дэмакрыт быў перакананы ў неабходнасці строга прытрымлівацца законнасці, дбаць пра бездакорную сумленнасць кіраўнікоў, выхаванне грамадзянскіх пачуццяў у народа, бо ўсё гэта вядзе да росквіту грамадства. Яго вучэнне паўплывала на далейшае развіццё навуковай і філасофскай думкі.

Паведаміць пра недакладнасьць