Каменскі Ян Амос (Komenský; 1592-1670), чэшскі мысліцель-гуманіст, педагог, грамадскі дзеяч. Пасля вучобы ў Герборнскім і Гайдэльбергскім універсітэтах выкладаў у брацкіх школах на радзіме (1614-1620). Жорсткія рэлігійныя ганенні прымусілі яго весці вандроўніцкае жыццё. У 1628 ён назаўсёды пакінуў Чэхію і пасяліўся ў польскім горадзе Лешна, дзе актыўна займаўся педагагічнай і навуковай работай, быў рэктарам гімназіі. Яго творы набылі эўрапейскую вядомасць, і ён быў запрошаны ў Англію, Швецыю, Венгрыю. З 1656 Каменскі зноў, як выгнаннік, хаваўся ў Галандыі. Тут выдадзены збор яго педагагічных прац, што ўключаў «Матчыну школу», «Вялікую дыдактыку», «Пансафічную школу», «Свет, які бачым у малюнках» і інш. Краевугольным каменем педагагічный сістэмы Каменскага з'яўляецца ідэя «пансофіі» - усеагульнага і ўсёабдымнага навучання і выхавання дзяцей любых саслоўяў, нацыянальнасцей, рас. Ён быў упэўнены, што правілы і сродкі педагогікі неабходна заўсёды ўзгадняць з прыроднымі законамі жыццядзейнасці чалавека і клапатліва ўдасканальваць, па-мнажаць тое, што закладзена ў ім ад прыроды. Выкладаць трэба на роднай мове, спалучаць навучанне з карыснай працоўнай дзейнасцю. Асноўнымі прынцыпамі дыдактыкі як адзінай тэорыі навучання, адукацыі і выхавання ён лічыў нагляднасць, паслядоўнасць, неперарыўнасць і сістэмнасць. Прызначэнне школы бачыў у падрыхтоўцы актыўных, разняволеных, свабодных, смелых людзей. Пры гэтым галоўным сродкам выхавання лічыў перакананне, а не прымус. У творы «Адзіна неабходнае» адстойваў ідэю ўсеагульнага міру і мірнай садружнасці народаў, знішчэння войнаў і насілля на зямлі.