Кірыла Тураўскі (каля 1130 - каля 1182), старабеларускі пісьменнік, прапаведнік, царкоўны дзеяч. Паходзіў з сям'і заможных гараджан Турава. Атрымаў добрае хатняе выхаванне, пазней спасціг вышэйшыя навукі і мастацтва ад грэчаскіх настаўнікаў. Па-майстэрску валодаў народнай і стараславянскай мовамі, глыбока ведаў візантыйскую культуру, асабліва паэзію і красамоўства. Рана стаў паслушнікам аднаго з тураўскіх манастыроў. Ён быў першым вядомым у Кіеўскай Русі «стоўпнікам» (зачыніўшыся ў манастырскай вежы, поўнасцю аддаўся роздуму і малітвам). У затвор малады паслушнік перанёс багатую на той час бібліятэку і напісаў там свае першыя творы. Каля 1169 князь Юрый Яраславіч з тураўскімі старэйшынамі ўпрасілі Кірылу-манаха прыняць епіскапства. Стаўшы тураўскім епіскапам, ён асабліва праславіўся як прапаведнік, выдатны майстар т. зв. «ўрачыстага царкоўнага красамоўства». На думку даследчыкаў, з яго літаратурнай спадчыны да нас дайшло 8 слоў-казанняў, 2 прытчы пра душу і цела, або пра сляпога і кульгавага, 2 казанні пра манаскі чын і анёльскі вобраз, 2 пасланні да Васіля - ігумена Кіева-Пячэрскага манастыра, 2 каноны і каля 30 спавядальных малітваў, дзе з найбольшай глыбінёй выявілася асоба пісьменніка, яго духоўныя перажыванні. Апошнія творы ён напісаў, верагодна, ужо пасля таго, як зноў адышоў ад грамадска-царкоўнай дзейнасці і жыў у келлі пры царкве св. Міколы ў Тураве, засяродзіўшыся на малітвах і багаслоўскай творчасці.

Паэтычны дар Тураўскага найбольш праявіўся ў «словах». Звязаныя з біблейскімі сюжэтамі, пропаведдзю хрысціянскіх догмаў, яны адлюстроўвалі і натуральнае чалавечае захапленне хараством прыроды, духоўныя пошукі чалавека, цнатлівасць, маральную чысціню. Яго «словы» вызначаюцца багатай паэтычнай сімволікай, хараством і велічнасцю вобразаў, узнёсласцю і паэтыкай. Сучаснікі называлі яго залатавустам. Яго казанні былі ўключаны ў анталогіі лепшых узораў найбольш славутых грэчаскіх майстроў аратарскага красамоўства «Златоуст» і «Торжественник». Творы яго да 19 ст. перапісваліся, перавыдаваліся ў царкоўных зборніках. Праваслаўная царква прылічыла Кірылу Тураўскага да ліку святых Беларусі.

Паведаміць пра недакладнасьць