Колас Якуб (сапраўднае Міцкевіч Канстанцін; 1882-1956), класік беларускай літаратуры; заснавальнік (разам з Я.Купалам) новай беларускай літаратуры. Народны паэт Беларусі (1926). Акадэмік (1928), з 1929 - віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. Скончыўшы Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902), настаўнічаў. Як удзельнік нелегальнага з'езда настаўнікаў (1906) засуджаны і 3 гады адбываў пакаранне ў менскім астрозе (1908-1911). Удзельнік 1-й сусветнай вайны. Паэтычныя творы пачаў пісаць у 1898, друкаваўся з 1906. Першы зборнік паэзіі «Песні жальбы» выйшаў у 1910, зборнік прозы «Апавяданні» - у 1912. Асноўны змест твораў Я.Коласа - жыццё і побыт, сацыяльны і нацыянальны прыгнёт беларускага народа, яго барацьба за свае правы, за лепшую будучыню. Канцэпцыя народа ў творчасці Я.Коласа - гэта погляд на чалавека працы, як на стваральніка ўсіх матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, як на ахвяру несправядлівага ладу і як на магутную сілу гістарычнага прагрэсу. Яго творчасць адыграла вялікую грамадска-выхаваўчую ролю і ў гады рэакцыі, і ў гады рэвалюцый у пачатку 20 ст. Яна клікала да адзінства і згуртаванасці, сцвярджала непазбежнасць перамогі працоўнага народа над прыгнятальнікамі. Паэтычная лірыка Коласа стала адлюстраваннем тонкага адчування хараства роднага краю, пачуцця глыбокага патрыятызму і любові да Радзімы. У яго эпічнай паэме «Новая зямля» (1911-1923) з вялікай сілай мастацкага абагульнення праз тыповыя характары намалявана шырокая панарама народнага жыцця канца 19 ст., паказана духоўнае багацце і маральная прыгажосць чалавека-працаўніка. Гэта народная кніга пра гістарычны лёс сялянства, пра яго спрадвечную мару аб волі і шчасці. Рамантычная паэма Я.Коласа «Сымон-музыка» (1911-1925) - гэта роздум над шляхамі развіцця нацыянальнага мастацтва, над трагічным лёсам таленту з народа. У трылогіі «На ростанях» (1923-1954) глыбокі філасофскі роздум над прычынамі пасіўнасці і шляхамі эвалюцыі селяніна, пошук шляхоў і сродкаў абуджэння яго сацыяльна-палітычнай свядомасці. На багатым фоне грамадскага жыцця 1-й паловы 20 ст. ён грунтоўна аналізаваў злом векавых традыцый у выніку 1-й сусветнай вайны (п'еса «Вайна вайне»), рэвалюцый і грамадзянскай вайны (паэма «На шляхах волі», аповесць «Дрыгва»), сацыялістычнай перабудовы (аповесць «На прасторах жыцця»), драматызм пераходу вёскі да калектыўных формаў гаспадарання (аповесць «Адшчапенец»), жыццё працоўных Заходняй Беларусі пад уладай Польшчы (паэма «Рыбакова хата»). Пафасам патрыятызму прасякнута паэзія і публіцыстыка Я.Коласа перыяду Вялікай Айчыннай вайны, у т. л. паэмы «Суд у лесе», «Адплата». Пісаў для дзяцей і пра дзяцей, аўтар падручнікаў для школ, алегарычных апавяданняў «Казкі жыцця»; перакладаў творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча, Р.Тагора і інш. У пастаноўцы грамадскіх праблем, якія мелі вырашальнае значэнне для лёсу Радзімы і народа, выявілася сапраўдная народнасць усёй творчасці Коласа.

Паведаміць пра недакладнасьць