Мантэнь Мішэль дэ (Montaigne; 1533-1592), французскі філосаф, пісьменнік, гуманіст. Яго скептычны вальнадумны склад мыслення сфармавалі назіранні над нетрывалым і мітуслівым чалавечым жыццём, разважанні пра матывы і мэты паводзін людзей, абставіны і фатальныя выпадковасці зямнога быцця. У працы «Доследы» (1550-1588) ён стварыў своеасаблівы жанр філасофска-літаратурнай творчасці - эсэ, дзе ў вольнай, размоўнай форме даследаваў рэаліі чалавечага існавання, побыт, норавы, звычаі, погляды розных людзей у розныя часы. Праяўляючы цярпімасць да слабасцей і недахопаў чалавека, ён быў непрымірымым да духоўнай коснасці, пустой прэтэнцыёзнасці, дагматызму, фанатызму, насілля над асобай у любых праявах. Адхіляў псеўдамудрасць тых «вялікіх мужоў», якія ўяўлялі сябе знаўцамі чалавечай душы і сутнасці свету. Супраць іх і накіравана яго сцверджанне, што «чалавечы розум настолькі недастатковы і сляпы, што няма ні адной рэчы, якая была б яму дастаткова ясная». Ды і сам чалавек - «на дзіва мітуслівая, сапраўды непастаянная і вечна зменлівая істота». Калі б чалавек быў мудры, лічыў Мантэнь, «ён расцэньваў бы ўсякую рэч у залежнасці ад таго, наколькі яна карысная і патрэбная яму ў жыцці», а не прэтэндаваў бы на спасціжэнне абсалютных ісцін. Скептычную разважлівасць ён лічыў найлепшым правілам паводзін людзей, якія імкнуцца да спакою і шчасця. «Хто дастаткова ведае сябе, той не палічыць чужую справу сваёй, той адмаўляецца ад бескарысных заняткаў, марных думак і невырашальных задач».

Паведаміць пра недакладнасьць