Мендзялееў Дзмітрый Іванавіч (Менделеев; 1834-1907), расейскі вучоны-хімік, стваральнік перыядычнай сістэмы элементаў, педагог. Прафесар Пецярбургскага ўніверсітэта (1865-1890). Член-карэспандэнт Пецярбургскай АН (1876). Адзін з ініцыятараў стварэння Расейскага хімічнага таварыства (1868; цяпер Расейскае хімічнае таварыства імя Дз.І.Мендзялеева). Арганізатар і першы дырэктар (1893) Галоўнай палаты мер і вагі (цяпер НДІ метралогіі імя Дз.І.Мендзялеева). Вялікая заслуга Мендзялеева - адкрыццё (1869) перыядычнага закону хімічных элементаў, аднаго з асноўных законаў прыродазнаўства. Аўтар больш як 500 прац, у т.л. «Асновы хіміі» (ч. 1-2, 1869-1871), фундаментальных даследаванняў па хіміі, хімічнай тэхналогіі, фізіцы, метралогіі, паветраплаванні, метэаралогіі, сельскай гаспадарцы, эканоміцы, народнай асвеце і інш. Заклаў асновы тэорыі раствораў, прапанаваў прамысловы спосаб фракцыйнага раздзялення нафты, вынайшаў від бяздымнага пораху, прапагандаваў выкарыстанне мінеральных угнаенняў, арашэнне засушлівых зямель. Яго філасофскія погляды - гэта матэрыялізм, які спалучаўся са стыхійнай дыялектыкай.

Паведаміць пра недакладнасьць