Ніцшэ Фрыдрых (Nietzsche; 1844-1900), нямецкі філосаф, прадстаўнік ірацыяналізму і валюнтарызму, адзін з заснавальнікаў «філасофіі жыцця». Даследаванне вытокаў культуры (антычнасці) і яе этапаў (хрысціянства, Адраджэнне, новы час) у філасофіі Ніцшэ арганічна спалучалася з аналізам іх ірацыянальных аспектаў, распрацоўка якіх патрабавала перагляду ўсіх каштоўнасцей і крытыкі «эўрапейскага нігілізму». Паводле Ніцшэ, стварэнне сродкаў культуры, г. зн. мовы і логікі, вядзе да скажэння рэчаіснасці, а непасрэднасць жыцця падмяняецца «існым», тым, што ўстойлівае і паўтаральнае, што складае прадмет навукі. Узор сапраўднай культуры ён знаходзіць у Старажытнай Грэцыі, дзе суіснавалі 2 раўнапраўныя пачаткі: дыянісійскі (таптанізм, свабодная гульня жыццёвых праяў) і апалонаўскі (мернасць, аформленасць). На яго думку, эўрапейскае грамадства выбрала шлях апалонаўскага развіцця, афармлення жыцця розумам, выкінуўшы з яго дыянісійскі пачатак. У асобе Сакрата эўрапейская культура набыла непарушную веру ў тое, што мысленне, якім кіруе закон прычыннасці, можа пранікаць у самыя глыбокія бездані быцця і не толькі пазнаць яго, але і паправіць. Хрысціянства пайшло за эўрапейскай культурай. У рэчаіснасці ж хрысціянская рэлігія з яе аскетычнай мараллю, як спірытуалістычная філасофія, аддаляе чалавека ад сапраўднага існавання - ад «жыцця». У гэтай сувязі Ніцшэ рашуча адхіляў традыцыйнае паняцце Бога, якога ён уяўляў падобным на звышчалавека. Паводле Ніцшэ жыццё - гэта вечны рух, вечнае станаўленне і не мае атрыбутаў стабільнасці, таму яно пазбаўлена мэты і адзінства, не можа ацэньвацца з пункту гледжання дабра і зла, ісціны ці падману. Усе жыццёвыя працэсы - гэта толькі праявы ўсеагульнай волі да ўлады. Несправядлівасць, эксплуатацыя не адносяцца да адной якой-небудзь формы жыцця, а з'яўляюцца яго глыбіннай рысай, такой жа вечнай, як вечныя вяртанне і паўтаральнасць жыцця, узнаўленне жыццёвага вопыту. Фаталізму вечнага вяртання, на яго думку, супрацьстаіць ідэя звышчалавека, у якога выхаваннем могуць быць пераадолены многія пастаянныя рысы чалавечай прыроды. Зафіксаваўшы драматызм «пераходнай эпохі» на рубяжы 19-20 ст. і жадаючы новага Адраджэння, падобнага італьянскаму, Ніцшэ заклікаў прытрымлівацца яго «філасофіі жыцця», помніць пра тое, што трэба жыць і не дазваляць мінуламу так гнясці, каб ад гэтага пакутавалі інстынкт, асоба, мастацтва, мысленне. Ідэі Ніцшэ паўплывалі на «расейскі рэлігійны рэнесанс» канца 19 - пачатку 20 ст., на філасофію М.Хайдэгера, К.Ясперса, К.Лёвіта і іншых буйных аналітыкаў 20 ст.

Паведаміць пра недакладнасьць