Песталоці Іаган Генрых (Pestalozzi; 1746-1827), швейцарскі педагог, рэфарматар пачатковай адукацыі, які імкнуўся аб'яднаць навучанне з працоўным выхаваннем дзяцей. Рана ўключыўшыся ў грамадскае жыццё, ён выступаў супраць эксплуатацыі дзіцячай працы, за ўсеагульную роўнасць людзей. Вышэйшую адукацыю атрымаў у калегіуме Каралінум. Захапіўшыся педагагічнымі ідэямі выдатных мысліцеляў 18 ст. (Дж.Лока, Ж.Ж.Русо, І.Канта), ва ўласным маёнтку Нойгоф арганізаваў «Установу для бедных» (1774-1780). Тут ён наважыўся рэалізаваць ідэю аб усебаковым і гарманічным развіцці чалавека. У 1798 стварыў у г. Станцы прыют для сірот, а ў г. Бургдорфе - сярэднюю школу з інтэрнатам (1800). Яго тэорыя выхавання была заснавана на перакананні, што «чалавек можа наблізіцца да дасканаласці толькі шляхам гарманічнага развіцця ўсіх яго здольнасцей». Для ажыццяўлення гэтай мэты неабходна адшукаць такі метад і форму выхавання, «у якой развіццё чалавецтва вызначаецца сутнасцю самой прыроды», супадае з натуральным імкненнем дзіцяці да ўсебаковай дзейнасці. Гэтую форму ён бачыў у сістэме элементарнай асветы, якая б арганічна злучала разумовае, маральнае, фізічнае і працоўнае выхаванне. «Элементарная адукацыя ставіць перад сабой такую складаную задачу, як узвысіць сэрца, розум і руку чалавека ўсёй сукупнасцю і ўзгодненасцю сваіх сродкаў да самага ўзвышанага і высакароднага, на што здольна наша натура». Гэтыя і падобныя думкі ён выклаў у сваіх галоўных педагагічных творах: «Лінгард і Гертруда» (1781-1787), «Як Гертруда вучыць сваіх дзяцей» (1801), «Лебядзіная песня» (1826). Сваё вучэнне ён супрацьпастаўляў той ганарыстай «псеўданавуковай балбатні» афіцыйнай педагогікі, якая дэфармавала свядомасць дзяцей, пазбаўляючы іх магчымасці выявіць свае здольнасці. Сапраўдны дэмакрат, ён адмяжоўваўся ад такой «навукі»: «Я не жадаў і не жадаю вучыць свет ніякаму мастацтву і ніякай навуцы, я іх не ведаю; але я жадаў і жадаю паўсюдна палегчыць народу вывучэнне азоў усіх мастацтваў і навук, а закінутым усімі і асуджаным на здзічэнне здольнасцям бедных і слабых жадаю адкрыць подступы да мастацтва, якія з'яўляюцца подступамі да чалавечнасці».

Паведаміць пра недакладнасьць