Салаўёў Уладзімір Сяргеевіч (Соловьёв; 1853-1900), расейскі філосаф, публіцыст, паэт. Выкладаў у Маскоўскім і Пецярбургскім універсітэтах. Пасля выступлення ў 1881 у абарону нарадавольцаў і хадайніцтва пра адмену ім смяротнай кары, яму было забаронена чытаць публічныя лекцыі. Пакінуўшы ў 1882 універсітэт, ён прысвяціў сябе філасофскай і літаратурнай творчасці. У публіцыстычных творах прапаведаваў аб'яднанне «Захаду» і «Усходу» праз уз'яднанне царкоўных канфесій, займаўся перакладчыцкай дзейнасцю, вёў філасофскі аддзел у энцыклапедычным слоўніку Бракгаўза і Эфрона. Распрацоўваў арыгінальную філасофска-рэлігійную сістэму «усёадзінства», выкладзеную потым у працах «Чытанні пра Богачалавецтва», «Духоўныя асновы жыцця», «Апраўданне дабра» і інш. Зыходзячы з пазіцыі, што «маральны элемент... павінен быць пакладзены ў аснову тэарэтычнай філасофіі», Салаўёў звязваў філасофскую творчасць з пазітыўным вырашэннем жыццёвага пытання «быць ці не быць праўдзе на зямлі». Яго ідэя «ўсёадзінства» прадугледжвала пераадоленне эгаізму і варожасці, стварэнне на зямлі «царства Божага», дзе будуць вырашаны і сацыяльныя праблемы. Гэта дазволіла яму глыбока перажыць і зразумець маральную аснову будучыні чалавецтва: «Жыццё чалавека ўжо само па сабе.... ёсць міжвольны ўдзел у прагрэсіўным існаванні чалавецтва і цэлага свету». Патрэбна толькі, каб гэты міжвольны ўдзел «станавіўся ўсё больш свядомы і свабодны..., каб кожны разумеў і выконваў агульную справу як сваю ўласную».

Паведаміць пра недакладнасьць