Сімяон Полацкі (сапр. Пятроўскі-Сітніяновіч Самуіл; 1629-1680), беларускі і расейскі пісьменнік, філосаф-асветнік і педагог, тэолаг, царкоўны і грамадскі дзеяч. На пачатку 1640-х г. вучыўся ў Кіева-Магілянскай школе і атрымаў званне «дыдаскала» (настаўніка). Мяркуюць, што ў час вучобы ў Віленскай езуіцкай акадэміі ўступіў у вуніяцкі ордэн базыльян. Каля 1656 вярнуўся ў Полацак, прыняў праваслаўнае манаства і настаўнічаў у брацкай школе пры Богаяўленскім манастыры. Чалавек па натуры дзейсны, працавіты, ён выкарыстаў усе магчымасці для грамадскага і літаратурнага самавыяўлення. Акрамя роднай беларускай мовы ён добра ведаў лацінскую, польскую, царкоўнаславянскую, пісаў на гэтых мовах вершы, прамовы, навуковыя трактаты. Працуючы на карысць праваслаўнага брацтва, ён, аднак, прытрымліваўся пазіцыі талерантнасці, ухіляўся ад крытыкі каталіцызму і вуніяцтва, імкнуўся да ўзгаднення іх дагматычных разыходжанняў. У 1664 прыняў запрашэнне пераехаць у Маскву. Меркаваў, што часова, а сталася - назаўсёды. Тут ён стварыў лацінскую школу для падрыхтоўкі служачых у асабістую канцылярыю расейскага цара Аляксея Міхайлавіча. Пасля 1667 быў прызначаны выхавальнікам царскіх дзяцей, у т.л. будучага імператара Пятра I, займаўся педагагічнай, асветніцкай і выдавецкай дзейнасцю. Пры царскім двары ім была заснавана друкарня, дзе ён выдаў «Буквар мовы славенскай», «Псалтыр рыфматворны». Сімяон Полацкі шмат пісаў вершаў, п'ес, твораў прамоўніцкай прозы. Сярод іх зборнікі «Абед духоўны» (1675) і «Вячэра духоўная» (1676), «Рыфмалагіён» і інш. Яго зборнік вершаў «Вертаград мнагацветны» («Сад шматколерны») на той час служыў сапраўднай энцыклапедыяй ведаў па гісторыі, антычнай міфалогіі, тэалогіі, маралі і хрысціянскай сімволіцы. Ён з'яўляецца заснавальнікам у расейскай літаратуры паэтычнага і драматычнага жанраў.