Скаварада Рыгор Савіч (Сковорода; 1722-1794), украінскі асветнік-гуманіст, філосаф і паэт. Адукацыю атрымаў у Кіеўскай акадэміі. З-за праследаванняў свецкіх і духоўных улад з 1769 вандраваў па Ўкраіне і прапаведаваў свае філасофскія погляды. Вядомы сваімі асветніцка-этычнымі ідэямі, заснаванымі на ўслаўленні працоўнага народа, крытыцы сацыяльнай няроўнасці. Лічыў, што шчасце чалавека заключаецца ў працы, якая адпавядае яго прыродным схільнасцям. У педагагічных поглядах знайшлі адлюстраванне гуманізм, дэмакратызм, любоў да радзімы і народа. Ён перакладаў творы Гарацыя, Вергілія, Авідзія, Плутарха, Цыцэрона, новалацінскіх паэтаў. У паэтычных зборніках «Сад божых песень», «Байкі харкаўскія» (30 баек) асуджаў тагачасную сацыяльную сістэму, апяваў свабоду, прыгажосць роднай прыроды, сцвярджаў высокія маральныя пачаткі ў чалавеку. Лічыў, што чалавек і свет - гэта дзве бездані: «Ён у табе, а ты ў ім». Распрацоўваючы тэмы гуманістычнай псіхалогіі, аддаваў перавагу чалавечаму інтэлекту, яго магчымасцям удасканальваць індывідуальнае і грамадскае жыццё («Наркіс. Разглагол пра тое: пазнай сябе», да 1767; «Сімфонія, названая кніга Асхань, пра пазнанне самога сябе», 1767; «Размова пяці пра ісціннае шчасце ў жыцці», 1773-1774 і інш.).

Паведаміць пра недакладнасьць