Скарына Францыск (Францішак; 1490?-1551?), беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, вучоны, асветнік і культурны дзеяч, перакладчык, пісьменнік, мастак-графік эпохі Адраджэння. У 1504 паступіў у Кракаўскі ўніверсітэт, у 1506 атрымаў вучоную ступень бакалаўра філасофіі. У 1512 абараніў у Падуанскім універсітэце вучоную ступень доктара лекарскіх навук, меў таксама ступень доктара аrtium (вольных навук). Пры падтрымцы мецэнатаў (віленскага бургамістра Якуба Бабіча, радцаў Багдана Онкава і Юрыя Адверніка) выдаў у 1517-1519 у Празе 23 кнігі Бібліі на старабеларускай мове пад агульнаю назвай «Біблія руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцька, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Каля 1520 заснаваў друкарню ў Вільні. Адаптаваў, пракаментаваў і надрукаваў там «Малую падарожную кніжку» (каля 1522) і «Апостал» (1525). Служыў лекарам і сакратаром у віленскага біскупа. Выязджаў у Германію (сустракаўся з М.Лютэрам), магчыма, і ў Маскву, вёў з братам Іванам гандлёвыя справы ў Варшаве і Познані. У 1530 па запрашэнні герцага Альбрэхта ездзіў у Кёнігсберг па справах кнігадрукавання. З 1534 ці 1535 у Празе, працаваў каралеўскім батанікам. Там і памёр (у 1552 яго сын Сімяон прыязджаў сюды па бацькаву спадчыну).

Да кожнай кнігі Бібліі Скарына пісаў прадмовы, пасляслоўі, каментарыі - новыя ў беларускай літаратуры жанры, - у якіх ацэньваў пазнавальна-адукацыйныя і мастацкія вартасці біблейскіх твораў, выказваў свае грамадска-філасофскія, маральна-этычныя і эстэтычныя погляды. Лічыў Біблію тварэннем філасофіі, мудрацоў і летапісцаў, а не Божым звеставаннем, як патрабавалі артадаксальныя багасловы. Ён не адмаўляўся ад веры, але пацясняў яе, рэкамендуючы рэлігійныя кнігі для навучання і выхавання. «Біблія» Скарыны выйшла раней за нямецкі пераклад Лютэра. Сутнасць яго каментарыяў- у рэнесансавым сцвярджэнні, што змест Бібліі можна ўзгадняць з чалавечым разуменнем і вопытам, рацыянальна выкарыстоўваць. Яна павінна даваць спажыву мысленню мудраца і навучаць розуму і добрым норавам простага чалавека. Гэта пярэчыла традыцыі і практыцы царкоўнікаў сярэдневякоўя, якія глядзелі на выданні Скарыны як ерэтычныя. У Бібліі Скарына шукаў асновы гуманістычнага светаўяўлення. Свет для яго - гарманічная сістэма, якая дзейнічае па законах разумнай мэтазгоднасці, а грамадства - частка гэтай сістэмы, якая павінна кіравацца законамі сумлення. Справядлівы той закон, што «не к пожитку единого человека, но к посполитому доброму написанный». Прыклады бездакорных правіцеляў-заканадаўцаў ён знаходзіў у антычным свеце (Салон, Лікург, Нума Пампілій), для хрысціян ставіў за ўзор Майсея і Саламона. Мудрых правіцеляў супрацьпастаўляў тыранам, дэспатам, заваёўнікам. Скарына быў прыхільнікам прагрэсіўных зрухаў, звязаных з ростам гарадоў, пераходам іх на магдэбургскае права. Ідэалам чалавека лічыў грамадзяніна выхаванага і свядомага, які заўжды і без прымусу трымаецца закону, інтарэсы грамадскія ставіць вышэй за асабістыя. У прадмове да кнігі «Юдзіф» ён ухваляе патрыятызм як праяву універсальнага закону гарманічных суадносін чалавека і Радзімы. Служэнне грамадству прыраўноўваў да служэння Богу, а сваю перакладчыцкую, пісьменніцкую і выдавецкую дзейнасць трактаваў як духоўную ахвяру Радзіме. Неад'емнымі якасцямі дасканалага чалавека прызнаваў праўдалюбства, сумленнасць і цнатлівасць у грамадскім жыцці і асабістых учынках. Высока цаніў эстэтычныя вартасці псалмаў, прытчаў Саламона. У ліку першых біблейскіх кніг надрукаваў любоўную паэму «Песня песняў». Хараство лічыў праявай разумнай гармоніі жыцця, а мастацтва, у прыватнасці музыку, псалмаспеў, - сілаю, што можа звязаць чалавека з сутнасцю быцця, устанавіць гармонію ў душы, ачысціць яе ад страху, зайздрасці, жорсткасці. Несучы асвету ў свой край, Скарына ўлічваў яго канкрэтныя ўмовы. Ён заяўляў, што ў Бібліі ўсёй мудрасці «зачало и конец». Даў свабодны выклад кананічных біблейскіх тэкстаў, пераклаў вершамі 10 запаведзяў Майсеевых. Вершаваныя радкі сустракаюцца і ў іншых мясцінах яго прадмоў і перакладаў. Гэта дае падставу называць яго пачынальнікам беларускай пісьмовай паэзіі. Універсальна адукаваны чалавек, які валодаў многімі эўрапейскімі мовамі, Скарына любіў, цаніў і ўмеў карыстацца родным словам. Уводзячы грамадскую думку Беларусі ў агульнае рэчышча эўрапейскай думкі і культуры, ён падняў прэстыж свайго народа і Радзімы ў цывілізаваным свеце. Выданні Скарыны вылучаюцца высокімі мастацкімі якасцямі: майстэрствам набору, разнастайнасцю шрыфтоў, шырокім выкарыстаннем заставак, вялікіх рамачных ініцыялаў і высокамастацкіх тэматычных гравюр-ксілаграфій. Рэлігійная тэматыка некаторых ілюстрацый секулярызаваная (адлюстроўваюць архітэктуру эўрапейскіх гарадоў, працу дойлідаў і земляробаў, адзенне, вайсковы рыштунак сучаснікаў, жывёльны і раслінны свет). Манаграмы на паасобных гравюрах першадрукара, у т.л. на яго партрэце 1517, не расшыфраваны. Выданні Скарыны істотна паўплывалі на беларускае і ўсё ўсходнеславянскае кнігадрукаванне.

Паведаміць пра недакладнасьць