Сміт Адам (Smith; 1733-1790), шатландскі эканаміст. Эканамічныя погляды выклаў у сваёй галоўнай працы «Даследаванне аб прыродзе і прычынах багацця народаў» (1776), якая складаецца з 5 кніг. У ёй разгледжаны тэорыя кошту і размеркавання даходаў, капітал і яго накапленне, эканамічная гісторыя Заходняй Эўропы, крытыка меркантылізму і погляды на эканамічную палітыку, фінансы дзяржавы. Пры жыцці аўтара кніга вытрымала 5 ангельскіх і некалькі замежных выданняў і перакладаў. Асновай яго эканамічных поглядаў было ўяўленне, што законы эканомікі дзейнічаюць падобна законам прыроды і вызначаюць жыццё грамадства. У гэтым кантэксце ён найбольш усебакова выразіў ідэі эканамічнага лібералізму - прадастаўлення эканоміцы як мага большай свабоды. Сміт усебакова раскрыў унутраную сувязь многіх з'яў эканамічнага жыцця. Ён адхіліў погляд фізіякратаў аб выключным характары земляробчай працы як працы прадукцыйнай і развіў палажэнне, што кошт ствараецца працай незалежна ад галіны вытворчасці. Разам з тым ён лічыў, што змешчаная ў таварах праца з'яўляецца асновай іх менавога кошту толькі «ў раннім і прымітыўным стане грамадства». Але яго тэорыя ў тым выглядзе, як ён яе выкладаў, не магла растлумачыць двух найважнейшых фактаў рэальнасці: захаванне эквівалентнасці абмену пры куплі-продажы працы (рабочай сілы) і тэндэнцыю да ўсярэдненасці прыбытку, гэта значыць да прапарцыянальнасці прыбытку капіталу, які выкарыстоўваецца для вытворчасці дадзенага тавару. Сміту належыць канцэпцыя кошту, які вызначаецца пакупной працай, гэта значыць заработнай платай, а таксама ўяўленне, што кошт тавару, які ствараецца, складаецца з сумы атрыманай ад яго рэалізацыі трох асноўных даходаў - заработнай платы, прыбытку і зямельнай рэнты. Гэта канцэпцыя стала зыходнай для тэорыі фактараў вытворчасці. Вучэнне Сміта мела вялікі ўплыў на развіццё эканамічнай думкі. У канцы 18 - пачатку 19 ст. яно было вельмі пашырана ў Вялікабрытаніі, Францыі і іншых краінах. Бліжэйшым пераемнікам Сміта ў эканамічнай тэорыі быў Д.Рыкарда, які завяршыў стварэнне класічнай палітычнай эканоміі.

Паведаміць пра недакладнасьць