Фойербах Людвіг Андрэас (Феербах; Feuеrbach; 1804-1872), нямецкі філосаф-матэрыяліст і атэіст, адзін з прадстаўнікоў класічнай нямецкай філасофіі. У 1830 ананімна апублікаваў твор «Думкі пра смерць і бяссмерце», дзе паказаў негрунтоўнасць хрысціянскага догмату пра бессмяротнасць душы. Кніга была канфіскавана, ананімнасць раскрыта, і Феербах быў пазбаўлены права выкладання. Амаль 25 гадоў ён пражыў у в. Брукберг (Цюрынгія), дзе ім былі напісаны галоўныя працы: «Да крытыкі філасофіі Гегеля» (1839), «Сутнасць хрысціянства» (1841), «Асновы філасофіі будучыні» (1843), «Сутнасць рэлігіі» (1851). У апошнія гады жыцця захапіўся сацыяльна-эканамічнымі праблемамі і нават уступіў у сацыял-дэмакратычную партыю (1870). У цэнтры яго вучэння чалавек - «адзіны, універсальны і вышэйшы прадмет філасофіі». І адносіны да яго павінны быць не абстрактна-тэарэтычныя, сузіральныя, а дзейныя, творчапераўтваральныя, бо «сапраўдная філасофія не ў тым, каб ствараць кнігі, а каб ствараць людзей». Філосаф лічыў, што лёс чалавецтва залежыць ад яго самога. Крытыка рэлігіі прывяла яго да матэрыялістычнай філасофіі, што абапіраецца на жыццёвы вопыт людзей і непасрэдна вынікае з умоў чалавечага існавання. Сцвярджаў, што матэрыялізм такі ж стары, як і чалавецтва, што ён дазваляе правільна зразумець чалавека і паказаць яму шлях да шчасця.

Паведаміць пра недакладнасьць