Шаўчэнка Тарас Рыгоравіч (Шевченко; 1814-1861), украінскі паэт, мастак. У 1838 выкуплены з прыгоннай няволі. За ўдзел у тайным Кірыла-Мяфодзіеўскім таварыстве аддадзены ў салдаты (1847-1857). Аўтар зборнікаў вершаў «Кабзар» (1840), цыклаў «У каземаце» (1847), «Цары» (1848), паэм «Кацярына», «Тарасава ноч», «Марыя», аўтабіяграфічных аповесцяў «Музыкант», «Мастак» і інш. Паэзія Шаўчэнкі прасякнута любоўю да Радзімы, роздумам пра ўласны трагічны лёс і цяжкі лёс народа, пакуты сялян, насычана матывамі гераічнай гісторыі народа, ідэямі нацыянальна-вызваленчай барацьбы і славянскага братэрства, блізкасцю да народнай творчасці, пранікнёным лірызмам і прыгожым паэтычным складам. Ён вядомы і як выдатны майстар выяўленчага мастацтва: карціны «Кацярына», «Сялянская сям'я», партрэты, пейзажы, графіка (серыя «Жывапісная Ўкраіна», сатырычная серыя «Прытча пра блуднага сына»), цыкл твораў на тэмы з салдацкага жыцця («Казарма», «Казачка Каця») і інш. Яго творы перакладзены больш як на 100 моў, на вершы і паэмы напісаны вакальныя, сімфанічныя і оперныя творы, многія з іх інсцэніраваны і экранізаваны. Некаторыя яго вершы сталі народнымі песнямі («Думы мае, думы мае», «Раве ды стогне Днепр шырокі» і інш.). У 1961 устаноўлена Дзярж. прэмія Ўкраіны імя Т.Р.Шаўчэнкі.