Эйнштэйн Альберт (Einstein; 1879-1955), вучоны, стваральнік тэорыі адноснасці, адзін з заснавальнікаў сучаснай фізікі. Працаваў тэхнічным экспертам патэнтнага бюро ў Берне (Швейцарыя). За час працы ў бюро (1902-1909) стварыў спецыяльную тэорыю адноснасці, выканаў даследаванні па статыстычнай фізіцы, броўнаўскім руху, тэорыі выпраменьвання і інш. Вёў педагагічную і навуковую работу ў Цюрыхскім, Жэнеўскім, Пражскім, Берлінскім універсітэтах. За адкрыццё законаў фотаэфекту і працы ў галіне тэарэтычнай фізікі яму прысуджана Нобелеўская прэмія (1921), быў выбраны сябрам многіх акадэмій, у т.л. ганаровым сябрам АН СССР (1926). Да 1933 працаваў у Германіі. Пасля прыходу да ўлады нацыстаў адмовіўся ад германскага падданства, пакінуў краіну, эмігрыраваў у ЗША. Актыўна ўдзельнічаў у антываенным руху, выступаў супраць выкарыстання ядзернай зброі, заклікаў вучоных да адказнасці за лёс свету. Распрацаваўшы спецыяльную (1905) і агульную (1916) тэорыі адноснасці, вучоны заклаў асновы новай «некласічнай» карціны свету, якая арганічна звязала прастору і час з матэрыяй і яе рухам. Упэўнены ў поўнай заканамернасці ўсіх праяў прыроднай рэальнасці, ён лічыў, што мэтай усялякай мысліцельнай дзейнасці «служыць ператварэнне «цуду» ў нешта дасягальнае». Пры гэтым вялікае значэнне мае творчае ўяўленне вучонага: «У навуковым мысленні заўсёды прысутнічае элемент паэзіі. Сапраўдная навука і сапраўдная музыка патрабуюць аднолькавага мысленнага працэсу».

Паведаміць пра недакладнасьць