Эразм Ратэрдамскі (Erasmus Roterodamus; псеўданім Герхарда Герхардса; 1469-1536), нідэрландскі мысліцель-гуманіст, пісьменнік, вучоны-філолаг. Буйнейшы прадстаўнік Паўночнага Адраджэння. Адукацыю атрымаў у Парыжскім універсітэце, займаўся навуковай дзейнасцю ў Францыі, Італіі, Германіі, Швейцарыі, усталёўваючы ідэі гуманізму і вальнадумства. Яго літаратурная спадчына ўключае творы па філасофіі і багаслоўі, этычныя і педагагічныя трактаты, навучальныя дапаможнікі і анталогіі антычнай мудрасці, сатырычныя дыялогі і лірычныя вершы. Шмат энергіі Эразм Ратэрдамскі аддаў перакладчыцкай і выдавецкай дзейнасці, знаёмячы сучаснікаў з выдатнымі творамі мінулага. Сусветную славу яму прынесла маленькая кніжка «Пахвала Дурноце» (1509), у якой выкрываліся і высмейваліся бязглуздыя звычкі і заганы, бессэнсоўныя правілы, што панавалі сярод людзей. Ён быў перакананы, што чалавек павінен жыць пад знакам высокіх маральных ідэалаў, у гармоніі з розумам, прыродай і прыгажосцю, але пакуль што ў поглядах і ўчынках людзей верх бярэ дурнота. Яе прысутнасць выяўляецца ў паўсядзённых жыццёвых справах, у норавах грамадства і ў псеўдамудрасці філасофскіх павучанняў. Дурнота, праслаўляючы сябе, імкнецца пераканаць, што ў гэтым свеце найбольшую карысць прыносяць менавіта тыя справы, у якія не ўмешваюцца розум, здаровы сэнс, развага: чым дурней, тым лепш. «Што датычыцца ганьбы, якую, па агульным меркаванні, наклікаюць на чалавека такія справы, то для маіх дурняў, - гаварыў мысліцель, - яе быццам бы і не існуе: яны або зусім яе не ўсведамляюць, або калі ўсведамляюць, то лёгка з ёю мірацца. Вось калі на галаву ўпадзе камень - гэта сапраўдная бяда, а ганьба, знявага, зняслаўленне і дурная пагалоска прыносяць непрыемнасць у такой меры, у якой мы іх заўважаем. А калі не заўважаем - дык і няма ніякай бяды. Што табе да таго, калі ўсе вакол цябе свішчуць, а ты сам сабе пляскаеш у далоні? Але ўсё гэта становіцца магчымым толькі пры дапамозе Дурноты». Пахвала дурноце лепш за любыя натацыі выяўляе сапраўдную каштоўнасць і схільнасць чалавечай асобы, дазваляючы, як у люстэрку, убачыць у ёй уласныя слабасці і недасканаласць.

Паведаміць пра недакладнасьць