Ветраная воспа, эпідэмічнае востразаразнае захворванне дзяцей, якое выклікаецца альфа-герпесвірусам 3-га сератыпу (гл. альфа-герпесвірусы). Перадаецца кропельным шляхам. Характарызуецца гарачкай, інтаксікацыяй, паліморфнай везікулёзна-пустулёзнай высыпкай. Цяжка працякае ў немаўлят. У большасці перахварэўшых людзей развіваецца працяглы напружаны імунітэт. У часткі перахварэўшых ветраной воспай вірус доўга працягвае існаваць у чуллівых нервовых клетках і пры актыўнасці выклікае апяразальны герпес. Дыягназ устанаўліваюць выяўленнем уключэнняў у мазках-адбітках і спецыфічных антыгенаў у вадкасці везікул з дапамогай РІФ і ІФА, выдзяленнем віруса на культуры клетак, сералагічнымі рэакцыямі - РЗК, РН.

Паведаміць пра недакладнасьць