Размнажэнне вірусаў, працэс утварэння новай генерацыі вірусаў, падобнай на зыходную. Працякае многаварыянтна ў жывых метабалічна актыўных клетках жывёл, раслін, бактэрый, якія з'яўляюцца гаспадарамі гэтага віду віруса. У агульных рысах складаецца з: 1) прымацавання вірыёна да рэцэптараў мембран гаспадара; 2) пранікнення вірыёна або віруснага генома ў клетку-гаспадара; 3) вызвалення генома ад абалонак; 4) тармажэння актыўнасці генома гаспадара; 5) множнай рэплікацыі віруснага генома; 6) напрацоўкі пула структурных бялкоў вірыёнаў; 7) зборкі вірыёнаў; 8) выхаду даччыных вірыёнаў з клеткі-гаспадара. Пры вострай прадуктыўнай інфекцыі клетка-гаспадар гіне пры выхадзе вірыёнаў, пры хранічнай можа жыць і нават выконваць уласцівыя ёй функцыі больш ці менш працяглы час (у залежнасці ад множнасці інфекцыі) (гл. вірусныя інфекцыі, абартыўныя інфекцыі, інтэгральныя інфекцыі).

Паведаміць пра недакладнасьць