Адзінкавы. Які сустракаецца не групай, не ў мностве, а паасобнымі адзінкамі.
Пісьменнік умее ў адзінкавым бачыць вялікае і складанае. С.Майхровіч.
Адзінокі.
1. Адзін без іншых да сябе падобных; адасоблены.
З голых галін таполі тужліва паглядаў долу адзінокі лісток. М.Лобан.
2. Які не мае сям'і, сваякоў, блізкіх; бессямейны.
Адзінокія жанчыны, і тыя па пяць-дзесяць тысяч зарабілі, ужо не кажучы пра збожжа і бульбу. А.Шашкоў.
Адзіночны.
1. Адасоблены ад іншых да сябе падобных; асобны; выпадковы.
Пачулася некалькі аўтаматных чэргаў, некалькі адзіночных стрэлаў. М.Лынькоў.
2. Які выконваецца, ажыццяўляецца сіламі аднаго чалавека, звязаны з дзейнасцю аднаго чалавека.
З'явіліся адзіночныя паліцэйскія патрулі. А.Кучар.
3. Прызначаны для аднаго, разлічаны на аднаго.
Турэмная стража пад моцным канвоем павяла яго [Нявіднага] у адзіночную камеру. Я.Колас.
Адзіны.
1. Толькі адзін.
Дзве яго старэйшыя сёстры пайшлі ўжо замуж, а ён быў трэці і цяпер ужо адзіны ў бацькоў. К.Чорны.
2. Цэлы, непадзельны; з'яднаны.
Галоўныя героі і мноства сюжэтна нязначных персанажаў ствараюць уяўленне адзінага і адначасова вельмі шматаблічнага вобраза народа, які з'яўляецца героем «Векапомных дзён». П.Дзюбайла.
3. Аднолькавы, агульны для ўсіх.
Задача ў нас была адна, і лёс адзіны нас сасватаў. А.Астрэйка.