асабісты // асабовы // асаблівы

Асабісты. Які належыць пэўнай асобе, прызначаны для яе; звязаны з канкрэтнай асобай.
З лёсам краіны непарыўна звязваецца і асабісты лёс чалавека. М.Барсток.

Асабовы. Які выражае граматычную катэгорыю асобы.
Памылкі ў выкарыстанні асабовых займеннікаў дапускаюць не толькі пачынаючыя аўтары, але і вопытныя літаратары. М.Цікоцкі.
У выразах: асабовы склад, асабовы рахунак, асабовая справа.
Асабовы склад - склад асоб (рабочых, служачых) якой-н. установы, прадпрыемства, вайсковай часці і г.д.
З розных месц паведамлялі адно: увесь асабовы склад вучылішча пераведзены на караблі Балтыйскага флоту. Б.Стральцоў.
Асабовы рахунак - рахунак, адкрыты на пэўную асобу.
Зробяць і запішуць кошт работы на асабовы рахунак сябра арцелі. Беларусь.
Асабовая справа - папка з дакументамі якой-н. асобы, што працуе ў дадзенай установе.
Асабовая справа заўсёды захоўваецца ў аддзеле кадраў.
Няправільна. Ён ... адгарнуў тонкую сінюю вокладку папкі і зірнуў туды. Я зразумеў, што гэта мая асабістая (трэба: асабовая) справа ў яго на стале. А.Кулакоўскі.

Асаблівы.
1. Не падобны да іншых; не такі, як усе; адметны.
Меў асаблівы выгляд кожны, ды лёс аднолькавы затое. У.Дубоўка.
2. Больш значны, чым звычайны.
І, не чакаючы асаблівага запрашэння, Міколка важна ўсеўся ў крэсле, ля стала. М.Лынькоў.
Няправільна. Усе мы, хто асабліва (трэба: асабіста) ведаў Мікалая Мацвеевіча і каму давялося сустракацца з ім па службе, былі ў палоне яго асабістай абаяльнасці. Полымя.

Паведаміць пра недакладнасьць