аснова // выснова

Аснова.
1. Галоўная частка, якая служыць апорай для чаго-н.; каркас.
Хлопцы ... прынеслі з лесу дзве расохі і ўбілі іх у зямлю. Наверсе паклалі перакладзіну, і аснова шалашыка была гатова. А.Чарнышэвіч.
2. Грунт ці штучнае збудаванне, на якім трымаецца, знаходзіцца што-н.; падмурак.
Дваццатага чэрвеня мы ўжо змаглі прыступіць да падрыхтоўкі бетоннай асновы, а ў верасні распачалі ўкладку бетону. Полымя.
3. перан. Сутнасць чаго-н.; зыходны матэрыял для стварэння чаго-н.
Мы песні сваёй палажылі ў аснову і чыстую праўду, і чыстую мову. М.Лужанін.
4. Падоўжныя ніткі ў тканіне.
Дзяўчаткі, не чакаючы, пакуль пража будзе перавіта ў маткі, схапілі шпулькі і сталі бегаць з імі ўздоўж сцяны - рабіць аснову. Я.Пархута.
5. мн. Зыходныя, галоўныя палажэнні якой-н. навукі, тэорыі і пад.
Наша настаўніца хацела, каб малыя добра навучыліся чытаць і пісаць, авалодалі асновамі навук. І.Грамовіч.
6. У граматыцы: частка слова без канчатка.
Нязменная частка слова, якая застаецца, калі адкінуць канчатак, называецца асновай. Беларуская мова.

Выснова. Вывад, заключэнне.
Даўно ўжо стала неабвержанай ісцінай выснова, што народ, які не ведае сваёй мінуўшчыны, не варты і будучыні. М.Ермаловіч.

Паведаміць пра недакладнасьць