Асобны.
1. Які вылучаны з шэрага іншых, існуе асобна побач з іншымі.
Спачатку ў паветры, быццам шэрыя матылі, закружыліся асобныя сняжынкі. Г.Шчарбатаў.
|| Адасоблены ад іншых. Дывізія была разбіта, і байцы асобнымі групкамі прабіваліся на ўсход самі. І.Мележ.
2. Які з'яўляецца самастойнай тактычнай адзінкай, не ўваходзіць у склад больш буйнога вайсковага злучэння.
Асобны танкавы батальён. Асобная брыгада.
Асобы.
1. Адметны, не падобны да іншых; асаблівы, свой, толькі яму ўласцівы; індывідуальны.
У Куранях, мабыць, не было такой хаты, якая не мела б рыбалоўнай прылады. Прылады гэтыя былі асобыя. І.Мележ.
2. Які мае спецыяльныя функцыі, спецыяльнае прызначэнне.
Некалькі хлопцаў і Шэўка, выдатны начальнік асобага аддзела, забіты. Я.Брыль.