Астанкі. адз. няма. Цела нябожчыка; прах.
Радзіма - гэта і той курганок зямлі, дзе ляжаць астанкі бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Б.Сачанка.
Астаткі.
1. адз. астатак. Нявыкарыстаныя, незрасходаваныя часткі чаго-н., якія засталіся як лішак.
Тады мы падыходзілі да кухні са сваім посудам - хто з бляшанкай, хто з чыгунком ці махоткай, - і повар раздаваў астатак ежы. І.Чыгрынаў.
2. звычайна мн. Тое, што захавалася, уцалела (ад разбурэння, гібелі і г.д.).
Мільгаюць бярозы - астаткі даўнейшых прысад. Н.Гілевіч.
3. толькі мн. Адходы якога-н. вытворчага працэсу.
Сінонім: адкіды.
Хімічная прамысловасць выкарыстоўвае цяпер амаль усе астаткі нафтавай перапрацоўкі. Звязда.