Ахаладзець.
1. Стаць халодным, астыць, ахалодаць.
Халімон не звяртаў увагі на Патапчыка, а пакручваў прэнт датуль, пакуль ён не ахаладзеў, а тады зноў сунуў у горан. А.Чарнышэвіч.
2. перан. Страціць сілу пачуцця, свежасць успрымання; стаць абыякавым; астыць, ахалодаць.
Настрой створаны, глеба гатова, марудзіць нельга, трэба сеяць, каб не спазніцца, каб не ахаладзеў запал і рашучасць. М.Зарэцкі.
Ахаладзіць. каго-што.
1. Зрабіць халодным; астудзіць.
Не хапала толькі сіверу, каб зрэшты ахаладзіць вытаптаную траву. М.Чарот.
2. перан. Збавіць, зменшыць сілу, запал якога-н. пачуцця, жадання і г.д.
Размова з Паўлікам трохі ахаладзіла Андрушку. М.Лобан.
Ахалодаць. Тое, што і ахаладзець.
На дварэ ён трохі ахалодаў, выцер з ілба пот і замкнуў адрыну. А.Чарнышэвіч. Ахалодаў ён ужо ў Верамейках - крыўда прайшла. І.Чыгрынаў.